Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Ягонае крэсла зойме намесьнік міністра сельскай гаспадаркі ды харчаваньня, кіраўнік дэпартамэнту па справах інвэстыцыяў і будаўніцтва Ўладзімер Самасюк. Напярэдадні нечарговага зьезду ФПБ яшчэ адзін прафзьвяз засьведчыў, што ён выступае за мацаваньне сувязяў між народам і ўладай.

Перад зыходам у адпачынак у жніўні да Аляксандра Ярашука прыяжджалі кіраўнікі амаль усіх абкамаў ягонага прафзьвязу з просьбай пакінуць крэсла старшыні арганізацыі. Ярашук, вядомы сваёй актыўнай пазыцыяй у шэрагах кіраўнікоў Фэдэрацыі, адмовіўся. Аднак фактычная адсутнасьць на працы лідэра не перашкодзіла ачольнікам рэгіянальных структураў склікаць 10 верасьня пленум прафзьвязу, на які вынесьлі пытаньне пра вызваленьне Ярашука ад пасады.

Зазначым, што Статут арганізацыі дае права на абраньне ды вызваленьне з пасады старшыні толькі зьезду. Разам з тым, Пленум мае права патлумачэньня Статуту, чым ён і скарыстаўся - галасаваньнем пастанавіў, што вызваляць з пасады можа ня толькі зьезд, але й сам Пленум. І вызваліў: з адным голасам супраць і чатырма - устрыманых.

На пасаду старшыні прафзьвязу працаўнікоў АПК прапанаваны "чалавек улады" - намесьнік міністра сельскай гаспадаркі ды харчаваньня, кіраўнік дэпартамэнту па справах інвэстыцыяў і будаўніцтва Ўладзімер Самасюк. Прычым, прапанаваны ўладай - відавочна, ня ведаючы аб прысутнасьці ў залі паседжаньня журналістаў, старшыня паседжаньня абмовіўся: маўляў, мы зьвярнуліся ў Міністэрства, каб там падказалі чалавека, здольнага наладзіць канструктыўны дыялёг прафзьвязу зь дзяржаўнымі органамі.

Перад ягоным абраньнем да дэлегатаў сходу зьвярнуўся прадстаўнік Міжнароднага зьвязу працаўнікоў харчовай і тытунёвай прамысловасьці, які падкрэсьліў, што ў беларускага прафзьвязу АПК ёсьць небясьпека стаць недэмакратычным прафзьвязам. На гэта старшыня сходу адказаў: маўляў, мы дзейнічаем адпаведна са Статутам нашай арганізацыі, зарэгістраваным Мінюстам, а ён - кіруецца парадамі міжнародных арганізацый, і калі яны разыходзяцца са Статутам, то такія парады непатрэбныя.

Між тым, памянёны Зьвяз зьвярнуўся да сваіх калегаў у розных краінах сьвету з заклікам накіраваць свае лісты беларускаму кіраўніцтву з патрабаваньнем спыненьня ўсіх формаў дзяржаўнага ўмяшаньня ў справы прафзьвязаў. "Ураду Беларусі павінна быць зразумела: нацыянальныя ды міжнародныя прафцэнтры адмовяцца ад любых формаў прызнаньня й кантактаў з тымі беларускімі прафсаюзнымі арганізацыямі, кіраўніцтва якіх абранае шляхам запалохваньня ды маніпуляцыяў з боку ураду" - гаворыцца ў заяве Міжнароднага зьвязу працаўнікоў харчовай і тытунёвай прамысловасьці.

Вызваленьне з пасады старшыні прафзьвязу Аляксандра Ярашука вітаюць ня ўсе нават у кіраўніцтве Фэдэрацыі. Вось як намесьнік старшыні ФПБ Яўген Бурак адказаў на пытаньне Рацыі, што страціць Фэдэрацыя з зыходам Аляксандра Ярашука.

Я.Б.: - Фэдэрацыя страціць генэратар. Ён меў разважлівыя меркаваньні, хоць яго папракаюць за нягнуткасьць. У яго вопыт даволі значны. У Ярашука ёсьць характар, а для прафсаюзнага лідэра гэта - безумоўна, важная справа. Больш за тое, Ярашук гатовы сысьці. Ён гатовы на самаахвяраваньне. Чалавек, які мог сказаць тое, што сёньня патрэбна нашаму грамадзтву.

Сам А.Ярашук не разглядае падзею 10 верасьня як трагедыю. Ён ведаў пра такі варыянт і рыхтаваўся да яго. Праўда, зазначае, што пакуль варыянтаў працаўладкаваньня ў яго няма.

А.Я.: - Я не хачу вінаваціць людзей, якія прымалі такое рашэньне. Напэўна, я значна апярэдзіў час, палітычныя ды эканамічныя працэсы, якія праходзяць у краіне. Напэўна, у людзей не хапіла якасьцяў, каб і надалей вытрымліваць тыя прапановы, якія я рабіў па рэфармаваньні прафсаюзу. Але я не лічу, што тут можна весьці гаворку пра вынік адмоўны: усё тое, што я разумнае, добрае, вечнае пасеяў, абавязкова знойдзе сваю глебу ды дасьць свой плён. Я не хачу віншаваць канкрэтных аўтараў такога сцэнару. Я ведаю, хто яго распрацоўваў у Адміністрацыі прэзыдэнта. Я не хачу віншаваць спадара Козіка з гэтай перамогай. З майго пункту погляду, гэта - пірава перамога.

А.Ярашук падкрэсьлівае, што ў прафзьвязы больш ня вернецца, будзе займацца палітыкай. Нагадаем: зь ягонай ініцыятывы ідзе праца па стварэньні грамадзкай камісіі па шырокім абмеркаваньні варыянтаў інтэграцыі з Расеяй.

Радыё Рацыя
,