Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


27 ліпеня ў Менску ў часе правядзеньня несанкцыяванай апазыцыйнай акцыі затрыманыя два чалавекі. Адзін зь іх - лідэр незарэгістраванай моладзевай арганізацыі Малады Фронт Павал Севярынец. Другі - сябра гэта арганізацыі Зьміцер Дашкевіч. Паўла Севярынца затрымалі на выхадзе з Пракуратуры Беларусі, куды ўдзельнікі акцыі перадалі зварот з патрабаваньнем спыніць перасьлед незалежнай прэсы. У акцыі, прымеркаванай да Дня Незалежнасьці 27 ліпеня, узялі ўдзел каля сотні чалавек.

Затрыманых даставілі ў Цэнтральны РУУС Менску. У панядзелак, верагодна, над імі адбудуцца суды. Пра гэта Рацыі паведаміў дзяжурны Цэнтральнага РУУС Сяргей Сашкоў.

Несанкцыяная акцыя апазыцыі была прымеркаваная да 27 ліпеня - Дня Незалежнасьці, які быў забаронены пасьля прэзыдэнцкага рэфэрэндуму. Каля 100 актывістаў апазыцыі апоўдні выйшлі на Кастрычніцкі пляц у цэнтры Менску насупроць адміністрацыі Лукашэнкі. Яны ўтварылі жывы ланцуг, трымаючы ў руках бел-чырвона-белыя сьцягі й недзяржаўныя беларускія газэты, якім пагражае закрыцьцё. Павал Севярынец заявіў Рацыі, што " удзельнікі акцыі абараняюць ня толькі незалежнасьць Беларусі, але й права грамадзянаў на атрыманьне незалежнай інфармацыі".

Пасьля дэманстрацыі ўдзельнікі акцыі падзяліліся на дзьве групы й пачалі разносіць звароты ў дзяржаўныя органы Беларусі. Адна група на чале з Аляксеем Шэіным перадала тэкст звароту ў адміністрацыю Лукашэнкі, у Канстытуцыйны Суд і Вярхоўны Суд Беларусі.

Другая група, якую ўзначальваў Павал Севярынец, пасьпела дайсьці толькі да Пракуратуры Беларусі. На выхадзе з будынку Пракуратуры да Севярынца падбеглі прыблізна 8 міліцыянтаў і гвалтам заштурхалі яго ў машыну.

"Мы зьвяртаем увагу дзяржорганаў Беларусі, міжнародных арганізацыяў, парлямэнтаў і урадаў дэмакратычных краінаў на брутальныя парушэньні правоў журналістаў і СМІ ў Беларусі", - гаворыцца ў звароце. Удзельнікі акцыі запатрабавалі прывесьці беларускае закадаўства ў галіне СМІ ў адпаведнасьць з агульнапрынятымі міжнароднымі стандартамі, стварыць для СМІ роўныя эканамічныя ўмовы дзейнасьці незалежна ад формы ўласнасьці, пачаць дэманапалізацыі электронных СМІ, стварыць сыстэму грамадзкага катролю за дзейнасьцю СМІ. Акрамя гэтага, удзельнікі акцыі патрабавалі спыніць крымінальны перасьлед журналістаў "Пагоні".

Радыё Рацыя
,