Главное
Минск
Эксклюзив
Деньги и власть
В мире
Кругозор
Происшествия
Финансы
Недвижимость
Спорт
Авто
Леди
42
Ваш дом
Афиша
Ребёнок.BY
Про бизнес.
TAM.BY
Новости компаний

Программы и проекты TUT.BY
  • Архив новостей
  • Архив новостей
    ПНВТСРЧТПТСБВС
    2627282930311
    2345678
    9101112131415
    16171819202122
    23242526272829
    303112345

Общество


У цэнтры ўвагі Саўміну - эканамічныя пытаньні. Абмеркаваньне праекту Канстытуцыйнага акту Саюзнай дзяржавы Расеі й Беларусі ў парадак дня ня ўключана. Пра палітычнае збліжэньне дзьвюх краінаў гаворка ўжо не вядзецца.

Яшчэ два тыдні таму кіраўнік беларускай часткі рабочай групы па распрацоўцы Канстытуцыйнага акту Саюзнай дзяржавы Леанід Козік у сваіх інтэрвію сродкам масавай інфармацыі бадзёра рапартаваў, што, нягледзячы на крытычныя выказваньні расейскага прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна, дбайная праца над Канстытуцыйным актам працягваецца, і падкрэсьліваў: разгляд пытаньня заплянаваны на чарговае паседжаньне саюзнага Саўміну. У канчатковым парадку дня, аднак, пытаньня аб Канстытуцыйным акце няма.

Асноўным пытаньнем, як паведамляе прэсавы сакратар прэм'ер-міністра Расеі Тацяна Разбаш, будзе фармаваньне адзінай эканамічнай прасторы. Саюзны Саўмін мае разгледзець хаду выкананьня міждзяржаўнага пагадненьня паміж Расеяй і Беларусьсю аб увядзеньні адзінай грашовай адзінкі й стварэньні адзінага эмісійнага цэнтру Саюзнай дзяржавы. Будуць разгледжаны пагадненьні паміж урадамі й цэнтральнымі банкамі дзьвюх краінаў па стварэньні ўмоваў для ўвядзеньня адзінай грашовай адзінкі.

Нагадаем, што на брыфінгу ў Доме ўраду расейскі прэм'ер Міхаіл Касьянаў яшчэ раз азначыў: у адпаведнасьці з плянамі стварэньня Саюзнай дзяржавы, адзіная валюта мусіць быць уведзеная ў 2005 годзе. Пры гэтым расейскі рубель "будзе адзіным законным грашовым сродкам" - закцэнтаваў увагу расейскі прэм'ер. Паводле спадара Касьянава, на паседжаньні Саўміну трэба разгледзець усе аргумэнты й прапановы дачынна паскарэньня працэсу ўвядзеньня адзінай валюты.

Усяго ў парадку дня паседжаньня Саюзнага Саўміну - 13 пытаньняў: справаздача аб выкананьні бюджэту Саюзнай дзяржавы за першае паўгодзьдзе; праект саюзнага бюджэту на 2003 год; каардынацыя пазыцый дзяржаваў па далучэньні да Ўсясьветнай гандлёвай арганізацыі; правядзеньне адзінай палітыкі Саюзнай дзяржавы ў галіне стандартызацыі й мэтралёгіі. Мяркуецца, што будзе заслухана справаздача аб рабоце Камітэту па бясьпецы Саюзнай дзяржавы й аб дзейнасьці арганізацыйна-прававых структур.

Для ўдзелу ў паседжаньні Савету Міністраў Саюзнай дзяржавы Беларусі й Расеі ў панядзелак у Маскву накіраваўся прэм'ер-міністар Беларусі Генадзь Навіцкі. Плянуецца, што перад пачаткам паседжаньня, якое пройдзе 17 верасьня ў Белым Доме, Генадзь Навіцкі правядзе перамовы са сваім расейскім калегам Міхаілам Касьянавым.

Усё гэта сьведчыць пра тое, што сапраўды пра палітычны саюз Беларусі й Расеі сур'ёзных размоваў ужо не вядзецца. І расейскія, і беларускія кіраўнікі, а ўсьлед за імі й палітыкі абедзьвюх краінаў спрабуюць яшчэ хоць дэкляратыўна захаваць ідэю стварэньня Саюзнай дзяржавы, робячы акцэнт толькі на эканамічных інтарэсах і супрацоўніцтве.

Нядаўна прызначаны амбасадар Расеі ў Менску Аляксандар Блахін на сустрэчы зь беларускім прэм'ерам Генадзем Навіцкім вызначыў асноўную прычыну тармажэньня інтэграцыйных працэсаў паміж Беларусьсю й Расеяй у эканамічнай сфэры. "Корань праблем, на мой погляд, ляжыць ня толькі ў палітычнай плоскасьці. Галоўныя нашы праблемы - у эканоміцы" - заявіў Аляксандар Блахін.

Радыё Рацыя