Уладзімер Ганчарык больш ня будзе кіраўніком беларускага прадстаўніцтва Ўсеагульнай канфэдэрацыі прафсаюзаў (УКП), - пра гэта ён паведаміў у інтэрвію Рацыі. У той жа час новае кіраўніцтва Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларускай мае намер зачыніць прадстаўніцтва УКП як "надуманую ды бязьдзейную структуру".
На гэтым тыдні ў Маскве прайшоў ІV зьезд Усеагульнай канфэдэрацыі прафсаюзаў. Гэтае аб'яднаньне прафарганізацыяў краін СНД ды Эўразійскай эканамічнай супольнасьці створанае, каб дапамагаць прафлідэрам розных дзяржаваў абменьвацца досьведам працы. Пра канфэдэрацыю ў Беларусі загаварылі гэтай зімою, калі паўстала пытаньне адстаўкі кіраўніка Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларускай Уладзімера Ганчарыка. Пакінуўшы крэсла кіраўніка ФПБ, ён стаў кіраўніком беларускага прадстаўніцтва УКП.
На згаданым зьезьдзе УКП прысутнічала й афіцыйная дэлегацыя беларускіх прафзьвязаў. Кіраўнік ФПБ Леанід Козік, падкрэсьліўшы неабходнасьць мацаваньня сяброўскіх сувязяў між прафзьвязамі УКП, зрабіў заяву, што лічыць мэтазгодным ліквідацыю прадстаўніцтва УКП ў Беларусі як "надуманнай і бязьдзейнай структуры", - падае прэсавая служба ФПБ. У прэс-рэлізе паведамляецца пра "некаторыя праблемы" УКП ды ФПБ, зьвязаныя зь нерухомасьцю. Гаворка вядзецца пра факты незаконнай перадачы прафсаюзнай уласнасьці ў карыстаньне ці ў валоданьне УКП. Гэтыя факты знайшла рэвізійная камісія ФПБ. Кіраўніцтву УКП прапанавана разгледзець пытаньне пра вяртаньне маёмасьці Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларускай.
У зьезьдзе УКП у Маскве браў удзел і кіраўнік беларускага прадстаўніцтва гэтай арганізацыі Ўладзімер Ганчарык. Ён паведаміў Рацыі, што, на ягоную думку, прадстаўніцтва й сапраўды можа закрыцца.
У.Г.: - Нажаль, я думаю, што прадстаўніцтва ня будзе, але гэтае прадстаўніцтва было не ў ФПБ, а ў Рэспубліцы Беларусь. Доўгі час я быў прадстаўніком на грамадзкіх пачатках, а апошнія паўгода - на афіцыйнай аснове, прадстаўніком у дзяржаўных установах і арганізацыях, а таксама ў прафсаюзах. Гэта ідзе гульня ў адныя вароты, з тым, каб пацьвердзіць тэзіс, што, маўляў, раздавалі маёмасьць, хаця ўсё рабілася законна, кіруючыся статутамі й ФПБ, і ЎКП.
RR: - Ці можна сказаць, што прадстаўніцтва ЎКП ў Беларусі бязьдзейнічала?
У.Г.: - Не, гэта глупства. У мяне да апошняга часу былі кантакты з прафсаюзамі Беларусі. Я рабіў усё магчымае, каб прафсаюзы Беларусі былі незалежнымі арганізацыямі. Але я павінен заявіць наступнае: я прыняў рашэньне пакінуць пасаду намесьніка старшыні арганізацыі. Пакуль што кіраўнік прадстаўніцтва, але гэта - часова. Я прыняў рашэньне перайсьці на іншую працу.
RR: - Зьвязаную з прафсаюзамі?
У.Г.: - Нейкім чынам так, але ня толькі.
Факты незаконнай перадачы прафсаюзнай маёмасьці Ўсеагульнай канфэдэрацыі прафсаюзаў - не адзінкавыя з тых, што выкрыла Рэвізійная камісія ФПБ. Па чутках, якія цыркулююць у ФПБ, значная частка справаздачы Рэвізійнай камісіі ды, магчыма, самога старшыні Фэдэрацыі Леаніда Козіка, будзе вытрыманая ў выкрывальніцкім, выразна антыкарупцыйным тоне.
Алесь Хмяльніцкі
Радыё Рацыя
Разделы
- TAM.BY — поиск компаний и услуг
- hoster.by — хостинг и регистрация доменов
- Rebenok.by — энциклопедия для родителей
- Ты можешь им помочь — благотворительность
- tutby.com — реклама на TUT.BY