Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


9 верасьня Аляксандар Лукашэнка падпісаў дэкрэт №23 "Аб некаторых пытаньнях зьбіраньня падаходнага падатку зь фізычных асобаў". Калі коратка выкласьці яго сутнасьць, то да платы за самое лячэньня дадаецца яшчэ й падатак з самога хворага. Прэзыдэнт лічыць, што, калі хворы мае грошы заплаціць на лячэньне, то знойдзе сродкі заплаціць яшчэ й падаходны падатак.

У афіцыйным камэнтары да Дэкрэта адзначаецца, што з выданьнем гэтага дакумэнта дзяржава пераходзіць ад агульнага наданьня ільготаў па падаходным падатку зь фізычных асобаў (па сумах, заплачаных мэдычным арганізацыям за стацыянарнае лячэньне) да іх адраснага накіраваньня грамадзянам, якія сапраўды маюць у гэтым патрэбу. Парадак ільготнага падаткаабкладаньня цяпер будзе рэгулявацца артыкулам 4 "Аб падатках і зборах, спаганяных у бюджэт Рэспублікі Беларусь".

З прыняцьцё Дэкрэта сумы, заплачаныя юрыдычнымі й фізычнымі асобамі мэдычным установам, а таксама сумы, пералічаныя на рахункі ў банках, якія знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі, за стацыянарнае лячэньне фізычных асобаў, абкладаюцца падаходным падаткам з фізычных асобаў. Сумы, выплачаныя фізычнай асобай цягам справаздачнага календарнага году мэдычным арганізацыям за стацыянарнае лячэньне сваё, бацькоў, дзяцей, мужа, жонкі не падлягаюць вылічэньню з прыбытку гэтай асобы, якая абкладаецца падаходным падаткам з фізычных асобаў.

Натуральна, не ад добрага жыцьця ды не ад добрага здароўя чалавек зьвяртаецца ў прыватныя клінікі ці ў дзяржаўныя мэдычныя ўстановы й сваімі кроўнымі грашыма плаціць за лячэньне. Не сакрэт, што гарантаванае 45-м артыкулам Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь "права на ахову здароўя, уключаючы бясплатнае лячэньне" стала, на жаль, дэкляратыўным. І кошт некаторых складаных апэрацыяў і курсаў лячэньня, да прыкладу, нават у дзяржаўным Інстытуце кардыялёгіі, дасягае астранамічных сумаў у некалькі тысячаў даляраў. І каб выратаваць блізкага чалавека, сваё дзіця людзі гатовыя ахвяраваць апошнім. Цяпер трэба ня толькі знайсьці сродкі на лячэньне, але яшчэ й заплаціць падатак дзяржаве, якая лепш ведае, як распарадзіцца гэтымі сродкамі.

Радыё Рацыя
0058045