Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Касэту фільмаў з удзелам беларускага актора й барда Віктара Шалкевіча выдала аб'яднаньне "Беларускі відэаклюб". Радыё Рацыя як адзін зь інфармацыйных спонсараў праекту распавядае ў сваёй сёньняшняй праграме пра гэтыя ды іншыя беларускія й замежныя фільмы, якія відэааматары могуць (альбо змогуць найбліжэйшым часам) паглядзець на роднай мове.

"Навінкамі відэа" кінапрацы, што выйшлі на касэце, не назавеш: адна зь іх - мастацка-публіцыстычная стужка "Сьлёзы блуднага сына" - зьнятая ў 1995 г. Другая - гістарычна-мастацкая карціна "Салодкі яд каханьня" - зьявілася ў 1996 г.

Беларуская цярплівасьць - гэта мудрасьць ці схільнасьць да рабства - ад таго, што зачаста хадзілі пад бізуном? Чым вылекаваць летаргію ў нашага народу? Задумацца над гэтымі пытаньнямі (праўда, у выніку так і ня дорачы надзеі на адказы) заклікае фільм Віктара Асьлюка "Сьлёзы блуднага сына".

Другая ж стужка прапануе адмысловую вэрсію гісторыі каханьня караля Жыгімонта й Барбары Радзівіл. Ці маюць вялікія гэтага сьвету права на самаадданае пачуцьцё? Хто перамагае ў гэтай бітве паміж Богам і д'яблам? Гэтыя пытаньні дасьледуе аўтар сцэнара й рэжысэр стужкі "Салодкі яд каханьня" - Віктар Дашук.

Як паведаміў РР кіраўнік "Беларускага відэаклюбу" пры Таварыстве Беларускае Мовы Віталь Станішэўскі, дагэтуль фільмы існавалі на касэтах, але тыражаваліся саматужна, сярод "сваіх" - адным словам, ня мелі ані таварнага статусу, ані таварнага выгляду.

Касэты ж, выпусканыя "Беларускім відэаклюбам", нічым ня розьняцца ад звычайнае, шырока карыстанае відэапрадукцыі. Хіба што вокладкі некаторых касэтаў будуць чорна-белыя - як і самі выпусканыя фільмы: да прыкладу, "На чорных лядах" зьняты паводле твораў Васіля Быкава Валерам Панамаровым - пра падзеі Слуцкага паўстаньня 1920 г. Карціна была зьнятая ў 1994 г., але ў часе папярэдніх праглядаў чыноўнікі Мінкульту знайшлі ў фільме крамолу. І вось цяпер фільм выйшаў на відэа.

У найбліжэйшых плянах "Беларускага відэаклюбу" - перавыданьне дакумэнтальнага фільма "Вяртаньне Міхася Забэйды". Сярод больш далёкіх праектаў - "Хрыстос прызямліўся ў Гародні" паводле кнігі Караткевіча. Аднак, айчынным кіно, "хаця яно й зьяўляецца прыярытэтным кірункам, дзейнасьць відэаклюбу не абмяжоўваецца", - кажа Віталь Станішэўскі.

В.С.: - Мы плянавалі перакласьці якраз рознаплянавыя фільмы, разьлічаныя на розную аўдыторыю: па-першае - айчыннае кіно, потым некалькі замежных стужак, сярод якіх - адзін фантастычны фільм, другі рамантычны, трэці - сямейны й чацьверты - дзіцячы мультфільм - "Кароль-леў". Ну й яшчэ плянавалі музычную відэазборку - "Вольныя танцы" выйдуць у будучым. Так што на розныя катэгорыі разьлічаная нашая дзейнасьць; зь імі і працуем.

Варта зазначыць, што замежныя фільмы, сярод якіх ужо былі такія ўсясьветныя бэстсэлеры, як "Адважнае сэрца", "Пяты элемэнт", "Ісус", перакладаюцца без выкарыстаньня расейскамоўнае вэрсіі, з арыгіналаў, якія набыць ў Менску сёньня даволі проста. Зараз вядзецца праца над мастацкімі фільмамі "Матрыца", "Красуня", а таксама двума знакамітымі польскімі стужкамі "Пан Тадэвуш" і "Агнём і мечам". Зноў гаворыць Віталь Станішэўскі.

В.С.: - Самая агульная нашая мэта - гэта спрыяньне беларускім кінааматарам. Дэманстрацыя фільмаў, пераклад, выданьне існых, а таксама інфармаваньне, што мы робім у прыватнасьці на сваёй інтэрнэт-старонцы www.belvideo.cjb.net. Мы заўважылі, што цікавасьць да айчынных фільмаў крышку большая сярод сьвядомых гледачоў. Ну й адпаведна яны хутчэй купляюцца. І гэта дае магчымасьць перакладаць наступныя айчынныя фільмы й перакладаць замежныя. Аўдыторыя - гэта тыя беларусы, якія хочуць весьці культурнае жыцьцё на зразумелай ім мове, які я ўжо даўно размаўляюць па-беларуску, але вось не было фільмаў… Па-другое, гэта тыя, хто толькі авалодвае гэтаю мовай і хоча ёй навучыцца. Аўдыторыя пакуль ня надта вялікая, але, магчыма, гэта проста вынік браку інфармацыі. (Сапраўды, клюб разгарнуў дзейнасьць толькі ў 2000 г.). А між тым сёньня кожны, хто жадае ўзбагаціць сваю відэатэку беларускамоўным відэа, можа атрымаць поўны каталёг гэтых твораў і выбраць патрэбнае. Да таго ж, сёньня відэаклюб складае кінасотню стагодзьдзя з улікам глядацкіх водгукаў.

Удзел у гэтым апытаньні можна ўзяць, даслаўшы сьпіс сваіх улюбёных стужак на адрас: 220107, Менск, а/с 150, або e-mail: lit@tut.by. Набыць жа згаданыя намі сёньня стужкі можна ў сядзібе ТБМ (Менск, вул. Румянцава, 13) ці па замове, дасланай на той жа паштовы адрас.

Вольга Бабак

Радыё Рацыя
0058648