Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Беларуская асацыяцыя журналістаў накіравала міністру інфармацыі Беларусі М. Падгайнаму адкрыты ліст з прапановай пайсьці ў адстаўку. БАЖ лічыць, што міністар "ня ў стане забясьпечыць выкананьня законнасьці ў сфэры СМІ". Нагодай для прыняцьця гэтага дакумэнту сталася сытуацыя вакол газэты "Свободные новости", прыпыненай паводле загаду М.Падгайнага. Аднак, на думку сябраў БАЖ, гэта толькі апошняе з шэрагу дапушчаных міністрам "парушэньняў права грамадзян Беларусі на свабоду слова, друку й інфармацыі".

Вашае стаўленьне да прапановы Беларускай асацыяцыі журналістаў пайсьці ў адстаўку міністру інфармацыі М.Падгайнаму?

Падтрымліваю: Міністэрства выконвае ролю цэнзара

М.Падгайны застанецца на пасадзе міністра

Нават калі М.Падгайны сыдзе, прыйдзе яшчэ горшы міністар

БАЖ у адказ чакаюць "нядобразычлівыя санкцыі" з боку Міністэрства

Вынікі апытаньня

"Сёньня Міністэрства інфармацыі ператвараецца ў мэханізм зашчамленьня… права грамадзян Беларусі на свабоду слова, друку й інфармацыі" - сьцьвярджаецца ў лісьце БАЖ. Спыніўшы выхад "Свободных новостей" паводле заявы аднаго зь яе сузаснавальнікаў, М. Падгайны груба парушыў Закон - лічаць аўтары звароту. "Вы ня толькі ўмяшаліся ў прыватныя справы рэдакцыі, што катэгарычна недапушчальна ў адпаведнасьці з артыкулам 2 Грамадзянскага кодэксу, - гаворыцца ў лісьце, - але й спрыялі абмежаваньню канкурэнцыі, што таксама забаронена Законам". Пры гэтым інтарэсы тысяч чытачоў "Свободных новостей" аказаліся праігнараванымі - заяўляе БАЖ.

Аўтары адкрытага лісту падаюць яшчэ некаторыя прыклады парушэньняў Закону ў галіне СМІ, што адбываліся пры ўдзеле, ці "з маўклівае згоды" міністра. У гэтым шэрагу - прызначэньне намесьніка старшыні Дзяржкамдруку Ў. Глушакова дырэктарам прыватнае друкарні "Мэджык" (і, як вынік - "белыя плямы" ў перадвыбарных нумарох некаторых газэт).

Складальнікі звароту прыгадваюць таксама сілавое аб'яднаньне некалькіх літаратурных часопісаў у холдынг і лічаць гэта спробай навязаць ім "адзіную інфармацыйную палітыку". Менавіта з ініцыятывы міністра Падгайнага ў апошнія месяцы згорнутая грамадзкая дыскусія па праекце новага закону аб СМІ, - лічаць у БАЖ. "Вашае абяцаньне накіраваць законапраект эўрапейскім экспэртам… так і застаецца толькі абяцаньнем" - падкрэсьліваецца ў звароце Асацыяцыі. Падсумаваўшы ўсе гэтыя факты, БАЖ выступае з прапановай: калі міністар "ня здольны забясьпечыць выкананьне законнасьці ў сфэры СМІ", няхай ён падае ў адстаўку…

Пракамэнтаваць ініцыятыву БАЖ мы папрасілі кіраўнікоў некаторых недзяржаўных беларускіх СМІ. Найперш - Аляксандра Ўліцёнка, галоўнага рэдактара газэты "Свободные новости", прыпыненьне якіх і сталася нагодаю для прыняцьця звароту.

