Главное
Минск
Эксклюзив
Деньги и власть
В мире
Кругозор
Происшествия
Финансы
Недвижимость
Спорт
Авто
Леди
42
Ваш дом
Афиша
Ребёнок.BY
Про бизнес.
TAM.BY
Новости компаний

Программы и проекты TUT.BY

Общество


Сп. Івашкевіч не выключае, што ўжо заўтра суд абвесьціць свой вырок. Працэс абвешчаны закрытым: 11-га верасьня ў залю Першамайскага райсуду ня быў дапушчаны ніхто, акрамя падсуднага, пракурора, адваката й сьведкаў па справе. Судзьдзя В.Кобышаў матываваў такое рашэньне імкненьнем пазьбегчы "эксцэсаў", што мелі месца ў судзе Горадні ў часе слуханьняў па справе журналістаў "Пагоні". Сп. Івашкевіча вінавацяць у паклёпе й зьнявазе прэзыдэнта, інкрымінуючы парушэньне адразу трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса. Яму можа пагражаць да 5 гадоў пазбаўленьня волі.

А 10-й гадзіне раніцы 11-га верасьня каля суду Першамайскага раёну сабралася некалькі дзясяткаў журналістаў, праваабаронцаў, палітыкаў прадстаўнікоў замежных дыпляматычных місіяў. Заля нумар 13, куды запрасілі ўдзельнікаў працэсу й назіральнікаў, не змагла зьмясьціць усіх ахвотных. Па нейкім часе ў залю ўвайшоў судзьдзя У.Кобышаў і абвесьціў, што паседжаньне будзе закрытым.

У.К.: - Согласно постановлению суда, уголовное дело В.Ивашкевича будет слушаться на закрытом судебном заседании. Поэтому прошу всех, за исключением обвиняемого, защиты, прокурора, а также свидетелей, покинуть зал судебного заседания.

Рэпліка: - А на каком основании?

У.К.: - Я сказал: согласно постановлению.

Толькі пасьля таго, як залю пакінулі сам Віктар Івашкевіч і яго адвакат Тацяна Станкевіч, прысутныя пагадзіліся пайсьці за іх прыкладам. Абвінавачанага й адваката запрасілі ў іншую залю. Некалькі чалавек - у тым ліку журналіст Валеры Шчукін - паспрабавалі пайсьці за імі. Аднак дарогу ім заступілі невядомыя ў цывільным, якія адмовіліся паказаць дакумэнты. На лесьвіцы завязалася сутычка, у выніку якой Шчукіну парвалі вопратку. Толькі пасьля таго, як ахову парадку ўзялі "на сябе" міліцыянты ў форме, інцыдэнт быў вычарпаны. В.Шчукін, аднак, падаў скаргу ў суд і Першамайскі РУУС па факце ўжываньня супраць яго фізычнае сілы.

"Працэс пачаўся з парушэньня крымінальна-працэсуальнага кодэкса", - так пракамэнтаваў падзею прысутны ў судзе юрыст БАЖ Андрэй Бастунец.

А.Б.: - У 23-м артыкуле прыведзены вычарпальны пералік выпадкаў, калі дапушчальнае правядзеньне закрытых судовых паседжаньняў: абарона дзяржаўнай тайны, сакрэтаў; калі нейкія інтымныя падрабязнасьці жыцьця могуць "выплыць"… Той падставы, на якую спаслаўся суд - а менавіта - папярэджаньне парушэньняў у залі судовага паседжаньня, якія быццам бы мелі месца ў Горадні, - такога выпадку няма ў Крымінальна-працэсуальным кодэксе. Я ня ведаю, чаму суд прыняў такое рашэньне.

А.Бастунец дапускае, што рашэньне зрабіць працэс закрытым суд вырашыў па ўзгадненьні з супрацоўнікамі Мінюсту, якія таксама прысутнічалі ў залі.

Як распавёў Рацыі сам Віктар Івашкевіч пасьля сканчэньня паседжаньня 11-га верасьня, у сераду суд заслухаў сьведкаў і адхіліў хадайніцтвы абвінавачанага аб выкліку ў суд іншых сьведкаў і далучэньні дадатковых матэрыялаў да справы. На просьбу Рацыі падзяліцца ўражаньнямі ад паседжаньня 11-га верасьня В.Івашкевіч адказаў наступнае.

В.І.: - Настроеныя яны вельмі весела й добразычліва, але гэта ж абсалютна не ўплывае на вырок! Яны як бы давалі зразумець: маўляў, мы людзі як людзі, вы ж разумееце. Але службу сваю служым…

Тое, што з моманту завядзеньня крымінальнае справы да пачатку суду мінуў больш як год, В.Івашкевіч тлумачыць наступным чынам.

В.І.: - Я думаю, что весь этот год был какой-то торг Лукашенко с западными партнёрами на предмет признания легитимными президентских выборов. И журналисты тут были "заложниками". Выборы не признаны - значит, надо заложников начать "репрессировать".

Заўтра суд заслухае дыскусію бакоў і апошняе слова падсуднага. Галоўнымі аргумэнтамі абвінавачанага ў сваю абарону па-ранейшаму застаецца тое, што артыкул "Вор должен сидеть в тюрьме" быў перадрукаваны "Рабочым" зь іншых мэдыяў, а таксама - што наклад газэты з гэтым артыкулам быў цалкам сканфіскаваны й не дайшоў да чытача.

Вольга Бабак

Радыё Рацыя