Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


У суботу ў Менску прайшоў чарговы сойм партыі БНФ (яны ладзяцца штомесяц). На ім разглядаліся два асноўныя пытаньні: сёньняшняя геапалітычная сытуацыя вакол Беларусі (пасьля вонкавага ахаладжэньня беларуска-расейскіх інтэграцыйных памкненьняў) і мясцовыя выбары. Партыя БНФ выступае за ўтварэньне дэмакратычнай кааліцыі на выбарах, але пакуль ня бачыць шырокай падтрымкі гэтай ідэі з боку іншых партыяў.

13-га ліпеня сойм прыняў дакумэнт пад назвай "Эўрапейская ініцыятыва", у якой партыя выкладае ўласнае бачаньне новай сытуацыі, што склалася пасьля нядаўніяга "абмену" рэзкімі заявамі расейскага й беларускага лідэраў. Кіраўнік партыі Вінцук Вячорка, прэзэнтуючы "Эўрапейскую ініцыятыву", заявіў літаральна наступнае (цытата паводле агенцыі БелаПАН): "Палiтыка Лукашэнкi, скiраваная на стварэньне гэтак званага саюзу Расеi й Беларусi... пацярпела крах. Расейскае кiраўнiцтва выставiла яму ўльтыматум: альбо Беларусь уваходзiць у склад Расейскай Фэдэрацыi, альбо ўся стратэгiя стварэньня "саюзу" пераглядаецца".

Лідэр партыі лічыць небясьпечным тое, як камэнтуе гэтыя падзеі грамадзкасьць у Беларусі: калі адныя кажуць, што цяпер А.Лукашэнка "зробіцца незалежнікам, бо яму няма куды падзецца", а другія - што праз Расею ў Беларусь можна "імпартаваць" дэмакратыю. Пазыцыя партыі БНФ - прынцыпова адрозная. Яе агучыў для Рацыі адказны сакратар управы БНФ Аляксей Кавалец.

А.К.: - Нам ня трэба ў Эўропу ісьці, уступаючы ў Расею, таму што мы можам не апынуцца ў Эўропе наагул. Усе расейскія тэхналёгіі для нас небясьпечныя, і яшчэ небясьпечнае тое, што многія думаюць: Лукашэнка будзе бараніць незалежнасьць. Можа быць, гэта якраз праект нейкі сумесны, і ён толькі робіць выгляд, што яго абражаюць, а ён абураецца…

Такім чынам, партыя БНФ лічыць неабходным для Беларусі "вярнуцца ў Эўропу ня толькi цывiлiзацыйна, але й арганiзацыйна" й уступаць ва ўсе эўрапейскія структуры й у НАТО самастойна, як сувэрэнная дзяржава.

Другое пытаньне сойму тычылася падрыхтоўкі да мясцовых выбараў, што стартуюць у Беларусі ўжо ўзімку гэтага году. Удзельнікі сойму, сярод іншага, зацьвердзілі сьпіс кандыдатаў у дэпутаты па Менску. Зрэшты, паводле А.Кавальца, гэтыя сьпісы яшчэ могуць карэктавацца.

А.К.: - Нічога канчатковага няма: усё можа карэктавацца, дапаўняцца… У рэгіёнах, мы вырашылі, самі абласныя рады правядуць сходы й зацьвердзяць свае сьпісы. У многіх вобласьцях ужо такія сьпісы ёсьць, у Магілеўскай вобласьці, да прыкладу… Гэта для таго, каб можна было працаваць на месцы, дзяліць акругі, калі ёсьць згода дэмакратычных партыяў.

RR: - Наконт згоды. Ці ішла на сойме гаворка пра тое, каб стварыць кааліцыю зь іншымі дэмакратычнымі партыямі?

А.К.: - Мы за тое, каб была кааліцыя, каб была палітычная, партыйная кааліцыя. Калі няма кааліцыі й калі будуць спаборнічаць паміж сабою дэмакратычныя сілы, то гэта будзе вельмі кепска.

У той жа час, удзельнікі сойму канстатуюць, што далёка ня ўсе палітычныя партыі дэмакратычнага кірунку пакуль падтрымліваюць ідэю кааліцыі й тым самым, па выразе Аляксея Кавальца, зьбіраюцца "наступіць на тыя ж граблі".

А.К.: - Няма ўпэўненасьці, якая пазыцыя ў АГП; сацыял-дэмакраты Статкевіча абсалютна паўсюль сваіх выстаўляюць і ні на кога не глядзяць: для іх не цікавыя гэтыя кааліцыі, хаця яны дэкляруюць тое, што яны - за кааліцыю… Хаця ёсьць моцная частка сацыял-дэмакратаў Караля, якая ідзе на кааліцыянаваньне.

Зрэшты, пытаньне пра стварэньне кааліцыі ўсё роўна будзе вырашацца толькі на паседжаньні Каардынацыйнай рады дэмакратычных сілаў. КРДС будзе скліканы на працягу найбліжэйшых двух тыдняў, - паведаміў Рацыі Аляксей Кавалец.

Радыё Рацыя