Главное
Минск
Эксклюзив
Деньги и власть
В мире
Кругозор
Происшествия
Финансы
Недвижимость
Спорт
Авто
Леди
42
Ваш дом
Афиша
Ребёнок.BY
Про бизнес.
TAM.BY
Новости компаний

Программы и проекты TUT.BY

Общество


Удзельнікі сустрэчы ўсё ж дамовіліся перанесьці на 18-га кастрычніка грамадзкія слуханьні па дэмакратызацыі выбарчага заканадаўства.

На паседжаньне Кансультацыйнай рады апазыцыйных палітычных партыяў прыбылі прадстаўнікі ўсіх суб'ектаў. Аднак спрэчная сытуацыя ўзьнікла вакол прадстаўніцтва ў радзе партыі "Надзея". Як гаворыцца ў прэсавым рэлізе старшыні паседжаньня, прадстаўніка БСДП (Народная грамада) Уладзімера Нісьцюка, - лідэркі дзьвюх галінаў жаночай партыі "Надзея", спадарыня Матусевіч і спадарыня Палевікова (цяпер яна старшыня АСДП), не атрымалі падтрымкі большасьці сябраў рады. Прапанова пра часовае прыпыненьне права галасаваньня прадстаўніцы "Надзеі" на паседжаньнях КРАПП да вынясеньня заключэньня Міністэрства юстыцыі - не падтрымалі шэраг удзельнікаў паседжаньня.

Непаразуменьне, якое ўзьнікла ў шэрагах КРАПП, Уладзімер Нісьцюк пракамэнтаваў Рацыі.

У.Н.: - Зараз у нас у палітычнай апазыцыі ёсьць дзьве клясы апазыцыянэраў: адныя займаюцца палітычнымі гульнямі, другія зьбіраюцца нешта канкрэтнае рабіць. Тыя, хто гуляе, гульнямі замінаюць агульнай працы. Мы маглі б проста разгледзець пытаньні парадку дня, каб не было спрэчкі наконт дзьвюх партыяў "Надзеі". Прапанова была слушная: калі ёсьць спрэчкі й няма заключэньня Мінюсту, няхай гэтыя дзьве жанчыны пасядзяць і паслухаюць. Не, некаму больш падабаецца Палевікова, некаму - Матусевіч. Зараз рашэньне прынялі такое, што невядома калі КРАПП будзе прымаць рашэньні. Пасварыліся, адзін на аднаго панаяжджалі, і на гэтым паседжаньне завершылася.

RR: - Спадар Уладзімер, ці можна гаварыць, што зараз у КРАППе наступіў крызіс і што яго трэба рэарганізаваць альбо зусім распусьціць?

У.Н.: - Спадар Вінцук Вячорка (БНФ) амаль з такой прапановай зьвярнуўся, што, калі так будзе працягвацца, то частка сябраў КРАПП вымушаная будзе выйсьці зь яго складу ці яно разваліцца. Пытаньне толькі ў тым, што КРАПП патрэбен, бо ён мае афіцыйны статус у міжнародных парлямэнцкіх структурах Рады Эўропы й АБСЭ. Калі зараз згубіць КРАПП, то мы згубім прадстаўніцтва беларускай палітычнай апазыцыі за мяжой. Тады будзе так, як сказаў Лябедзька (АГП), які ўразіў усіх сваёй заявай, што ў ПАРЭ запрашалася не дэлегацыя КРАПП, а асобныя палітыкі, хаця я маю два запрашэньні, адрасаваныя мне, як сябру Кансультацыйнай рады. Я баюся, што мы згубім падтрымку на міжнародным узроўні.

Новае паседжаньне КРАПП будзе магчымае толькі пасьля таго, як Міністэрства юстыцыі зробіць сваё заключэньне па двух зьездах, якія адбыліся ў партыі "Надзея". Таму новая дата паседжаньня рады, на якім будзе старшыняваць БНФ, не прызначаная. У выніку, як падкрэсьліў у інтэрвію Рацыі спадар Нісьцюк, праца КРАПП паралізаваная.

Больш аптымістычна выказаўся ў інтэрвію Рацыі старшыня АГП Анатоль Лябедзька, які адзначыў, што на сваім паседжаньні рада ўсё ж прыняла рашэньне перанесьці на 18-га кастрычніка грамадзкія слуханьні па дэмакратызацыі выбарчага заканадаўства. Са словаў старшыні АГП, гэта асноўнае пытаньне, якім мусіць займацца КРАПП. Спадар Лябедзька таксама пракамэнтаваў сытуацыю вакол партыі "Надзея".

А.Л.: - На наш погляд, гэта ня што іншае як праект стварэньня кіраванай апазыцыі, якую можна на кароценькім павадку выгульваць каля беларускага "чырвонага" дому.

RR: - Ня выключана, што наступнае паседжаньне рады зноў можа сарвацца, і тут ёсьць праблема.

А.Л.: - Магчыма, мы стаім перад неабходнасьцю рэфармаваньня існых парасонавых структур - КРАПП і КРДС. Пакуль ня створаны новы фармат парасонавых арганізацыяў, КРАПП і КРДС будуць працягваць працу ў той ці іншай форме.

Анатоль Лябедзька таксама нагадаў, што раней на паседжаньні ПАРЭ запрашалі менавіта асобных палітыкаў, прадстаўнікі дэмакратычнай апазыцыі. Цяпер вызначаць дачыненьні паміж КРАПП і Парламэнцкай Асамблеяй Рады Эўропы, на думку спадара Лябедзькі, заўчасна. Спачатку трэба высьветліць, што будзе з КРАППам і ў якой форме ён будзе існаваць.

Радыё Рацыя