Яўген ВАЛОШЫН,

фотоУ сакавіку на старонках "Звязды" распавядалася, што за незаконную адсідку ў калоніі суд Фрунзенскага раёна Мінска пастанавіў сплаціць Леаніду Тарасенку кампенсацыю ў 15 мільёнаў рублёў. Гэту суму мужчына лічыць ганебнай і настойвае на больш справядлівай, як ён лічыць, кампенсацыі — у 200 мільёнаў рублёў.

— Гэта і страчанае здароўе, і маральныя пакуты. Пакуль сядзеў у СІЗА і калоніі, абясцэніліся грошы, на якія я збіраўся купіць кватэру, — падлічвае Леанід Тарасенка. — 200 мільёнаў — гэта самыя сціплыя падлікі. Нядаўна я быў у намесніка старшыні Вярхоўнага суда Валерыя Вышкевіча, ён сказаў, што асабіста будзе разбірацца з маёй справай.

Трэба адзначыць, што службовыя асобы, якія паўдзельнічалі ў лёсе Леаніда Тарасенкі, дагэтуль не прыцягваліся да адказнасці. Толькі самы першы суддзя, які ўляпіў Леаніду Тарасенку "хуліганства" і "нанясенне цяжкіх цялесных пашкоджанняў", быў звольнены з пасады. Затое міліцыянер, які ў 2004 годзе вёў у чыне капітана "следства" па справе Тарасенкі, зрабіўся падпалкоўнікам, стаў следчым па асабліва важных справах....

— З-за гэтых службовых асобаў дзяржава панесла страты, з-за іх "працы" мне будуць сплочваць кампенсацыю. Лічу нармальным, калі і за іх возьмецца пракуратура. Няхай уся краіна пра іх ведае, — сказаў на развітанне Леанід Тарасенка.

Нагадаем, Леанід Тарасенка быў асуджаны да пяці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі. Але праз два гады адсідкі змог цалкам даказаць сваю невінаватасць.

На думку следства, у турму ён трапіў з-за лжывага даносу грамадзяніна А., на якога праз гады і завялі крымінальную справу.

Але суд нечакана апраўдаў падазраванага. Атрымліваецца, за скрадзеныя ў Леаніда Тарасенкі свабоду і здароўе ніхто не адкажа?..

Гісторыя Леаніда Тарасенкі па-сапраўднаму ўзрушыла многіх прыстойных беларусаў. Мужчыну абвінавацілі ў хуліганстве і нанясенні цяжкіх цялесных пашкоджанняў, кінулі ў калонію на пяць гадоў. Але Леанід Тарасенка аказаўся апантаным змагаром за сваю праўду, дайшоў да кіраўніцтва Генпракуратуры і Вярхоўнага суда. Тады справу Тарасенкі пераглядзелі і жахнуліся: міліцэйскае следства праводзілася некампетэнтна, нанесці ўдарамі рук і ног такія цяжкія цялесныя пашкоджанні грамадзяніну А. мужчына не мог, а першая судова-медыцынская экспертыза была праведзена з парушэннямі... Праз 14 месяцаў адсідкі Леаніда Віктаравіча вызвалілі.

Аказалася, падчас канфлікту грамадзянін А. першым ударыў нагой па машыне Леаніда Тарасенкі і зрабіў увагнутасць на крыле (пазней за гэтыя хуліганскія дзеянні Леаніду Тарасенку была сплочана кампенсацыя). Верагодна, з-за таго хуліганскага ўдару грамадзянін А. і атрымаў закрыты пералом дна вяртлужнай упадзіны. І больш ніводнай гематомы, ніводнага сінячка на целе. Якое тут збіццё рукамі і нагамі...

Следства абвінаваціла грамадзяніна А. па двух артыкулах крымінальнага кодэкса — "загадзя лжывы данос" (артыкул 400, частка 2) і "загадзя лжывыя паказанні" (артыкул 401, частка 2).

Але прысуд, які 13 мая зачыталі ў судзе Дзяржынскага раёна, пакінуў шмат пытанняў.

"Ацаніўшы прыведзеныя доказы, суд прыходзіць да высновы, што яны ў сваёй сукупнасці не могуць быць прызнаныя дастатковымі для высвятлення віноўнасці А. у здзяйсненні злачынства", — пазначана ў пастанове суда.

Атрымліваецца, у незаконнай турэмнай адсідцы Леаніда Тарасенкі ніхто не вінаваты. Такое судовае рашэнне многім падалося як мінімум нелагічным.

— Я лічу, што гэты прысуд незаконны і мы працягнем яго апратэставанне. Мы ў гэтым непахісныя. Лічым, што віна абвінавачанага даведзена цалкам, — абураецца пракурор Мінскай вобласці Эрнест КОЙРА. — Што ж атрымліваецца? Суд кажа, што адзін невінаваты і другі невінаваты. Любы звычайны чалавек разумее — нешта тут не так.

У самога Леаніда Тарасенкі, нягледзячы на прысуд, рукі не апускаюцца. Яго шлях да справядлівасці быў занадта цярністы — з 2004 года давялося прайсці болей за дваццаць судовых працэсаў, і толькі летась Леаніду Віктаравічу ўдалося цалкам давесці сваю невінаватасць. Упэўнены мужчына, што і гэтае судовае рашэнне па грамадзяніну А. не стане канчатковым.

— Мой адвакат адзначыў, што ў прысудзе маюцца шматлікія парушэнні, рыхтуецца скарга ў касацыйныя інстанцыі. Я буду да канца свайго жыцця змагацца за справядлівасць, — разважліва і рашуча выказаўся Леанід ТАРАСЕНКА праз тыдзень пасля суда. — Лжэпацярпелы, які пасадзіў мяне ў турму, павінен быць пакараны па законе. Буду зноў звяртацца ва ўсе інстанцыі...

"Звязда" будзе паведамляць пра гучную крымінальную справу.

ПОГЛЯД ЗБОКУ

Каб паступіць на юрыдычны факультэт і потым працаваць у судовых, следчых ці адвакацкіх структурах, неабходна здаваць матэматыку. Лічыцца, што гэтая навука развівае лагічнае мысленне.

Таму пагаджацца з падобнымі судовымі рашэннямі цяжка. З аднаго боку, невінаваты чалавек трапіў у калонію, з другога — ніхто за гэта не адказвае. Нелагічна. У момант, калі дзяржава спрабуе ўмацаваць праваахоўную сістэму, такія рашэнні па гучных справах ставяць палкі ў колы. Што ж атрымліваецца? Сёння я магу стукнуцца галавой аб сцяну, напісаць заяву, што мяне скалечыў сусед, а заўтра — не панясу за гэту хлусню адказнасці?..
-30%
-25%
-15%
-50%
-20%
-30%
-10%
-20%
-50%
-15%