Главное
Минск
Эксклюзив
Деньги и власть
В мире
Кругозор
Происшествия
Финансы
Недвижимость
Спорт
Авто
Леди
42
Ваш дом
Афиша
Ребёнок.BY
Про бизнес.
TAM.BY
Новости компаний

Программы и проекты TUT.BY
  • Архив новостей
  • Архив новостей
    ПНВТСРЧТПТСБВС
    2627282930311
    2345678
    9101112131415
    16171819202122
    23242526272829
    303112345

Общество


Пасьля нядаўняга выказваньня прэзыдэнта Францыі Жака Шырака аб тым, што ўвядзеньне ў наступным годзе Польшчай візавага рэжыму для жыхароў Калінінградзкай вобласьці "ня можа быць прынятае", зноў абвастрыліся дэбаты ў гэтай справе. Вядучыя польскія палітыкі заявілі, што словы Шырака не паўплываюць на агульную пазыцыю Эўрапейскага зьвязу, а літоўскі навуковец нават запрапанаваў выкапаць тунэль ад Калінінградзкай вобласьці да Беларусі.

Як вядома, ад 1 ліпеня наступнага году, за 6 месяцаў да ўступленьня ў Эўрапейскі Зьвяз, Польшча ўводзіць візавы рэжым для грамадзянаў Беларусі, Расеі і Ўкраіны. Гэта – патрабаваньне Аб’яднанай Эўропы. Аднак напярэдадні прэзыдэнт Францыі Жак Шырак у часе спатканьня ў Сочы з Ўладзімерам Пуціным насуперак агульнай пазыцыі Эўрапейскага Зьвязу, заявіў, што візавы рэжым для жыхароў Калінінградзкай вобласьці "ня можа быць прыняты".

Гэткую заяву адразу падтрымалі расейскія палітыкі, якія шматкроць заяўлялі, што не дазволяць, каб расейскія грамадзяне не маглі свабодна пераяжджаць з Калінінграду ў іншыя часткі краіны. З другога боку, у Польшчы, якую расейцы найчасьцей згадваюць як краіну, па чыёй тэрыторыі можна зрабіць бязьзвізавы калідор, словы Шырака былі ўспрынятыя з пэўнай насьцярожанасьцю.

"Падаецца, што заява, якую зрабіў Шырак, больш зьвязаная з прапагандай, чым з рэальным падыходам, і Францыя ня зьменіць сваёй пазыцыі ў гэтай справе", – паведаміў журналістам прэм’ер-міністар Польшчы Лешэк Мілер.

У сваю чаргу, старшыня, ці, па-польску, маршалэк Сойму Марэк Бароўскі лічыць, што такім чынам Францыя хоча ўсталяваць выключна прыязныя стасункі з Расеяй.

"Зьвярніце ўвагу на тое, што апошнім часам Злучаныя Штаты значна палепшылі свае стасункі з Расеяй. Францыя, якая заўсёды супернічае з ЗША ў розных сфэрах, спрабуе рабіць гэта і ў сфэры палітычнай", – упэўнены Марэк Бароўскі.

А прадстаўнікі Літвы ў Эўрапейскім Зьвязе заявілі, што іхная краіна будзе прытрымлівацца агульнай візавай палітыкі Эўразьвязу, замацаванай ў Шэнгенскім пагадненьні, якое не прадугледжвае ніякіх выключэньняў нават у выпадках кшталту Калінінградзкай вобласьці.

У гэтым палітычным тупіку зьяўляюцца самыя неверагодныя прапановы вырашэньня праблемы перамяшчэньня жыхароў расейскага анкляву па далучэньні Польшчы і Літвы да Эўразьвязу. Як паведамляе Польская прэсавая агенцыя, Альгімантас Амбразавічус, прафэсар літоўскай вайсковай акадэміі зь Вільні, прапанаваў учора выкапаць тунэль паміж Калінінградзкай вобласьцю і Беларусьсю пад польскай тэрыторыяй. Паводле літоўскага навукоўца, 70-кілямэтровы тунэль можна пабудаваць цягам году. Падарожжа праз такі тунэль будзе трываць каля гадзіны, а езьдзіць па ім могуць электрацягнікі, кшталту тых, што выкарыстоўваюцца ў мэтро.

Пакуль невядома, як да гэтай прапановы паставяцца зацікаўленыя бакі. Дзіўна тое, што голасу Беларусі, тэрыторыя якой увесь час згадваецца ў розных прапановах ў якасьці транзытнай для расейскіх грамадзянаў, у спрэчках вакол Калінінграду ніколі не чуваць. Як быццам бы афіцыйны Менск загадзя згодны на тое, што за яго вырашаць Масква, Брусэль і Варшава.

Аляксей Дзікавіцкі, Варшава