Павел Свярдлоў,

А ў райцэнтрах квартплата, наадварот, узнімецца. На прыкладзе кватэры з двума жыхарамі Еўрарадыё даведалася, як з 1 чэрвеня зменіцца плата за жытло ў сталіцы і беларускай правінцыі.

Саўмін змяняе парадак аплаты за тэхнічнае абслугоўванне для ўладальнікаў "лішніх" квадратных метраў. Замест нарматыўных сабекоштаў, якія аблвыканкамы і Мінгарвыканкам раней вызначалі для сваіх рэгіёнаў самі, уводзіцца адзіны тарыф. Ён мусіць забяспечыць поўнае пакрыццё выдаткаў на аказанне гэтых паслуг.

У Міністэрстве жыллёва-камунальнай гаспадаркі Еўрарадыё распавялі, што плата за сталічныя кватэры праз гэта панізіцца. Бо Мінгарвыканкам раней усталёўваў сабекошт, вышэйшы за новы адзіны тарыф:

Супрацоўніца Міністэрства ЖКГ: "У Мінску нарматыўны сабекошт быў 750 рублёў за квадратны метр агульнай плошчы жылога памяшкання. Гэта плацілі тыя, ў каго сумарная плошча кватэры перавышала 20 квадратных метраў на аднаго чалавека + 10 метраў на сям’ю".

Напрыклад, калі ў кватэры плошчай у 60 квадратных метраў жыве два чалавекі...

Супрацоўніца Міністэрства ЖКГ: "60–50=10. За 10 метраў аплата за тэхнічнае абслугоўванне раней была паводле нарматыўнага сабекошту - 750 рублёў за метр. Але з 1 чэрвеня ў гэтай жа кватэры гэтыя ж 10 метраў будуць аплочвацца па 622,5 рубля за метр. То бок, для Мінска гэта будзе менш. А для іншых гарадоў, дзе нарматыўны сабекошт быў меншы, тэхнічнае абслугоўванне будзе каштаваць больш. Можа, адсоткаў на 10".

Слухачы Еўрарадыё могуць самі падлічыць, на колькі з 1 чэрвеня зменіцца іх квартплата: колькасць "лішніх" метраў дастаткова памножыць на 127,5. У нашым прыкладзе эканомія атрымліваецца 127,5х10=1275 рублёў.

Вынікае, што ў сталіцы ўладальнікі "лішніх" метраў ад новай пастановы Саўміна выйграюць. Чаго не скажаш пра іншыя беларускія рэгіёны. У Брэсцкім аблвыканкаме Еўрарадыё паведамілі, што нарматыўны сабекошт на "лішнія" квадратныя метры ў буйных гарадах былі большыя за новы адзіны тарыф, а ў райцэнтрах - істотна меншыя.

Супрацоўніца Брэсцкага аблвыканкама: "У Брэсце, Баранавічах і Пінску было 645 рублёў за квадратны метр "лішняй" ці "пустой" жылой плошчы. У астатніх райцэнтрах - 527,7 рубля".

Атрымліваецца, што невялікую палёгку атрымаюць і жыхары Брэста, Баранавічаў ды Пінска. За кожны "лішні" метр з 1 чэрвеня яны будуць плаціць на 22,5 рубля менш. Затое, напрыклад, у Маларыце адзінаму тарыфу на тэхнічныя паслугі не ўзрадуюцца: там кошт кожнага звышнарматыўнага метра ўзрасце на 94,8 рубля.

Для сям’і з двух чалавек, якая жыве на 60 квадратных метрах, "жыроўка" "пажырэе" на (60–50)х94,8=948 рублёў. Гэта паўбохана хлеба. Ці паўлітра кефіру. Ці квіток на гарадскі аўтобус, і на рэшту - запальнічак!
0070465