Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Восень можа абазначаць і як заняпад і як пару пладанашэньня. Аднак, на шчасьце, заняпаду ў прывезеных відовішчах і імпрэзах ня бачна. Да нас прыехалі не паедзеныя мольлю экс-зоркі з Захаду або "два прытопы тры прыхлопы" з Расеі, а сапраўдныя артысты, як джазмэн Томаш Станько, зазналі сусьветны посьпех і прытым захавалі вытанчанасьць мастацтва. Карацей – ніякага заняпаду, прыходзьце страчаць польскую восень!

18 верасьня ў Берасьці на пл. Леніна а 20-й і 21 верасьня ў Менску на ўваходзе ў Парк Горкага а 20-й адбудзецца фэерычны спэктакаль-відовішча "Karmen Funebre" ў выкананьні Тэатру "Бюро падарожжаў". Людзі, якія ніколі ня бачылі вулічных тэатраў, зазнаюць гуманітарны шок – акторы ў яркіх апранахах, якія разьдзімае вецер, на высокіх хадулях, у суправаджэньні грому, полымя й музыкі. Вось толькі зьмест спэктаклю цяжка назваць вясёлым: ён мэтафарычнай мовай апавядае пра лёс людзей, якія ўцякаюць ад вайны й сьмерці. Ідэя спэктаклю ўзьнікла ў рэжысэра Паўла Шкотка з размоваў зь югаслаўскімі выгнанцамі. Спэктакаль "Karmen Funebre" аб’ехаў увесь сьвет. Уваход вольны, дакладна, яго зусім няма: спэктакаль вулічны – і кожны мінак можа стацца гледачом.

26 верасьня ў Менскім парк-клюбе ў парку Чалюскінцаў адбудзецца канцэрт удзелам культавых асобаў Польшчы й Беларусі – Яцка Клейфа ды Лявона Вольскага. Лявона прэзэнтаваць няма сэнсу, а пра Яцка трэба сказаць шмат. Ён зьвязаны з польскім вызваленчым рухам з 70 гадоў мінулага стагодзьдзя й стаўся ўжо легендаю. У душныя часы ПНР Клейф стварыў і ачоліў "Кабарэ маральнага неспакою". Пасьля 1989 г. Клейф зьмяніў паэтыку творчасьці ў бок "экалягічнай" і транс-музыкі. Бяруць удзел NRM, Pidzama Porno, T-Love, якія з 80-х гадоў зьбіраюць поўныя залі.

26 верасьня ў Беларускай акадэміі мастацтваў пройдзе прэм’ера фільма Робэрта Гліньскага "Прывітаньне, Тэрэска!", зьнятае ў модным стылі нэарэалізму, з непрафэсійнымі акторамі ў галоўных ролях. У цэнтры стужкі – поўнае трагізму жыцьцё 15-гадовай Тэрэскі, дзіцяці панэльнага мікрараёну. Тэрэска марыць стаць мадэльеркаю вопраткі, а пакуль спрабуе жыць так, як жыве ейны асяродак: танныя віно, цыгарэты, сэкс. У яе жыцьці зьяўляецца сябар – інвалід-калясачнік Эдвард, якога яна вымушаная забіць...

28 верасьня ў кінатэатры "Масква" Кшыштаф Занусі асабіста прэзэнтуе свой новы фільм "Дадатак" ("Suplement"). Гэта другая частка славутай карціны "Жыцьцё як сьмяротная хвароба, якая перадаецца полавым шляхам".

Астатнія, ня менш гарачыя імпрэзы, прыпадаюць на кастрычнік-лістапад. Гэта: аўтарская песьня Станіслава Клявэ, прэм’ера фільма "Quo vadis", арт-праект Лёніка Тарасэвіча, навуковая сэсія, прысьвечаная нашаму земляку - пісьменьніку й авантурысту Сяргею Пясецкаму, Польскі тэатар танцу "Познаньскі балет", і нарэшце джазавы канцэрт сусьветна вядомага Томаша Станько. Я пералічыла ня ўсё. Сачыце за нашым сайтам!

Сьвятлана Курс

Радыё Рацыя