Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Як мы ўжо паведамлялi, увесь мiнулы тыдзень у Менску знаходзiлася зь вiзытам урадавая дэлегацыя Іраку, якую, паводле афiцыйных паведамленьняў, ачольваў вiцэ-прэм’ер Абдэль Таваб Мула Хуэйш. Таксама афiцыйна паведамлялася, што абмяркоўвалiся праблемы эканамiчнага супрацоўнiцтва памiж Беларусяй i Іракам.

Пазьней высьветлiлася, што кiраўнiк iрацкай дэлегацыi мае ў сваiм урадзе яшчэ адну пасаду – мiнiстра ваеннай прамысловасьцi. Гэта дало падставу наглядальнiкам засумнявацца, што ў Менску не абмяркоўвалася ваенна-тэхнiчнае супрацоўнiцтва памiж краiнамi. А гэта ўжо ёсьць парушэньнем санкцыяў ААН супраць Іраку. Магчымае супрацоўнiцтва Менску зь Іракам у ваеннай галiне на просьбу iрацкай рэдакцыi Радыё Свабода пракамэнтаваў беларускi назiральнiк, намесьнiк галоўнага рэдактара англамоўнай газэты "Belarus today" Раман Якаўлеўскi. Гэты камэнтар прапануем вашай увазе.

(Якаўлеўскi: ) "Зьвяртае ўвагу, што пасьля мiнулага вiзыту iрацкай дэлегацыi ў Менск болей дакладна сфармуляванае будаўнiцтва ў Іраку заводу для зборкі нiбыта беларускiх трактараў. Чаму нiбыта? У былым Савецкiм Саюзе выраблялiся трактары падвойнага прызначэньня – для сельскагаспадарчых мэтаў i для ваенных. На тых жа самых трактарных заводах зьбiралi i танкi. Я думаю, што гэта робiцца i зараз. Таксама я хацеў бы зьвярнуць увагу на апошнiя публiкацыi ў замежнай прэсе, у прыватнасьцi, у iзраiльскай, што пастаўка запчастак для iрацкiх танкаў савецкай вытворчасьцi ажыцьцяўляецца празь Сырыю – краiну, у дачыненьнi да якой няма санкцыяў Арганiзацыi Аб’яднаных Нацыяў. Гэты канал, паводле прэсы, i выкарыстоўвае Беларусь. Зь Сiрыi наземным шляхам запчасткi iдуць наўпрост у Ірак.

Зрэшты, iснуе шмат спосабаў абыходзiць санкцыi ААН. Вясной сёлета польскi часапiс "Wprost" надрукаваў схемы, як гэта робiцца, як адмываюцца грошы праз падстаўныя фiрмы. У той публiкацыi цьвердзiцца, што нiводзiн даляр, зароблены праз супрацоўнiцтва зь Іракам, не трапляе на тэрыторыю Беларусi, а ўсе грошы застаюцца ў замежных банках. Беларускае абвержаньне зьвялося толькi да пагрозаў, што будуць падаваць у суд за паклёп. Нiякiх фактаў, якiя б абверглi сэнс артыкулу, не падавалася.

Хачу таксама нагадаць, што дзесьцi паўгоду таму сярод сябраў Рады Бясьпекi ААН быў распаўсюджаны дакумэнт, у якiм утрымлiвалiся дадзеныя пра парушэньнi Беларусяй санкцыяў ААН адносна Іраку. Цiкава, што нават Расея як сталы сябра Рады Бясьпекi тады не адрэагавала на iнфармацыю.

Што тычыцца ўзроўню ваенна-тэхнiчнага супрацоўнiцтва Менску i Багдаду, то пра яго сьведчыць ужо тое, што Ірак – адна зь нямногiх краiнаў арабскага сьвету, якая мае сталую амбасаду ў Менску. Дык вось, амбасадар Іраку на мiнулым тыднi на прэсавай канфэрэнцыi, прысьвечанай угодкам Ірацкай рэвалюцыi, заявiў, што ў Менску не навучалася група iрацкiх вайскоўцаў. Гэтыя словы пярэчаць выказваньню высокага расейскага вайсковага чыноўнiка Калашнiкава, якi цяпер займае пасаду намесьнiка Дзяржсакратара Саюзу Расеi i Беларусi. Калашнiкаў не каму–небудзь, а амэрыканскiм кангрэсмэнам, якiя на пачатку году высьвятлялi ў Менску сытуацыю ў супрацоўнiцтве Беларусi з краiнамi-iзгоямi, заявiў, што iрацкiя курсанты навучалiся ў Менску, але зьехалi датэрмiнова.

Факты супрацоўнiцтва зь Іракам, якiя сталi шырока вядомымi, зьявiлiся прычынай моцнага кадравага ператрусу ў беларускiм КГБ. Быў адхiлены ад пасады шэф ваеннай контрвыведкi, якога абвiнавацiлi ва ўцечцы iнфармацыi. Зьмешчаныя таксама начальнiкi знешняй выведкi i контрвыведкi".

Падрыхтавалі: Міхаіл Аландарэнка (Ірацкая служба Радыё Свабода) і Вячаслаў Ракіцкі, Прага
0058648