Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Амаль сынхронна ў Страсбургу генэральны сакратар Рады Эўропы Вальтэр Швімэр і дарадца Рады Эўропы ў справах Беларусі Вольфганг Бэрэнт выказалі сваю занепакоенасьць з ходу палітычных рэформаў і сытуацыі са СМІ ў нашай краіне. Праблемы свабоды слова ў Беларусі, крымінальны перасьлед беларускіх незалежных журналістаў абмяркоўваліся на штогадовай міжнароднай канфэрэнцыі АБСЭ па чалавечым вымярэньні ў Варшаве.

Генэральны сакратар Рады Эўропы Вальтэр Швімэр заклікаў Беларусь паскорыць правядзеньне палітычных рэформаў, неабходных для разгляду пытаньня аб аднаўленьні для Беларусі статусу спэцыяльна запрошанай. Як паведамляе прэсавая службы Рады Эўропы, такую заяву спадар Швімэр зрабіў у зьвязку з падпісаньнем Беларусьсю Канвэнцыі Рады Эўропы аб забароне допінгу.

"Беларусь вырашыла падтрымаць нашу няспынную барацьбу з выкарыстаньнем у спорце забароненых прэпаратаў і павінна цяпер рабіць далейшыя захады ў падтрымку асноўных палітычных каштоўнасьцяў Рады Эўропы: дэмакратыі, правоў чалавека й прынцыпаў вяршэнства закону". Як патлумачыў спадар Швімэр, "усе надзеі Беларусі вярнуцца ў эўрапейскую сям'ю народаў павінны быць зьвязаныя з рэальнымі крокамі ў кірунку дзейсных палітычных рэформаў, якія наблізяць краіну да ўступленьня ў Раду Эўропы".

А ў чацьвер па каналах эўрапейскіх СМІ распаўсюдзіў адмысловую заяву дарадца Рады Эўропы, дэпутат Бундэстагу Вольфганг Бэрэнт, у якой ён крытыкуе беларускае кіраўніцтва за няспынны перасьлед журналістаў недзяржаўных выданьняў.

З заявы спадара Бэрэнта вынікае, што апошнія падзеі ў Беларусі (маецца на ўвазе закрыцьцё некалькіх незалежных СМІ і крымінальны перасьлед журналістаў) пагражаюць нармалізацыі стасункаў паміж Радай Эўропы й Беларусьсю. На паседжаньні Палаты дэпутатаў Рады Эўропы бальшыня эўрапейскіх парлямэнтароў выказала меркаваньне, што цяперашняя сытуацыя зь беларускімі мэдыямі, натуральна, ня будзе спрыяць аднаўленьню для Беларусі статусу спэцыяльна запрошанай. У парадак дня бліжэйшай сэсіі Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы, якая адбудзецца пры канцы верасьня, уключанае й абмеркаваньне далейшых стасункаў гэтай уплывовай міжнароднай арганізацыі з нашай краінай.

Радыё Рацыя паведамляла ўжо, што ў чацьвер на міжнароднай канфэрэнцыі АБСЭ па чалавечым вымярэньні ў Варшаве адбыліся слуханьні пра сытуацыяй са свабодаю СМІ.

Радыё Рацыя
,