Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Зьявіўся першы амэрыкана-беларускі бровар: кампанія "Detroit Brewing" атрымала 76% акцыяў бабруйскага бровару "Дзеднава". Нягледзячы на ўдалую рэклямную кампанію ("піва "Дзеднава" — для багатага і беднага"), якая дапамагла падвысіць продаж бабруйскага піва на 40%, бровар ніяк ня мог сплаціць свае запазычанасьці (3,5 млрд. рублёў) ды працаваў толькі на пятую частку ад сваіх вытворчых магутнасьцяў.

Бабруйскі бровар быў заснаваны ў 1976 г. Сёлета яго перарабілі на акцыянэрнае таварыства. Амаль усе акцыі забрала сабе дзяржава ў асобе камітэту "Магілёўаблмаёмасьць". Працаўнікам бровару аддалі толькі 2%.

На сходзе акцыянэраў "Дзеднава" было вырашана адмовіцца ад кантрольнага пакету акцыяў на карысьць інвэстыцыяў. Інакш кажучы, дзяржава зразумела, што ня зможа ўтрымаць "Дзеднава" ад банкруцтва. Амэрыканцы ж абяцаюць укласьці ў бровар 12 млн. даляраў. Згодна з дамовай, яны павінны сплаціць усе ягоныя пазыкі, падвоіць колькасьць працоўных месцаў, а таксама выдаткоўваць штогод 3 млн. даляраў на акцызныя зборы. Толькі багатая амэрыканская кампанія змагла дазволіць сабе такую раскошу: іншыя прэтэндэнты на "руку" бабруйскага бровару жадалі мякчэйшых умоваў.

"Detroit Brewing" валодае ў Расеі пяцьцю заводамі "Бровары Івана Таранава" ды займае 2,5% расейскага піўнога рынку. Акрамя свайго старога гатунку "Дзеднава", бабруйскі бровар будзе вырабляць піва "Піт", "Доктар Дызэль" ды "Гэсэль" па аўстрыйскай ліцэнзіі, а таксама мінэральную ваду. Цікава, што ў "Detroit Brewing" зь "Дзеднавым" усё прайшло гладка, тады як у "Балтыкі", якая жадала набыць "Крыніцу", нічога ня выйшла, хоць розьніцы паміж кампаніямі няшмат: "Baltic Beverages Holding" ("Балтыка") нават для Расеі такая самая замежная кампанія, што і "Detroit Brewing". Праўда, на перамовы ў "Дзеднава" прыяжджалі не амэрыканцы, а эмісары "Бровараў Івана Таранава". Відаць, весьці справы ў "Дзеднава" будуць усё-такі расейцы, але за амэрыканскія грошы.

Карэнна расейскі піўны бізнэс можа прыйсьці ў Беларусь разам з маскоўскай кампаніяй "Ачакава". Яна жадае набыць Слуцкі бровар, які таксама стаіць на мяжы банкруцтва. Лукашэнка, ад якога залежыць кожны значны інвэстыцыйны праект, вось ужо паўтара году вагаецца. 23 верасьня ўрад пастанавіў, што ў хуткім часе ўсё замежнае піва, якое ўвозяць у Беларусь, мусіць займець акцызныя маркі, а значыцца, зробіцца больш дарагім (прыкладна на 30%). Расейскія бровары ў шоку — 40% усяго піва, што прадаецца ў нас, прывозяць менавіта з Расеі. Магчыма, гэта спроба прымусіць замежныя кампаніі любым коштам набываць у Беларусі бровары, бо экспарт піва ў Беларусь зробіцца нявыгадным.

"Наша ніва"
0058648