Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


На думку Селязьнёва, далейшая інтэграцыя павінна адбывацца паводле Дамовы аб Саюзе, аднак рухацца павінна ў бок Эўразьвязу. На практыцы гэта азначае, што Селязьнёў заняў звыклую для сябе пазыцыю - ні нашым ні вашым.

Зацяты прыхільнік інтэграцыі й "асабісты" сябар Аляксандра Лукашэнкі ў часе цяперашняга візыту ў Менск не рабіў рэзкіх заяваў. Зь цьмяных выказваньняў Селязьнёва стала зразумела, што ён не сьпяшаецца заняць бок аднаго з прэзыдэнтаў так званага Саюзу.

Селязьнёў прымаў удзел у паседжаньні Рады Парлямэнцкага сходу Саюзу Беларусі й Расеі. Там ён заявіў, што ў пытаньні далейшай інтэграцыі ягоная пазыцыя блізкая да беларускага боку. Пры гэтым Селязнёў дадаў значнае "але", якое можа трактавацца як заўгодна: "Саюз трэба будаваць, грунтуючыся на саюзнай дамове, але рухацца трэба ў бок Эўразьвязу".

"Жыцьцё нас падштурхоўвае да сынтэзу, да далейшага будаўніцтва Саюзнай дзяржавы ня проста на досьведзе й мадэлі Эўразьвязу, але з улікам усяго станоўчага, што было дасягнутае ў працэсе беларуска-расейскага аб'яднаньня, памятаючы пра тое, што ня так даўно мы жылі ў адзінай дзяржаве, былі й застаемся сёньня шмат у чым адзінай дзяржавай". Гэтую грувасткую фразу кожны з бакоў з поўным правам таксама можа патрактаваць на сваю карысьць.

Не дадалі аптымізму беларускаму боку й заўвагі Селязьнёва наконт фармаваньня беларускага бюджэту. Вядома, што летась Расея пералічыла ў саюзны бюдэт 100%, а Беларусь толькі 35%. Сьпікер Дзярждумы сказаў, што ня памятае гэтых лічбаў, аднак дадаў, што такі дысбалянс выклікае недавер да саюзнага бюджэту наступнага году.

Адзіным канкрэтным выказваньнем Селязьнёва стала заява пра эмісійны цэнтар паводле Селязьнёва, эмісійны цэнтар саюзнай дзяржавы павінен быць адзіны й знаходзіцца ў Маскве. "Гэта тэхнічнае пытаньне, якое вырашыцца ў працэсе перамоваў", - дыпляматычна заўважыў Селязьнёў.

"Цэнтрысцкую" пазыцыю Селязьнёва "ўпрыгожыла" й крытыка найвышэйшага кіраўніцтва Саюзу, прычым сьпікер крытыкаваў адразу абодвух прэзыдэнтаў: і Лукашэнку, і Пуціна. Ён заявіў: з-за таго, што лідэры ня могуць дамовіцца між сабой, парлямэнтары ня ведаюць, куды рухацца, і які саюз будаваць. Гэта найперш датычыць Канстытуцыйнага акта, які невядома ў якой танальнасьці трэба распрацоўваць. "Прэзыдэнты павінны адказаць на пытаньне з расейскай песьні "Ты скажи, ты скажи, чё те надо..?"

Радыё Рацыя