А.У.: - Калі мы бачым, што ўлада грэбуе нейкімі элемэнтарнымі правіламі паводзінаў, калі выкарыстоўваюцца любыя прычыны, каб прыкрыць, пагоршыць эканамічнае становішча газэты, тут трэба рабіць нейкія захады. Я ня думаю, што да нас, да БАЖ прыслухаюцца. Але ў людзей застанецца ў памяці, што вось быў такі пэрыяд, калі гэтулькі аўтарытэтных асобаў выказалі міністру недавер.

Галоўны рэдактар "Нашае свабоды" П. Жук таксама падтрымлівае патрабаваньні БАЖ. Хаця нядаўняе прыпыненьне выхаду "Нашае свабоды" адбылося без удзелу Міністэрства інфармацыі, гэтае ведамства неаднойчы выносіла газэце неабгрунтаваныя папярэджаньні - цьвердзіць Павал Жук.

П.Ж.: - Міністэрства інфармацыі зьяўляецца ня той структурай, якая дапамагае СМІ існаваць, а наадварот - іх прыціскае. А Падгайны - проста інструмэнт у гэтай структуры. Ён выконвае тое, што яму гавораць…

"Чыноўнік, які дазваляе сабе дзейнічаць па-за законам, павінен ведаць, што ў краіне ёсьць людзі, якія адэкватна ацэньваюць ягоныя паводзіны", - упэўнены галоўны рэдактар гарадзенскае газэты "Пагоня" М. Маркевіч, які таксама падтрымаў крок сваіх калегаў з БАЖ. Почасту супярэчлівыя крокі М.Падгайнага ў дачыненьнях з рознымі СМІ сьведчаць, што той імкнецца нібыта "ўседзець на двух крэслах": з аднаго боку, выконваць загады "зьверху", а з другога - трымацца Закону.

Сп. Маркевіч згадвае, што цягам 2000 году М. Падгайны вынес газэце "Пагоня" ажно 5 папярэджаньняў. Але ў часе судовага працэсу па закрыцьці "Пагоні" міністар накіраваў у Вышэйшы Гаспадарчы суд ліст, заявіўшы, што "закрыцьцё газэты ня мае пад сабою прававых падставаў".

Мікола Маркевіч: - Што гэта абазначае - вось гэтае "шараханьне" спадара міністра? Для мяне гэта абазначае, што чалавек ўсё ж такі задумваецца над тым, што ён робіць. Я вельмі спадзяюся, што Міхаіл Іванавіч усё ж такі задумаецца над тым, каму служыць: Закону ці аднаму з грамадзян РБ, які прызначыў сам сябе прэзыдэнтам.

28-га жніўня Беларуская асацыяцыя журналістаў даслала свой адкрыты ліст ува ўсе цэнтральныя выданьні - як дзяржаўныя, так і недзяржаўныя. Цяпер БАЖ чакае, як адрэагуюць на іхную ініцыятыву беларускія СМІ й самое Міністэрства інфармацыі.

Вольга Бабак

Радыё Рацыя

Адкрыты ліст

Міністру інфармацыі Міхаілу Падгайнаму

Спадар міністр!

Ведамства, якое Вы ўзначальваеце, надзеленае шырокімі паўнамоцтвамі. Яно кантралюе выкананне заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі, рэгіструе новыя СМІ, прымае "меры па недапушчэнні злоўжывання свабодай масавай інфармацыі, свабодай выдавецкай дзейнасці, а таксама цэнзуры" і г.д. Гэтых паўнамоцтваў дастаткова для таго, каб забяспечыць "рэалізацыю канстытуцыйнага права грамадзян Рэспублікі Беларусь на свабоду слова, друку і інфармацыі".

Аднак мы вымушаны канстатаваць, што сёння Міністэрства інфармацыі ператвараецца ў механізм зашчамлення гэтых правоў і свабод. Апошнім пацверджаннем таго стала яго ўмяшальніцтва ў канфлікт паміж заснавальнікамі газеты "Свободные новости". Па Вашым ўказанні было спынена друкаванне газеты пасля заявы аднаго з чацвярых яе заснавальнікаў. Зрабілі Вы гэта напярэдадні выхаду новай газеты "Обозреватель", шэф-рэдактарам якой і з'яўляецца той самы заснавальнік - Сяргей Атрошчанка.

