Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Кульмінацыяй візыту у Беларусь генэральнага дырэктара ЮНЭСКО (UNESCO) Каіціры Мацууры павінна стаць усталяваньне 9 ліпеня мэмарыяльнай табліцы на Мірскім замку й уключэньне яго ў сьпіс Усясьветнай культурнай спадчыны ЮНЭСКО. Сп. Мацуура будзе знаходзіцца ў Беларусі з 8 да 10 чэрвеня. На аўторак у яго заплянаваная сустрэча з Аляксандрам Лукашэнкам.

Адмыслоўцы спадзяюцца, што візыт у Беларусь генэральнага дырэктара ЮНЭСКО (UNESCO) Каіціры Мацууры паскорыць рэстаўрацыю Мірскага замку. Мяркуецца, што пасьля таго, як 9 ліпеня Мацуура адкрые мэмарыяльную табліцу й улучыць замак у сьпіс Усясьветнай культурнай спадчыны, Мір здолее атрымаць фінасаваньне, неабходнае замарожанай цяпер рэстаўрацыі. Сума, якую можа атрымаць Мірскі замак, не называецца.

Каіціра Мацуура прылятае ў Беларусь 8 ліпеня. У гэты ж дзень ён возьме ўдзел цырымоніі адкрыцьця Нацыянальнага цэнтру інфармацыі й дакумэнтацыі ЮНЭСКО (UNESCO) пры нацыянальнай бібліятэцы РБ. Пра гэта нам паведаміў дарадца прадстаўніка ААН у Беларусі Ўладзімер Шчэрбаў.

На 9 ліпеня заплянаваная сустрэча сп. Мацууры з кіраўніком Беларусі Лукашэнкам, а потым удзел у міжнародным сымпозіюме "Разнастайнасьць моваў і культураў у кантэксьце глябалізацыі". У сымпозіюме возьмуць удзел прадстаўнікі Таварыства беларускай мовы. Намесьнік старшыні ТБМ Сяржук Кручкоў паведаміў нам, што й старшыня ТБМ і ягоныя намесьнікі маюць намер давесьці да прадстаўніка міжнароднай арганіазцыі катастрафічны стан беларускай мовы. "Мы лічым, што нездавальняльны стан, у якім нацыянальная мова знаходзіцца ў Беларусі, павінен зацікавіць ЮНЭСКО", - паведаміў сп. Кручкоў. Паводле ягоных словаў, ТБМ мае намер абмеркаваць з Мацуурам шэраг праектаў.

Завершыцца візыт Мацууры ў Беларусь падпісаньнем 10 ліпеня Мэмарандума пра далейшае супрацоўніцтва. Зь беларускага боку подпіс пад дакумэнтам паставіць міністар замежных справаў Беларусі Міхаіл Хвастоў. У МЗС Беларусі адмовіліся паведаміць, ці ўтрымліваюцца ў дакумэнце канкрэтныя прапановы пра супрацоўніцтва.

Радыё Рацыя
0058045