Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


8-ы менскі тэлеканал, над якім вось ужо каля тыдня вісіць рэальная пагроза адключэньня ад эфіру, зьвярнуўся зь лістом да Аляксандра Лукашэнкі. Кіраўніцтва каналу спадзяецца, што "гарант Канстытуцыі" зразумее "алягізм сытуацыі", у якой "няма ніякай палітычнай ці ідэялягічнай базы, а ёсьць толькі прыватныя інтарэсы асобных людзей, якія ніяк не супадаюць зь інтарэсамі дзяржавы, Менску й тэлегледачоў". (Гэта была цытата з адмысловага прэсавага рэлізу, прынятага Закрытым Акцыянэрным Таварыствам "8-ы канал" 25-га сьнежня.) Тым ня менш, пакуль уся інфармацыя гаворыць за тое, што 29-га частата "8-га" усё ж такі апусьцее. Але ж ненадоўга.

Пра сваё блізкае адключэньне ад эфіру супрацоўнікі "8-га каналу" даведаліся толькі 21-га сьнежня, пасьля візыту адказных асобаў з прадпрыемства пад назваю "Менскія тэлевізійныя ды інфармацыйныя сеткі", якія абвесьцілі пра рыхтаваны "навагодні падарунак". Зразумела, што ініцыятыва зыходзіла не ад іх. Аднак, высьветліць, дзе й кім прымалася гэткае рашэньне, аказался надзвычай складана.

У Міністэрстве сувязі РБ, куды найперш зьвярнуліся супрацоўнікі "8-га каналу", іх накіравалі ў Рэспубліканскі Радыётэлевізійны перадавальны цэнтар, які прызнаў, што сапраўды рэкамэндаваў Мінсувязі не падаўжаць дамову з "8-м каналам" з прычыны, нібыта, нерэгулярнае аплаты за перадатчык. Аднак рэч у тым, што ніякіх запазычанасьцяў у "8-га каналу" няма, - і гэта пацьвярджаецца афіцыйнымі дакумэнтамі. Такім чынам, падаецца відавочным, што сапраўдныя прычыны закрыцьця "8-га каналу" варта шукаць ня тут.

Тым больш, што канал закрываюць не запроста так, але на карысьць іншага - "СТВ" - Сталічнага тэлебачаньня, якое плянуецца запусьціць на частаце "8-га" з новага году. (Як паведамляла ўжо РР, "СТВ" - тэлеканал Менгарвыканкаму, які дагэтуль атрымліваў эфірны час ад БТ, і пра наданьне якому ўласнае частаты марыў яшчэ колішні мэр Менску Ярмошын.). Раней кіраўніцтва каналу заяўляла, што будзе арганізоўваць уласны кабельны канал вяшчаньня. Аднак пляны, відавочна, рэзка зьмяніліся, бо ўсе спробы "8-га каналу" атрымаць у "СТВ" якія-кольвек тлумачэньні плёну не прынесьлі.

Гутару з кіраўніком інфармацыйнае службы "8-га каналу" Ігарам Купрышчанкам.

І.К.: - Нейкіх рэальных, аб'ектыўных прычынаў я ня бачу: ні эканамічных, ні палітычных, ні ідэялягічных. Верагодней за ўсё, гэта чыста камэрцыйныя амбіцыі некаторых асобных "таварышаў". Я не хацеў бы называць прозьвішчы зараз.

"Вельмі зручна, выкарыстоўваючы звычку гледачоў, створаную сетку й 4-гадовую працу іншых, узяць і запусьціць у эфір што-небудзь", - гаворыцца ў прэс-рэлізе, прынятым кіраўніцтвам "8-га каналу" 25 сьнежня. Аднак, ці будзе такая замена раўназначнаю ў вачох гледача?

І.К.: - Па маіх зьвестках, гэта будзе рэтрансьляцыя аднаго з расейскіх спадарожнікаў, разбаўленая інфармацыйнымі праграмамі СТВ.

Для параўнаньня: сёньня Закрытае Акцыянэрнае Таварыства "Сталічнае тэлебачаньне" робіць усяго толькі чатыры 15-хвілінныя інфармацыйныя выпускі за тыдзень. У той час як "8-ы канал" выпускаў да 4 гадзінаў арыгінальных праграмаў штодзённа.

Міжволі напрошваецца паралеля гэтае сытуацыі з падзеямі, што разгортваліся вакол таго ж "8-га каналу" ў 95-м годзе й беларускамоўнага менскага "Радыё-101, 2" - у 96-м. Тое ж папярэджаньне за некалькі дзён да адключэньня. Тыя ж "за вушы прыцягнутыя" прычыны закрыцьця ("Радыё 101,2", да прыкладу, даводзілі, што яно перашкаджае нейкай урадавай радыётэлефоннай лініі сувязі). Урэшце, тыя ж лёсавызначальныя палітычныя падзеі наперадзе. Гаворыць прэзыдэнт Беларускай Асацыяцыі Журналістаў Жана Літвіна.

Ж.Л.: - Ёсьць такая ўласьцівая нашай уладзе якасьць: уменьне адсочваць усё жывое й нетрадыцыйнае, што зьяўляецца ў нашай электроннай прасторы. І ёсьць яшчэ адная такая зайздросная пасьлядоўнасьць улады - спрабаваць яго зьнішчыць якраз напярэдадні нейкіх значных грамадзка-палітычных падзеяў. Так адбывалася перад першым рэфэрэндумам 1995 году, калі літаральна за месяц да рэфэрэндуму па "тэхнічных прычынах" быў адключаны "8 канал". Я зь вялікім спачуваньенм стаўлюся да гэтага калектыву, таму што ў яго за плячыма - сапраўды ўжо даволі значная гісторыя змаганьня за сваё права быць у эфіры, за сваё права даваць людзям інфармацыю. Ізноў яны зьявіліся пасьля ўжо рэфэрэндуму, але зноў перажывалі ліхаманкавы стан да тае пары, пакуль туды не прыйшоў у якасьці аднаго з кіраўнікоў вядомы Азаронак. Вось тады ўлады супакоіліся, і тады некалькі гадоў у рэдакцыйнага калектыву "8-га каналу" быў час займацца творчасьцю. Зараз, відаць, наноў: набліжэньне прэзыдэнцкае кампаніі выклікала чарговыя захады, накіраваныя на спыненьне дзейнасьці "8-га каналу". Мне хочаца пажадаць сваім калегам, асабліва ў гэтыя пераднавагоднія дні, стойкасьці, вернасьці сваё прафэсіі - і ўсё роўна веры ў тое, што праўда пераможа.

Зараз "8-ы канал" усімі магчымымі спосабамі спрабуе давесьці да грамадзкасьці й да ўплывовых асобаў сваё ды глядацкае абурэньне. З вулічных апытаньняў вынікае, што ў "8-га" й сапраўды ёсьць свая публіка, усьцешаная тым, што ўрэшце адшукала мірны тэлеканал "без крыміналу й палітыкі".

Хто ведае, ці захаваюць гэтую "мірнасьць" пасьля закрыцьця каналу ягоныя 56 супрацоўнікаў, якія 29-га сьнежня могуць у адзін момант застацца бяз працы й бяз сродкаў да йснаваньня? Як калісьці засталіся супрацоўнікі "Радыё 101,2"…

Вольга Бабак

Радыё Рацыя
0058045