Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін пасьля сустрэчы зь беларускім лідэрам у сярэдзіне жніўня вытрымаў трохтыднёвую паўзу і 4 верасьня перадаў пасланьне Аляксандру Лукашэнку. Пасланьне Пуціна ў Менск даставіў былы амбасадар Расейскай Фэдэрацыі ў Беларусі, а цяпер статс-сакратар - першы намесьнік міністра замежных справаў Расеі Валеры Лашчынін.

Уладзімір Пуцін накіраваў Аляксандру Лукашэнку пасланьне па канцэптуальных пытаньнях будаўніцтва Саюзнай дзяржавы. Паводле крыніцы прэсавай службы Крамлю, у пасланьні пацьвярджаецца: "у канкрэтным пляне маюцца наступныя асноўныя варыянты далейшага прасоўваньня расейска-беларускага яднаньня: поўная інтэграцыя ў адзіную дзяржаву, наддзяржаўнае ўтварэньне паводле мадэлі Эўразьвязу, а таксама праца па аб'яднаньні на аснове палажэньняў дзейнай Дамовы аб ставарэньні Саюзнай дзяржавы".

З мэтай "дакладнага й усебаковага аналізу кожнай з інтэграцыйных мадэляў для вызначэньня найбольш пэрспэктыўнай" прэзыдэнт Расеі прапанаваў стварыць сумесную групу.

"Гэта група павінна будзе рэгулярна інфармаваць прэзыдэнтаў Расеі й Беларусі, а таксама грамадзкасьць пра хаду й вынікі сваёй працы, што дазволіць аб'ектыўна ацаніць настроі расейцаў і беларусаў, заручыцца агульнай згодай адносна абранай мадэлі саюзнага будаўніцтва" - адзначаецца ў пасланьні.

Як вядома, у Маскве перавага аддаецца першым двум варыянтам стварэньня Саюзнай дзяржавы Расеі й Беларусі: адзіная дзяржава альбо ўтварэньне кшталту Эўразьвязу - як апрабаванае, зразумелае ў прававых адносінах і найбольш адпаведнае міжнародным стандартам міждзяржаўнай інтэграцыі.

Пасланьне беларускаму боку перадаў статс-сакратар - першы намесьнік міністра замежных справаў Расеі Валеры Лашчынін, які цяпер знаходзіцца ў Менску. У прэамбуле пасланьня падкрэсьліваецца, што "паглыбленьне шырокіх інтэграцыйных сувязяў Расеі й Беларусі было й застаецца прыярытэтнай задачай расейскай палітыкі".

"Пры гэтым асноўны акцэнт па-ранейшаму неабходна захаваць на нарошчваньні эканамічных складнікаў расейска-беларускіх сувязяў на аснове падпісаных апошнім часам і падрыхтаваных да прыняцьця дакумэнтаў па фармаваньні адзінай эканамічнай, мытнай і падаткавай прасторы, шчыльным збліжэньні гаспадарчых мэханізмаў Расеі й Беларусі" - лічыць Уладзімір Пуцін. - "Адпаведныя праграмы на гэты конт ёсьць, і іх трэба выконваць" - мяркуе Ўладзімір Пуцін. У сувязі з гэтым прэзыдэнт Расеі чакае адказу беларускага боку на перададзеныя Аляксандру Лукашэнку ў Маскве 14 жніўня канкрэтныя комплексныя прапановы Расеі па паскарэньні ўвядзеньня адзінай грашовай адзінкі.

Паводле меркаваньня расейскага лідэра, "узьніклыя цяжкасьці ў пошуку аптымальных рашэньняў палітычных пытаньняў саюзнага будаўніцтва - гэта праблемы росту, прадыктаваныя, перш за ўсё, масштабнасьцю й беспрэцэдэнтнасьцю гэтых крокаў". Уладзімір Пуцін выказаў перакананасьць, што "сумеснымі намаганьнямі ўдасца надаць яшчэ больш энергічную й актыўную дынаміку інтэграцыйным працэсам і дасягнуць істотнага прасоўваньня ў справе далейшага паглыбленьня расейска-беларускага збліжэньня".

Радыё Рацыя
,