Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


2-га верасьня кіраўнік Маладога Фронту П.Севярынец афіцыйна прапанаваў лідэрам БПСМ і БСМ сустрэцца ў жывым эфіры "любога беларускага каналу ці радыё". Невыпадкова гэтая ідэя зьявілася ў яго напярэдадні 6-га верасьня: менавіта на гэты дзень прызначаны аб'яднаўчы зьезд "патрыётаў" і былых камсамольцаў. Акрамя таго, якраз 6-га верасьня Маладому Фронту спаўняецца 5 гадоў. "Ёсьць нагода супольна й публічна абмеркаваць... вынікі працы найбуйнейшых моладзевых арганізацыяў, расходы зь дзяржбюджэту на праграмы БПСМ, афіцыйную рэгістрацыю й іншыя цікавыя моманты моладзевае палітыкі" - гаворыцца ў прэс-рэлізе Маладога Фронту.

Самай галоўнай тэмай сустрэчы, на думку П.Севярынца, мусяць стаць стасункі Беларусі й Расеі. "Мы можам дамовіцца, якім чынам супольна абараніць дзяржаўны сувэрэнітэт і незалежнасьць краіны. А ўвогуле - прапануе лідэр "МФ" - чым яднацца міжсобку, - лепш падымайце бел-чырвона-белы сьцяг і ўступайце ў Малады Фронт поўным складам".

Як распавёў Рацыі П.Севярынец, афіцыйнае запрашэньне яму давялося несьці ў офіс на К.Маркса, 40 "сваімі нагамі": як высьветлілася, электроннае пошты ў згаданых арганізацыяў няма, а тэлефоны адключаныя за няўплату. Сустрэча зь Першым сакратаром ЦК БПСМ Юр'ем Салаўёвым моцна ўразіла лідэра Маладога Фронту. Гаворыць П.Севярынец.

П.С.: - Ён сустрэў мяне з проста ўражвальным энтузіязмам, сказаў: "Паша, мы разам будзем абараняць дзяржаўнасьць, незалежнасьць і сувэрэнітэт, маскалі ня пройдуць...

RR: - Амаль што ў такіх выразах?

П.С.: - Ды не амаль што! Пры "маскалі ня пройдуць" я ледзьве ня "рухнуў"... Гэта было сказана ў кабінэце, пры нейкіх там функцыянэрах, якія былі ў яго...

Як распавёў Рацыі наш суразмоўца, Юры Салаўёў павітаў ініцыятыву Маладога Фронту й паабяцаў найбліжэйшым часам патэлефанаваць кіраўніку ЗАТ "Другі нацыянальны канал" Рыгору Кісялю з адпаведнай прапановай. Права выбару "публічнай арэны для дэбатаў" П. Севярынец пакінуў сваім апанэнтам.

Радыё Рацыя
,