Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Беларускія грамадзяне на сабе паспыталі дзеяньне новага Ўказу прэзыдэнта №435 ад 7 жніўня. Згодна з дакумэнтам, цяпер можна ўвесьці ў краіну ня больш за дзесяць кіляграмаў прадуктаў харчаваньня. А пра пакупку для сябе за мяжой, да прыкладу, аўтаматычнай пралкі ці лядоўні, якія ў суседняй Польшчы таньнейшыя, наагул можна забыцца.

Набылі сілу зьмены й дапаўненьні ў Палажэньне аб парадку перамяшчэньня фізычнымі асобамі праз мытную мяжу Беларусі тавараў, не прызначаных для вытворчай альбо іншай камэрцыйнай дзейнасьці. Такім чынам уводзяцца значныя абмежаваньні для людзей, якія набываюць за мяжой рэчы для асабістага ўжываньня.

На думку распрацоўшчыкаў Указу, дакумэнт гэты павінен спрыяць стымуляваньню айчыннага тавараабарачэньня й падтрымаць айчыннага вытворцу. Карацей: купляйце беларускае ў сваёй краіне й ешце "родныя" забруджаныя прадукты.

Цяпер норма ўвозу прадуктаў харчаваньня з-за мяжы на аднаго чалавека - 10 кіляграмаў. Асабістая маёмасьць, набытая па-за межамі нашае краіны, вызваляецца ад уплаты мыты толькі ў тым выпадку, калі кошт яе не перавышае аднае тысячы даляраў, а вага не сягае за 50 кіляграмаў.

Першымі добрасумленна выконваць Указ кінуліся мытнікі на ўкраінска-беларускай мяжы. Завяршаецца лета, і беларусы вяртаюцца з адпачынкаў - да прыкладу, з Крыму, загрузіўшы багажнік аўтамабілю таннай украінскай садавінай і гароднінай. Натуральна, пра зьмяненьні й дапаўненьні ў беларускае заканадаўства ў часе адпачынку ніхто й ня чуў, і народ вязе танныя пэрсыкі, памідоры, перац, дыні, кавуны...

На мяжы мытнікі гэтым дбайцам ветліва патлумачваюць: нельга ўвозіць больш за 10 кіляграмаў. Пярэчаньні грамадзян, што, маўляў, пэрсыкі й кавуны ў Беларусі не растуць, ніяк на тых службістаў, натуральна, не ўплываюць. Некаторыя беларусы гатовыя даплаціць за лішнія кіляграмы, але ніякіх расцэнак пакуль няма. Распавядаюць, што раззлаваныя курортнікі скідалі велічэзныя кавуны ў Днепр.

Што да прадуктаў харчаваньня, то на польска-беларускай і літоўска-беларускай мяжы ў першыя дні дзеяньня новых правілаў было спакайней, бо нашы суайчыньнікі вывозяць з суседніх Літвы й Польшчы пераважна дэлікатэсы - вяндліну, сыры, рыбу, якія за мяжой хоць і ня вельмі танныя, але значна смачнейшыя за беларускія. Нажаль (а цяпер ужо - на паратунак!) шмат гэтага смакоцьця не адужаеш па грашох.

Аднак аматарам уежна й смачна паджывіцца імпартнымі экалягічна чыстымі прадуктамі давядзецца пераходзіць на свае, бруднейшыя. Затое ж гэтакія звыклыя, родныя. Адным словам: увасабляйце лёзунг "Купляйце беларускае" ў жыцьцё.

Варта яшчэ зважыць: набываньне беларусамі бытавой тэхнікі, радыёапаратуры, будматэрыялаў, якія за мяжой значна таньнейшыя (дый падатак на дабаўленую вартасьць можна вярнуць), цяпер зрабілася амаль немагчымым. Калі кошт тавару перавышае 1 тысячу даляраў, то з сумы, так бы мовіць, "перабору" за вызначаны нарматыў трэба заплаціць мыту памеру 30 адсоткаў. А ў разе перасягненьня 50 кіляграмаў агульнае вагі тавару мытня накіроўвае перавозчыка ў пункт унутранага афармленьня.

Працэдура гэтая, дарэчы, даволі складаная. Учыненьне яе азначае, што таньнейшую за беларускую імпартную лядоўню ці пралку наўрад ці ўдасца перавесьці з чужыны: нават калі яна каштуе менш за 1 тысячу даляраў, то важыць будзе дакладна больш за 50 кіляграмаў. Выпадае хіба купляць на радзіме - зь вялізнымі гандлёвымі накруткамі.

Новыя правілы значна закранулі й парадак увозу аўтамабіляў. Натуральна, у бок павелічэньня мыты. Цяпер за ўвоз транспартнага сродку, з моманту выпуску якога прайшло менш за 3 гады ці больш за 10 гадоў, трэба плаціць мыту па адзінай стаўцы: 0,55 эўра за 1 см аб'ёму рухавіку (раней было 0,5 эўра).

Радыё Рацыя