Такім чынам, Вы не толькі ўмяшаліся ў прыватныя справы, што катэгарычна недапушчальна ў адпаведнасці з артыкулам 2 Грамадзянскага кодэксу, але і спрыялі абмежаванню канкурэнцыі, што таксама забаронена Законам. Больш за тое, прыкрываючыся абаронай інтарэсаў аднаго з заснавальнікаў, Вы праігнаравалі інтарэсы тысяч падпісчыкаў і чытачоў газеты "Свободные новости" - дарэчы, цалкам прыбытковага выдання.

Фактычна Вы падтрымалі С.Атрошчанку ў ягоных патрабаваннях да галоўнага рэдактара Аляксандра Уліцёнка праводзіць "узгадненне і зацверджанне падрыхтаваных да выпуску нумароў газеты". Гэта азначае цэнзуру. Нас гэта не здзіўляе. Таму што менавіта пры Вас - "самым дэмакратычным міністры" - у Беларусі адрадзілася цэнзура.

Роўна год таму, 27 жніўня, быў часова прызначаны выканаўцам абавязкаў дырэктара прыватнай друкарні "Мэджык" Уладзімір Глушакоў, на той момант - Ваш першы намеснік. У выніку некаторыя газеты ў перадвыбарчы перыяд выходзілі "з белымі плямамі".

Як ускосную цэнзуру трэба разглядаць і вынясенне Вамі афіцыйных папярэджанняў, што ставяць газеты пад пагрозу закрыцця. Гэтую меру запалохвання Вы, як правіла, ужываеце да недзяржаўных выданняў. Да дзяржаўнай прэсы у Вас падыход іншы. Пры Вашым непасрэдным удзеле ў краіне насаджаецца стаўленне да дзяржаўных СМІ як да састаўной часткі кіравальнага механізму, як да прапагандысцкай машыны, задейсненай для выканання ідэалагічных заказаў.

Насуперак артыкулу 4 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, які не дапускае навязвання якой-небудзь ідэалогіі ў якасці абавязковай, Вы нават датычна літаратурна-мастацкіх выданняў спрабуеце праводзіць адзіную інфармацыйную палітыку. Дзеля гэтага Вы аб'ядналі часопісы "Полымя", "Неман", ""Маладосць", "Крыніца", "Всемирная литература" і газету "Літаратура і мастацтва" у холдынг. Пры гэтым была праігнаравана пазіцыя Саюзу беларускіх пісьменнікаў - і практычна прыватызаваны ўладамі "Крыніца" і "ЛіМ", да якіх ні Міністэрства інфармацыі, ні які-небудзь іншы дзяржаўны орган дачынення наогул не мелі.

Пры Вас адбылася экспансія расійскіх СМІ ў Беларусі, а Вы ўсё яшчэ працягваеце абмяркоўваць ідэі стварэння адзінай беларуска-расійскай інфармацыйнай прасторы. З Вашай маўклівай згоды ў апошнія месяцы згорнута грамадская дыскусія па праекце новага Закону аб сродках масавай інфармацыі. Дапрацоўка законапраекту праводзіцца кялейна. Ваша абяцанне ініцыіраваць накіраванне законапраекту еўрапейскім экспертам, што прагучала ў Страсбургу на "Слуханнях па сітуацыі з СМІ ў Беларусі", так і застаецца ўсяго толькі абяцанкай.

Міхаіл Васільевіч! Вашы словы аб адданасці дэмакратычным каштоўнасцям разыходзяцца з Вашымі справамі. Калі Вы не ў стане забяспечыць выкананне законнасці у сферы СМІ альбо хаця б выкананне Вашых уласных абяцанняў - падайце ў адстаўку!

Рада грамадскага аб'яднання "Беларуская асацыяцыя журналістаў".

27.08.2002 г.