Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Зноў у Беларусь прыбыла прадстаўнічая ўрадавая дэлегацыя з Іраку. Гэты візыт, натуральна, выклікаў асаблівую ўвагу міжнароднай супольнасьці й мэдыяў, бо адбываецца ён на фоне чутак пра новую вайну ў Пэрсыдзкай затоцы. Дачыненьні ЗША й Іраку абвастраюцца, а Беларусь дэманстратыўна прымае адну дэлегацыю за другой.

Нагадаем, папярэдняя высокая ірацкая дэлегацыя наведала Менск у сакавіку й была прынятая прэзыдэнтам Аляксандрам Лукашэнкам. Пры канцы красавіка прадстаўнічая беларуская дэлегацыя на чале з намесьнікам кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Леанідам Козікам зь візытам у адказ прыбыла ў Багдад. Беларусы прывезьлі з сабой брыгаду першаклясных хірургаў, якія зрабілі шмат складаных апэрацыяў ірацкім дзецям.

І вось14 ліпеня зноў іракцы - у госьці да нас. Кіраўнік дэлегацыі - намесьнік прэм'ер-міністра Абдэль Таваб Мула Хуэйш, у складзе яе - прадстаўнікі міністэрстваў прамысловасьці, адукацыі й навуковых досьледаў. Як паведамляе прэсавая служба МЗС, заплянаваныя сустрэчы зь першым намесьнікам беларускага прэм'ера Сяргеем Сідорскім, намесьнікам кіраўніка адміністрацыі - са старшынём беларускай часткі Беларуска-ірацкай камісіі Леанідам Козікам, з кіраўніцтвам шэрагу міністэрстваў, Нацыянальнай Акадэміі навук.

Дэлегацыя Іраку наведае вытворчыя аб'яднаньні "Нафтан", "Азот", Беларускага мэталюргічнага заводу. Будуць дэталёва разглядацца пэрспэктывы ўдзелу беларускіх прадпрыемстваў у важных для Іраку праектах мадэрнізацыі ды аднаўленьня вытворчасьці трактароў, рухавікоў, грузавых аўтамабіляў, шкла, а таксама магчымасьці рэалізацыі сумесных праектаў стварэньня ў Іраку зборачнай вытворчасьці рухавікоў Менскага маторнага заводу, трактароў у горадзе Скандэрыі ды мадэрнізацыі заводу шкляной тары у горадзе Рамадзі.

Цікавую даведку даслала прэсавая служба МЗС: па выніках 2001 году беларускі экспарт у Ірак перавысіў 26 млн даляраў. За студзень-травень 2002 году экспарт склаў каля 11,5 млн даляраў. Пра імпарт з Іраку згадкі няма.

Радыё Рацыя
0058648