Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Міністар энэргетыкі Іраку Сахбан Файсал Махджуб (Sahaban Faisal Mahjoub), які знаходзіцца ў Менску з запрашэньня беларускага ўраду, заявіў, што Беларусь ужо рэалізуе з Іракам тры кантракты на суму 5 млн. даляраў у галіне электраэнэргетыкі. Міністар Іраку лічыць гэта толькі першым крокам і абяцае прэфэрэнцыі "сяброўскай у стасунку да Іраку Беларусі". Пра гэта Сахбан Файсал Махджуб заявіў на прэсавай канфэрэнцыі.

Міністар энэргетыкі паведаміў, што ў часе візыту ў Беларусь падпісаны Пратакол аб намерах зь Міністэрствам энэргетыкі Беларусі. Аднак сумы меркаваных кантрактаў не назваў. Ірак зацікаўлены ня толькі беларускай прадукцыяй, але й беларускімі адмыслоўцамі, якія павінны паехаць у Ірак для аднаўленьня сыстэмы электраэнэргіі Іраку й будаўніцтва электрастанцыяў.

Сахбан Файсал Махджуб паведаміў: "Рашэньне пра допуск інспэктараў ААН на энэргетычныя аб'екты Іраку ніяк не адаб'ецца на беларуска-ірацкім супрацоўніцтве ў галіне энэргетыкі". Міністар катэгарычна аспрэчыў цьверджаньні пра тое, што беларускія адмыслоўцы прыцягваюцца да будаўніцтва атамных электрастанцыяў і задзейнічаныя ў вытворчасьці прадуктаў падвойнага прызначэньня.

19 верасьня міністар энэргетыкі Іраку наведае некалькі беларускіх электрастанцыяў. Дзень таму ён правёў перамовы ў Міністэрстве энэргетыкі й канцэрне "Белэнерго". "Поўнамаштабнаму супрацоўніцтву Беларусі й Іраку перашкаджае Камітэт ААН па санкцыях, які блякуе супрацоўніцтва" - сказаў Сахбан Файсал Махджуб. - У Іраку ў распрацоўцы знаходзіцца 200 контрактаў у галіне электрыфікацыі з рознымі краінамі сьвету на суму 1 мільярд даляраў". Пры гэтым ірацкі міністар заўважыў: "Беларусь па-сяброўску ставіцца да Іраку, таму мы аддаём ёй перавагу ў супрацоўніцтве".

Выступаючы на прэсавай канфэрэнцыі 17 верасьня, Аляксандар Лукашэнка паведаміў, што Беларусь можа падпісаць з Іракам гатовых да рэалізацыі кантрактаў на суму прыблізна 300 млн. даляраў. Аднак Камітэт ААН блякуе рэалізацыю гэтых кантрактаў. Раней амбасадар Іраку ў Беларусі Дайф Абдулмажыд Ахмэд заявіў, што "Ірак гатовы падпісаць зь Беларусьсю кантракты на дзясяткі мільярдаў даляраў" пасьля зьняцьця санкцыяў ААН.

Выступаючы перад журналістамі ў ліпені сёлета, амбасадар паведаміў, што Ірак гатовы скарыстаць паслугі беларускіх спэцыялістаў у галіне распрацоўкі радовішчаў нафты ў Іраку. Багдад таксама зацікаўлены пастаўкамі беларускага нафтаперапрацоўчага абсталяваньня. Амбасадар не хавае, што зь Беларусьсю вядуцца перамовы пра будаўніцтва ў Іраку электрастанцыяў і водаачышчальных ды каналізацыйных сыстэм.

З 14 да 21 ліпеня ў Менску знаходзілася дэлегацыя Іраку на чале з віцэ-прэм'ерам Абдэль Тавабом Мулой. Ён заявіў журналістам пра намер супрацоўнічаць зь Беларусьсю ў галіне нафтахіміі. Вядома, што на перамовах абмяркоўваліся таксама праекты па стварэньні ў Іраку зборачнай вытворчасьці рухавікоў Мінскага маторнага заводу, беларускіх трактараў на заводзе ў г. Скандэрыі й мадэрнізацыі заводу шкляной тары ў г. Рамадзі. Віцэ-прэм'ер наведаў шэраг беларускіх прадпрыемстваў, якія вырабляюць прадукты двайнога прызначэньня - напрыклад, БелОМО.

Афіцыйны Менск бесьперапынна паўтарае, што ўсе кантакты адбываюцца выключна са згоды ААН і не парушаюць міжнародных санкцыяў супраць Багдаду. Разам з тым, у заходнім і недзяржаўным беларускім друку неаднаразова паведамлялася пра падрыхтоўку ірацкіх вайсковых спэцыялістаў у Менску, а таксама пра нелегальныя пастаўкі ў Ірак беларускай зброі.

Радыё Рацыя