Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Зь неафіцыйных зьвестак, паводле індэксу чалавекаразьвіцьця ААН, Беларусь сёлета "зьехала" з 53-га на 56-е месца, прапусьціўшы наперад нават Кубу. У прадстаўніцтве ААН у Беларусі гэтыя лічбы пацьвердзілі, але адмовіліся іх камэнтаваць. Там патлумачылі, што на ўсе дадзеныя сёлетняй справаздачы ААН накладзенае эмбарга да моманту афіцыйнай прэзэнтацыі - 24 ліпеня.

Глябальная справаздача ААН па чалавечым разьвіцьці рыхтуецца штогод, і сёлета афіцыйная прэзэнтацыя дакумэнту за 2002 год адбудзецца ў Беларусі 24 ліпеня.

З папярэдніх неафіцыйных дадзеных, у 2002 годзе паводле індэксу чалавечага разьвіцьця, месца Беларусі паніжэла ў агульным рэйтынгу з 53-га да 56-га. Беларусь прапусьціла наперад Кубу й Мэксыку.

Тым ня менш, Беларусь застаецца на першым месцы, паводле гэтага паказьніку, сярод краінаў СНД. Вядома таксама, што абсалютныя паказьнікі індэксу чалавекаразьвіцьця для Беларусі павялічыліся.

Індэкс чалавечага разьвіцьця вылічваецца па некалькіх паказьніках - працягласьць жыцьця, магчымасьць атрымаць адукацыю, дабрабыт насельніцтва з улікам валавага ўнутранага прадукту.

Складнікі індэксу вылічваюцца з улікам афіцыйных зьвестак, якія падае беларускі ўрад. Іншыя паказьнікі разьлічваюцца па мэтодыках міжнародных арганізацыяў - інфармацыі пра валавы ўнутраны прадукт: напрыклад, разьлічваецца па мэтодыцы Ўсясьветнага Банку (парытэт пакупніцкай здольнасьці).

Унікальнасьць сёлетняй справаздачы, як стала вядома Рацыі, у тым, што ў дакумэнце ўпершыню суадносяцца працэсы дэмакратызацыі краіны з індэксам чалавечага разьвіцьця. Іншымі словамі, экспэрты ААН вырашылі прасачыць узаемазалежнасьць працэсаў дэмакратызацыі й росту індэксу. ААН паспрабавала запоўніць прагал у аналізе чалавечага разьвіцьця й высьветліць, як дэмакратычныя інстытуты ўплываюць на пашырэньне свабоды выбару людзей.

Радыё Рацыя