Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


У сераду ў Менску лідэры трох сацыял-дэмакратычных партыяў правялі нараду, на якой абмеркавалі падрыхтоўку да аб'яднаўчага зьезду. Напрыканцы жніўня ў Беларусі павінна зьявіцца новая Аб'яднаная сацыял-дэмакратычная партыя з колькасьцю сябраў больш за 4 тысячы чалавек. Яе ўтвораць Грамада Шушкевіча, сацыял-дэмакраты Караля й "Надзея" Палевіковай. Спн. Палевікова паведаміла Рацыі, што эўрапейскія сацыял-дэмакраты, зь якімі яна сустракалася ў Бэрліне й Страсбургу, вітаюць працэс аб'яднаньня.

На перамовах у сераду Станіслаў Шушкевіч, Аляксей Кароль і Валянціна Палевікова вырашылі паскорыць працэс падрыхтоўкі да аб'яднаўчага зьезду й правесьці яго ня ўвосень, а напрыканцы жніўня. Яны тлумачаць гэта неабходнасьцю падрыхтавацца да мясцовых выбараў, на якія тры партыі вырашылі ісьці "адной аб'яднанай сілай". Хутчэй за усё новая партыя будзе называцца проста - Аб'яднаная сацыял-дэмакратычная партыя (АСДП).

20 ліпеня адбудзецца паседжаньне арганізацыйнага камітэту, на якім павінна быць вызначаная дакладная дата аб'яднаўчага зьезду. Валянціна Палевікова паведаміла Рацыі, што зьезд пройдзе ў два дні: у першы дзень адбудуцца зьезды трох партыяў, а на другі дзень - аб'яднаўчы зьезд.

Пытаньня лідэрства Палевікова, Шушкевіч і Кароль пакуль ня вырашылі. "Мы прапануем аргкамітэту зьезду, каб ён абмеркаваў вылучэньне кандыдатаў на пасаду лідэраў".

Па прагнозах лідэраў сацыял-дэмакратаў, колькасьць сябраў новай партыі перавысіць 4 тысячы чалавек. Зрэшты, Валянціна Палевікова спадзяецца, што колькасьць сябраў можа быць і большаю.

Падставай для такіх аптымістычных прагнозаў ёсьць ня толькі праца ў прамысловых цэнтрах і абласных гарадох, якую зараз праводзяць лідэры трох партыяў, але й "новыя матывацыі ў прафсаюзных арганізацыяў". Старшыня "Надзеі" мяркуе, што "пасьля здрады ў ФПБ, якая пастаўленая пад кантроль прэзыдэнцкай адміністрацыі, шмат якія прафсаюзы зацікавяцца новай партыяй. А прафсаюзы былі й ёсьць базай для сацыял-дэмакратаў".

Стварэньне новай сацыял-дэмакратычнай партыі на падмурку трох "старых" Палевікова назвала толькі першым крокам. Яна прагназуе, што потым да аб'яднаўчага працэсу далучацца й іншыя партыі сацыял-дэмакратычнай скіраванасьці, напрыклад, партыя "працы" Бухвостава.

Пра сацыял-дэмакратаў з "Народнай Грамады" Статкевіча Палевікова не сказала нічога.

Яна паведаміла, што да аб'яднаньня беларускіх сацыял-дэмакратаў "падштурхоўвалі й эўрапейцы". Палевікова сустракалася з сацыялістамі ў Бэрліне й Страсбургу ды заявіла, што "эўрапейскі сацыялісты чакаюць аб'яднаньня й гатовыя нам дапамагаць".

Радыё Рацыя