Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Першы раз у сваёй гісторыі наша газэта выходзіць зь белымі плямамі. Усе матэрыялы навагодняга выпуску сатырычна-гумарыстычнага разьдзелу "Stinger" былі своечасова падрыхтаваныя да друку, але ў працэс выпуску газэты раптам умяшалася ўлада.

Як паведаміў нам прадстаўнік друкарскага прадпрыемства "Мэджык", 28 сьнежня з раніцы функцыянэры Дзяржкамдруку выклікалі дырэктара прадпрыемства і зьвярнуліся да яго з прэтэнзіямі: нашто ён надрукаваў першы выпуск "Stinger" (папярэдні нумар з'явіўся на мінулым тыдні)? Цяжка сказаць, якія аргументы знайшлі прадстаўнікі ўлады, але зараз "Мэджык" наадрэз адмовіўся друкаваць НАШУ СВАБОДУ з крамольным разьдзелам. Такім чынам друкарня ўзяла на сябе функцыі цэнзуры.

Магчыма, выпрабоўваецца новы спосаб стварэньня перашкодаў для незалежных газэтаў напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў. Як вядома, друкарня "Мэджык" абслугоўвае шматлікія незалежныя выданьні, і такая адпрацаваная схема дае магчымасьць перакладваць адказнасьць з плячэй дзяржавы на плечы прыватнага прадпрыемства. З такой схемаю можна на выбар забараняць тую ці іншую старонку, той ці іншы матэрыял у той, ці іншай незалежнай газэце і не несьці за гэта адказнасьці, не займацца судовым разбіральніцтвам і г.д.

Між тым, забарона і перашкоды свабоднаму слову не прывядуць цяперашнюю ўладу да ладу і згоды. Незалежныя газэты засталіся адзінай крыніцай праўды аб становішчы ў краіне, а папулярнасьць крытычных і сатырычных артыкулаў, анекдотаў і малюнкаў сярод шырокіх колаў чытачоў сьведчыць аб крызісе ўлады. Можна ў сувязі з гэтым узгадаць, што анекдоты сталі першымі весьнікамі краху камуністычнай сістэмы. Менавіта такі ж фінал чакае і тую ўладу, якая замест выпраўленьня сваіх хібаў будзе ціснуць незалежную прэсу, ствараць перашкоды для сумленнага, прамога, свабоднага слова.

З Новым Годам, чытачы "Стынгера". Мы яшчэ сустрэнемся з вамі.

Рэдакцыя "Нашай Свабоды"