Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Нагадаю, Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу ўжо ўхваліла новы закон "Аб свабодзе сумленьня й рэлігійных арганізацыях". Цяпер ён мусіць быць разгледжаны на сэсіі Савету Рэспублікі, якая пачынаецца 2 кастрычніка. Тым часам, як паведамілі ў прэсавай службе верхняй палаты, сюды паступаюць лісты як у падтрымку, так і супраць прыняцьця гэтага закону.

Сярод іх ліст Льва Панамарова й Глеба Якуніна, кіраўнікоў агульнарасейскага руху "За правы чалавека" й "Камітэту ў абарону свабоды сумленьня". Яны сьцьвярджаюць, што закон "істотна абмяжоўвае свабоду веравызнаньня вернікаў усіх канфэсіяў - адну з асноўных чалавечых свабод, ставіць пад ганебны дзяржаўны кантроль царкоўнае жыцьцё. Шмат якія нормы гэтага законапраекта паўтараюць найгоршыя параграфы таталітарнага заканадаўства".

На думку Панамарова й Якуніна, "новы закон пазбаўляе рэлігійныя меншасьці, у тым ліку праваслаўных, якія не належаць да Маскоўскай патрыярхіі, паўнавартаснага царкоўнага жыцьця". Закон фактычна ўводзіць дзяржаўную царкоўную цэнзуру, дае права рэгістрацыйнаму органу без суду прыпыняць на няпэўны тэрмін дзейнасьць рэлігійных арганізацыяў. На думку аўтараў ліста, "суровыя й зьневажальныя для вернікаў абмежаваньні можна лічыць прыкметаю ўстанаўленьня ў Беларусі элемэнтаў тэакратычнай краіны й сыстэмы рэлігійнай і канфэсійнай дыскрымінацыі".

Сваё стаўленьне да закону "Аб свабодзе сумленьня й рэлігійных арганізацыях" выказала рада Беларускага ПЭН-цэнтру. У адмысловай заяве сьцьвярджаецца, што новы закон "ігнаруе гістарычную шматканфэсійнасьць Беларусі й фактычна ўводзіць цэнзуру на выданьне рэлігійнай літаратуры, а таксама дзяржаўны кантроль за распаўсюдам рэлігійнай літаратуры, выдадзенай за мяжою". Рада Беларускага ПЭН-цэнтру заяўляе, што прыняцьце закону "стане часткаю наступу на правы чалавека ў краіне".

Радыё Рацыя