Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


30 ліпеня прэм'ер-міністар Генадзь Навіцкі будзе трымаць справаздачу перад прэзыдэнтам. Ён мае дакласьці кіраўніку краіны аб выніках сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця краіны за першае паўгодзьдзе й зьдзейсьненых захадах па вывадзе эканомікі з крызысу. Калі прэзыдэнт справаздачай будзе не задаволены, ураду Навіцкага пагражае адстаўка.

Прэм'ер гэта добра разумее: апошняе, "кітайскае", папярэджаньне ён колькі месяцаў таму ад прэзыдэнта ўжо атрымаў. Таму адразу ж пасьля вяртаньня з адпачынку ў Юрмале Генадзь Навіцкі правёў нараду з падначаленымі яму міністрамі. Так бы мовіць, генэральную рэпэтыцыю перад асноўнай бітвай за захаваньне свайго месца пад сонцам.

Асноўныя паказьнікі, на першы погляд, быццам бы й з плюсам. Так, за першае паўгодзьдзе валавы ўнутраны прадукт вырас на 4,6%, інвэстыцыі ў асноўны капітал павялічыліся на 6 адсоткаў. Паводле інфармацыі Міністэрства статыстыкі й аналізу, рэальныя грашовыя даходы насельніцтва ўзраслі на 18%, пры прагнозе - 5-6%. Інфляцыя зьнізілася (у студзені была 6,1%, у чэрвені - толькі 1,4%). Цікава, ці заўважылі гэта самі грамадзяне? Вось і ўсе станоўчыя паказьнікі.

Нэгатыву значна больш. Колькасьць стратных прадпрыемстваў у краіне перасягнула за 40%. Дый прыбыльныя працуюць пераважна на склад. Запасы гатовай прадукцыі на складох уяўляюць ажно 77 адсоткаў ад штомесячнай вытворчасьці.

Цікава: а навошта наагул столькі вырабляць, калі прадукцыя не карыстаецца попытам? Па-ранейшаму цяжкой застаецца сытуацыя з выплатай заробкаў. Нягледзячы на публічнае хвастаньне Аляксандрам Лукашэнкам вэртыкалі падчас сэлектарнай нарады, запазычанасьць па заробках не памяншаецца. Правінцыйныя настаўнікі сышлі ў адпачынкі без адпускных выплат. Запазычанасьць па зарплаце ў сельскай гаспадарцы перавышае 29 мільярдаў рублёў.

На паседжаньні 26 ліпеня ўрад вырашыў "зрабіць неадкладныя захады па пагашэньні да 1 верасьня запазычанасьці перад Расеяй за газ, цяпло й электраэнэргію", а таксама пагасіць пазыкі па выплаце заробкаў. Да канца году вырашана зьнізіць складзкія запасы да 65% ад аб'ёму вытворчасьці. Ці пераканальна прагучаць гэтыя пляны для прэзыдэнта, высьветліцца ў аўторак.

Наконт вынікаў справаздачы ўраду перад прэзыдэнтам ёсьць самыя розныя прагнозы. З аднаго боку, нелягічна ў разгар жніва мяняць урад. З другога боку, мяккі, безыніцыятыўны прэм'ер, паслухмяны выканаўца чужой волі з самага першага дня не задавальняў Лукашэнку, які сам і пасадзіў Навіцкага ў прэм'ерскае крэсла.

І кіраўнік дзяржавы ўжо не аднойчы пагражаў прэм'еру адстаўкай. У атачэньні прэзыдэнта выказваюць некалькі вэрсіяў і верагодных кандыдатур на месца кіраўніка Кабінэту Міністраў. Называюць прозьвішчы цяперашняга старшыні Камітэту дзяржкантролю Анатоля Тозіка, кіраўніка Магілеўскай абласной вэртыкалі Барыса Батуры. Ніхто не сумняецца, што адстаўка Навіцкага адбудзецца. Ня вызначаныя толькі тэрміны: цяпер ці ўвосень.

Радыё Рацыя