Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Беларускія чыноўнікі маюць намер зачыніць самы буйны кніжны кірмаш краіны. Падстава для гэтага абраная самая законная - адсутнасьць у гандляроў касавых апаратаў.

Па дарозе ў суботнія раніцы на кніжны кірмаш, неаднойчы думалася: пэўне, іншай такой чытэльнай нацыі няма ў сьвеце. Дзе ж яшчэ чалавек замест салодкага сну ў выходны дзень прачынаецца а 4-5-ай і на першым аўтобусе-тралейбусе дабіраецца ў аддалены раён у пошуках кнігі?

У нас жа да спартовага комплексу "Дынама" на Камсамольскім возеры, дзе працуе самы буйны кніжны кірмаш краіны, сьпяшаюцца зацемна: яшчэ ўначы атаварваюцца гуртавікі, бліжэй да дня - шараговыя чытачы.

Раней кірмаш працаваў побач - у фае Дому піянэраў і школьнікаў. Але гандляры нечага міжсобку не падзялілі - і частка перабралася ў спортовы комплекс, частка - перасялілася ў будынак Нацыянальнага выстаўнага цэнтру, што на вуліцы Я.Купалы.

Тысячы наведнікаў робяць свой выбар на карысьць кніжнага кірмашу зь дзьвюх прычынаў - дэмакратычныя кошты ды мноства самага рознага інтэлектуальнага прадукту. Акрамя кніг, тут кожны мае шанец падабраць чаго да школы альбо натрапіць на шуканую відэа-аўдыёкасэту, ці пацешыць сябе ўпадабаным сувэнірам.

Нізкія кошты тлумачацца тым, што гандляры прапаноўваюць літаратуру адразу з самых друкарняў, дзе да кошту кнігі прыплюсоўваюць хіба падатак на дададзеную вартасьць. Адсутнасьць ланцугу пасярэднікаў і выдаткаў на ўтрыманьне крамы ў выніку дае часам удвая-ўтрая меншыя кошты параўнальна з гарадзкімі кнігарнямі.

Натуральна, што аматары здабываньня новае інфармацыі й новых ведаў забываюцца на шлях у кнігарні й задавальняюць інтэлектуальныя ды эстэтычныя зацікаўленьні на кірмашы, ахвяруючы дзеля гэтага колькімі гадзінамі суботняга сну.

Аднак мінулыя выходныя кніжны кірмаш працаваў ці не апошні раз: працаўнікоў папярэдзілі, што без касавых апаратаў яны ня змогуць гандляваць. Ведама, тыя з абурэньнем паставіліся да такой навіны. Сапраўды, набываць за некалькі соцень даляраў касавы апарат, рэгістраваць яго ў падаткавай інспэкцыі ўсяго толькі дзеля 5-6 гадзінаў працы чатыры разы ў месяц, - не выдае на лягічны ход чыноўнікаў. Гарадзкія ж улады, між тым, абгрунтоўваюць сваё распараджэньне пастановамі, паводле якіх усе гандлёвыя кропкі мусяць мець касавыя апараты.

Каб зразумець, хто стаіць за такім рашэньнем, варта разважыць, каму яно выгоднае. Гандляром - не. Бо, акрамя выдаткаў і клопату пра гэтыя апараты, анічога яны не здабываюць. Пакупніком, пра якіх нібыта дбаюць звыш, забясьпечваючы ім прыкладаньне да тавару квітку й мажлівасьць вярнуць яго назад? Наўрад ці... Бо ў выпадку якой праблемы з кнігаю ці касэтаю, набытымі на кірмашы, тавар мянялі без аніякіх складанасьцяў.

Верагодна, гэтым разам супалі інтарэсы кніжных крамаў і кантрольных органаў. Першыя спадзяюцца прыбраць з кніжнага рынку канкурэнтаў і перавабіць рэальнага пакупніка. Іншыя атрымаюць дадатковы прыбытак ад падаткаў. Выйграюць, як зазвычай у нас, зусім не карыстальнікі кірмашу.

На 29 ліпеня прымеркаванае пікетаваньне гандляроў выстаўнага цэнтру "Паркінг" - яны маюць намер апратэставаць абавязкавасьць увядзеньня касавых апаратаў. Магчыма, да іх далучацца й кніжныя камэрсанты.

Радыё Рацыя