Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Каля тысячы індывідуальных прадпрымальнікаў прынялі ў сераду ўдзел у гадзінным "сядзячым страйку" на Кастрычніцкім пляцы Менску. Такім чынам прадпрымальнікі дэманстравалі ўладам сур'ёзнасьць сваіх намераў - калі "круглы стол" з прадстаўнікамі ўраду 6 верасьня не дасьць плёну, то бестэрміновы страйк буйнейшых рынкаў краіны будзе працягнуты. А з 1 кастрычніка прадпрымальнікі перастануць плаціць падаткі: яны пратэстуюць супраць чарговых пабораў дзяржавы. Акцыя завершылася без затрыманьняў.

Арганізатары чарговай прадпрымальніцкай акцыі працягваюць настойваць на тым, што іхныя патрабаваньні носяць выключна эканамічны, а не палітычны характар. Ад пачатку страйку - з 1 верасьня - да акцыі далучаюцца ўсё новыя кірмашы з усёй Беларусі. На 4 верасьня, паводле арганізатараў, у Менску страйкавалі 60% прадпрымальнікаў, а па Беларусі - 60-70% ад 180 тысяч зарэгістраваных прадпрымальнікаў. "Улады абвесьцілі нам вайну"- гаворыцца ў заяве Аб'яднанай рады прадпрымальнікаў Беларусі.

Прадпрымальнікі пратэстуюць супраць дадатковых пабораў, якія ўводзяць улады. У прыватнасьці, яны выступаюць супраць падвышэньня на 20 эўра фіксаванай стаўкі падатку, павелічэньня страхавых выплат, абавязковага ўвядзеньня касавых апаратаў і нематываванага закрыцьця кірмашоў.

У часе "сядзячага страйку" на Кастрычніцкім пляцы прадстаўнік Аб'яднанай рады прадпрымальнікаў Анатоль Шумейка заявіў: "Уводзячы ўсё новыя паборы, улады сьвядома ідуць на эскаляцыю канфлікту з прадпрымальнікамі". Ён паведаміў: учора прадпрымальнікі сустракаліся з намесьнікам міністра эканомікі Турам, і ў іх склалася ўражаньне, што ўрад не гатовы да канструктыўнага дыялёгу.

"Мы заяўляем, што невыкананьне нашых патрабаваньняў пацягне за сабой рэспубліканскую акцыю пратэсту, якая пройдзе ўвосень як на цэнтральных вуліцах Менску, так і ва ўсіх рэгіёнах Беларусі" - паведаміў кіраўнік грамадзскага аб'яднаньня "Прыватная маёмасьць" Леанід Малахаў. Ён ня выключыў, што з цягам часу прадпрымальнікі пачнуць высоўваць і палітычныя патрабаваньні, аднак падкрэсьліў: цяпер яны ставяць на мэце вырашэньне выключна эканамічных праблем.

Акцыі на Кастрычніцкім пляцы папярэднічаў імправізаваны мітынг 1 верасьня, на якім прадпрымальнікі грукалі ў пустыя талеркі й выкрыквалі "Дайце нам спакойна працаваць!". 26 жніўня Страйкавы камітэт прадпрымальнікаў Беларусі пад кіраўніцтвам Валер'я Леванеўскага ўжо запатарбаваў імпічмэнту. Аднак аб'ядноўваць памкненьні вырашаць насьпелыя праблемы з прадпрымальнікамі Леванеўскага ўдзельнікі акцыі не зьбіраюцца.

Радыё Рацыя