Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


17 ліпеня ў Маскоўскім раённым судзе Менску аднавіліся слуханьні па грамадзянскіх зысках сваякоў загінулых у 1999 годзе ў падземным пераходзе на Нямізе. Першае судовае паседжаньне распачалося месяц таму, але потым быў даволі працяглы перапынак.

Старшынюе ў працэсе судзьдзя Вольга Гусакова. У сераду суд заслухаў паказаньні экспэрта, які праводзіў псыхалягічную экспэртызу. Сярод асноўных прычынаў трагедыі экспэртыза называе рэзкае пагаршэньне надвор'я, незарганізаванасьць натоўпу й асаблівасьці мясцовасьці.

Нагадаем, адказьнікамі ў судзе выступаюць Менгарвыканкам, гарадзкое ўпраўленьне міліцыі, "Кляс-клюб "Джаз-Крафт", а таксама бровар "Аліварыя" й радыёстанцыя "Мір". Адказьнікі, натуральна, не прызнаюць сваёй віны ў трагедыі, спасылаючыся на немагчымасьць прадбачыць паводзіны натоўпу пры рэзкім пагаршэньні надвор'я.

Першыя слуханьні па грамадзянскіх справах "па Нямізе" адбыліся яшчэ ў 1999 годзе, аднак тады суд прыпыніў судовую вытворчасьць, бо адначасова суд атрымаў матэрыялы крымінальнай справы ў дачыненьні двух высокапастаўленых супрацоўнікаў ГУУС, якіх пракуратура абвінаваціла ў нядбайнасьці, што прывяла да сьмерці 53 чалавек, - Віктара Русака й Уладзімера Кандраціна. Аднак 25 сакавіка 2002 году суд спыніў гэтую крымінальную справу з прычыны мінаньня тэрміну даўніны.

Сваякоў загінулых такі паварот справы, натуральна, не задаволіў, як не задавальняюць іх і заўсёдныя адпіскі афіцыйных асобаў на іхнія скаргі й запыты, таму яны працягваюць дамагацца справядлівасьці.

У сераду судзьдзя Вольга Гусакова адхіліла хадайніцтва пацярпелых выклікаць у суд былога менскага мэра й экс-прэм'ер-міністра Ўладзімера Ярмошына, а таксама адказных супрацоўнікаў Менгарвыканкаму, гарадзкой міліцыі.

Радыё Рацыя
0058648