Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


У самым канцы сталічнага праспэкта Машэрава ёсьць дом, які даўно аброс чуткамі - нехта цьвердзіць, што там жыве маці сёньняшняга кіраўніка краіны, нехта - што там жыве ягоны сын. Адзін з пазаштатных карэспандэнтаў газэты "Народная воля" вырашыў высьветліць гэткае пытаньне й пазнаёміўся са старэйшым сынам Аляксандра Лукашэнкі - Віктарам.

Фотаздымак таямнічага дому, а таксама яго насельнікаў "Народная воля" днямі замовіла Цімафею Дранчуку, лідэру руху "Зубр". Фотаздымак патрэбны быў у якасьці ілюстрацыі да артыкула, прысьвечанага жыльлёвым умовам сваякоў кіраўніка дзяржавы. З такім рэдакцыйным заданьнем сп. Дранчук разам з паплечнікам Леанідам Малахавым - сустаршынём аб'яднаньня "Прыватная ўласнасьць" - прыехаў да таго будынку й вырашыў пачакаць, пакуль жыхары дому азавуцца. Распавядае Цімафей Дранчук:

Ц.Д.: - Нам прыйшлося чакаць усяго толькі 5 хвілін - і мы пачулі нейкі рух у двары. Тады я папросту падышоў бліжэй да гэтага дому, стаў насупраць варотаў, і калі яны пачалі расчыняцца й адтуль пачаў выяжджаць аўтамабіль з Віктарам Лукашэнкам за рулём - пачаў фатаграфаваць. Адзьняўшы гэта, я абышоў машыну зь іншага боку, таксама зрабіў некалькі здымкаў, пасьля чаго накіраваўся ў бок нашае машыны. У момант, калі я зрабіў крокаў 20, побач са мной рэзка спынілася машына, якую я фатаграфаваў, - Mercedes S-клясы, з нумарамі 0007МИ - наколькі я ўяўляю, коштам каля 100 тысяч даляраў. Віктар Лукашэнка (калі я не памыляюся, гэта быў менавіта ён) у даволі ўзбуджаным стане схапіўся адной рукой за маю куртку, другой - за фотаапарат і пачаў крычаць: "Давай стужку, даставай стужку". Я паспрабаваў яму патлумачыць, што ягоныя дзеяньні ня вельмі правамерныя, ён нібыта супакоіўся, але ўсё адно ад фотапарата не адчапляўся. Натуральна, бойку наладжваць сэнсу ня мела. Я зрабіў выснову, што лепей хай апарат застанецца ў яго, і мы дамовіліся зь ім на тое, што гэты фотаапарат прывязуць у рэдакцыю напрацягу паловы дня. Я сказаў сваё імя й куды прывезьці фотаапарат.

Неўзабаве стала вядома, што "Народнай волі" вярнулі яе фотаапарат нейкія неідэнтыфікаваныя асобы. Артыкул, прысьвечаны жытлу сваякоў Аляксандра Лукашэнкі, мае зьявіцца ў "Народнай волі" бліжэйшым часам.

Радыё Рацыя