Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Камэнтуючы прызначаны на 24 жніўня аб'яднаўчы зьезд трох сацыял-дэмакратычных партыяў, лідэр "Народнай Грамады" Мікола Статкевіч заявіў Рацыі: "Калі да нуля прыбавіць нуль, то атрымаецца нуль". Сацыял-дэмакраты Шушкевіча, Караля й партыя жанчын "Надзея" ў гэтыя выходныя правялі нараду, на якой вызначылі фармат аб'яднаўчага зьезду. Мікола Статкевіч тым часам займаўся партыйным будаўніцтвам у рэгіёнах - ён наведаў шэсьць гарадоў Віцебскай вобласьці.

Лідэр сацыял-дэмакратычнай партыі "Народная Грамада" Мікола Статкевіч не хавае свайго скепсысу адносна плянаў аб'яднаньня сацыял-дэмакратаў Караля, "Грамады" Шушкевіча й партыі жанчын "Надзея" Палевіковай: "Узьдзеяньне гэтага факту на палітычную рэальнасьць Беларусі будзе мінімальным". "Калі да нуля прыбавіць нуль, то атрымаецца нуль" - лічыць лідэр "Народнай Грамады".

У Міколы Статкевіча "вялікія сумневы адносна таго, што аб'яднаўчы зьезд наагул адбудзецца. Людзі, ня здольныя ствараць рэальных падзеяў, будуць імітаваць стварэньне гэтых падзеяў". Спадар Статкевіч нагадаў, што такія зьезды ўжо прызначаліся і на люты, і на сакавік, на травень і ліпень. Аднак з гэтага нічога не атрымалася.

Лідэры трох сацыял-дэмакратычных партыяў сустрэліся ў суботу й дамовіліся правесьці аб'яднаўчы зьезд 24 жніўня сёлета. Валянціна Палевікова паведаміла Рацыі, што зьезд будзе працаваць два дні: у першы дзень адбудуцца зьезды трох партыяў, а на другі - аб'яднаўчы зьезд.

Пытаньня лідэрства Палевікова, Шушкевіч і Кароль пакуль ня вырашылі: "Мы прапануем аргкамітэту зьезду, каб ён абмеркаваў вылучэньне кандыдатаў на пасаду лідэраў". З прагнозаў лідэраў сацыял-дэмакратаў, колькасьць сябраў новай партыі перавысіць 4 тысячы чалавек. Зрэшты, Валянціна Палевікова спадзяецца, што іх можа быць і больш.

Тым часам Мікола Статкевіч сканцэнтраваўся на партыйным будаўніцтве ў рэгіёнах Беларусі. Апошнім разам лідэр "НГ" наведаў шэсьць гарадоў Віцебскай вобласьці - Міёры, Верхнядзьвінск, Браслаў, Паставы, Наваполацак і Навалукомль. Акрамя таго, у 15 гарадох краіны прайшлі акцыі супраць нявыплаты заробкаў настаўнікам. Акцыі адбываліся несанкцыянавана, і ў межах іх у Віцебску быў зладжаны шасьцігадзінны мітынг.

Радыё Рацыя
0058045