16-га ліпеня Ірына Красоўская й Сьвятлана Завадзкая - жонкі зьніклых беларускіх бізнэсоўца й журналіста - наведалі польскі Сэйм, дзе ўзялі ўдзел у паседжаньні парлямэнцкай камісіі ў міжнародных справах. Па выніках нарады парлямэнтары прынялі адмысловую рэзалюцыю й паабяцалі паінфармаваць пра вынікі слуханьняў прэзыдэнта Польшчы Квасьнеўскага.
Жанчыны выступалі ад імя беларускага фонду Генадзя Карпенкі, заснаванага некалькі гадоў таму жонкаю палітыка - Людмілай. Сама Людміла Карпенка, якая цяпер жыве ў Нямеччыне, прыехаць у Варшаву не змагла: разам з Вольгай Захаранкай яна ўдзельнічала ў Бэрлінскай сэсіі Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ й не пасьпела аформіць візу.
Візыт адбываўся на запрашэньне польскай парлямэнцкай фракцыі "Prawo i sprawiedliwosc" ("Закон і справядлівасьць"), якая й ініцыявала слуханьні ў міжнароднай камісіі. Адным з пытаньняў на паседжаньні былі менавіта польска-беларускія дачыненьні: дэпутаты Сэйму цікавіліся ня толькі лёсам зьніклых палітыкаў і ходам расьсьледаваньня іхных справаў, але й сытуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі ў цэлым. Пра вынікі слуханьняў распавяла Рацыі Ірына Красоўская.
І.К.: - Па-першае, мы пакінулі ім ліст, які быў падпісаны Людмілай Карпенкай, Вольгай Захаранкай, мною й Сьвятланай Завадзкай, у якім прасілі, каб польскі Сэйм падтрымаў нашу ідэю па стварэньні незалежнай камісіі па расьсьледаваньні гучных справаў і каб у сваіх парлямэнцкіх структурах - такіх як АБСЭ, Рада Эўропы - іх парлямэнтары таксама падтрымалі гэтую ідэю. Па-другое, мы прасілі ў гэтым лісьце, каб былі праведзеныя слуханьні па нашых справах у Сэйме й каб была прынятая нейкая рэзалюцыя да ўладаў Беларусі, якая тычылася б гэтых нашых справаў.
Як паведаміў жанчынам віцэ-прэзыдэнт міжнароднай камісіі Богдан Кліх, па выніках гэтага паседжаньня таксама была прынятая адмысловая рэзалюцыя. Але, згодна з працэдурай, перш чым абнародаваць дакумэнт, парлямэнтары павінны яго дапрацаваць і зацьвердзіць.
RR: - Гэта - ня першая вашая паездка й ня першы зварот да ўплывовых замежных і міжнародных структураў, і пра незалежную камісію Вы таксама ўжо заяўлялі… Ці ёсьць нейкія зрухі ў гэтай справе?
І.К.: - Я думаю, што ёсьць. Да прыкладу, у часе нашай апошняй паездкі на сэсію ПАРЭ ў Парыж, на камісіі па юрыдычных пытаньнях была рэзалюцыя аб стварэньні такой камісіі ды было заяўлена, што гэтае пытаньне канчаткова будзе вырашанае ў верасьні, на чарговай сэсіі Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы. Я думаю, гэта вялікі крок наперад…
Радыё Рацыя
Разделы
- TAM.BY — поиск компаний и услуг
- Probusiness.io — портал о бизнесе
- Hoster.by — хостинг и регистрация доменов
- Rebenok.by — энциклопедия для родителей
- av.by — покупка и продажа авто
- Ты можешь им помочь — благотворительность