Кастусь ЛАШКЕВІЧ, / Кастусь ЛАШКЕВІЧ

129 год назад, 13 сакавіка 1881 года, рэвалюцыянер-народаволец Ігнат Грынявіцкі падарваў расійскага цара Аляксандра ІІ. Ён быў, бадай, першым у гісторыі ў шэрагу беларускіх тэрарыстаў. TUT.BY прыгадаў іншыя найбольш рэзанансныя імёны і здарэнні.


Ігнат Грынявіцкі


3 сакавіка 1881 года на набярэжнай Кацярынінскага канала ў Пецярбургу, дзе спынілася карэта Аляксандра II, прагучаў магутны выбух. Цар і тры чалавекі з ягонага атачэння былі забіты, яшчэ шасцёра атрымалі цяжкія пашкоджанні. Бомбу ў самадзержца кінуў 25-гадовы беларускі шляхціч Ігнат Грынявіцкі, які таксама атрымаў смяротныя раненні.

Грынявіцкі нарадзіўся ў 1855(56) годзе ў маёнтку Басін Бабруйскага павета Мінскай губерні (цяпер вёска Калінаўка на Магілёўшчыне). На “выдатна” скончыў Беластоцкую рэальную гімназію, паступіўшы на мэханічны факультэт Тэхналагічнага інстытута ў Пецярбургу. Там ён далучыўся да студэнцкага рэвалюцыйнага руху. Расчараваўшыся ў “хаджэнні ў народ”, Ігнат уступае ў найбуйнешую народніцкую арганізацыю “Народная воля”, мэта якой - знішчэнне самадзяржаўя, усталяванне дэмакратычных свабод і перадача зямлі сялянам. Ён распаўсюджвае нелегальную літаратуру, працуе ў падпольнай друкарні, вядзе прапаганду сярод рабочых. Узімку 1880-81 Грынявіцкі, абраны адным з чатырох выканаўцаў тэракту, адсочвае перамяшчэнні цара Аляксандра ІІ.

“Ён памрэ, а разам з ім памрэм і мы, яго ворагі, яго забойцы. Гэта неабходна дзеля свабоды, бо ў выніку значна пахіснецца тое, што хітрыя людзі называюць кіраваннем — манархічным, неабмежаваным, а мы - дэспатызмам...” - напісаў у перадсмяротным запавеце Грынявіцкі.

“Уладзімір Караткевіч лічыў, што Грынявіцкі разам з іншымі рэвалюцыянерамі з Беларусі выстаўляў Аляксандру II і свой рахунак: задушэнне паўстання 1863 года, забарона беларускага друкаванага слова, закрыццё апошняй у беларускіх губернях вышэйшай навучальнай установы”, - пісаў Уладзімір Арлоў у кнізе “Імёны свабоды”. Другія гісторыкі аднак сцвярджаюць, што “нацыянальныя матывы ў той час не адыгрывалі ніякай ролі ў расійскім рэвалюцыйным руху”. Як бы там ні было, ў 1884 годзе паслядоўнікі Грынявіцкага выдалі ў Пецярбургу часопіс "Гомон", у якім упершыню агучылі патрабаванне федэратыўнай самастойнасці беларускай нацыі.


Іван Пуліхаў


Мінчук Іван Пуліхаў, у гонар якога названа адна са сталічных вуліц, быў сынам прысланага з Курску каморніка. Да рэвалюцыйнага руху ён далучыўся падчас навучання ў Пецярбургу, за што быў высланы пад нагляд паліцыі дадому. У Мінску хлопец становіцца актыўным дзеячам мясцовай арганізацыі Партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў.

30 кастрычніка 1905 года мінскі губернатар Курлоў загадаў расстраляць мірную шматтысячную дэманстрацыю мінчукоў, у выніку чаго загінула блізу ста чалавек. Мінскія эсэры вынеслі Курлову смяротны прысуд, выканаць які ўзяліся Іван Пуліхаў і дачка генерал-лейтэнанта артылерыі Аляксандра Ізмайловіч. Спроба забойства губернатара 27 студзеня 1906 года на плошчы перад Петрапаўлаўскім саборам (зруйнаваны ў 1937 г.) не ўдалася, і праз месяц Пуліхава павесілі ў двары Пішчалаўскага замка, вядомага сёння як “Валадарка”. У 1928 годзе паліткатаржане паставілі на ягонай магіле на Старажоўскіх могілках гранітны помнік. У 1954-м магілу эсэра перанеслі на Вайсковыя могілкі. Аляксандру Ізмайловіч расстралялі ўжо бальшавікі.


Барыс Каверда


7 чэрвеня 1927 года на варшаўскім вакзале быў застрэлены пасол СССР у Польшчы Пётр Войкаў, вядомы сваім удзелам у расстрэле сям’і імператара Мікалая ІІ. Забойцам апынуўся 19-гадовы Барыс Каверда.

Доўгія дзесяцігоддзі імя Каверды было ахутана таямніцай. Расійскія эмігранцкія і савецкія выданні называлі яго “манархістам” і “белагвардзейцам”, беларускія гісторыкі - “беларускім патрыётам”. Беларус з паходжання, Каверда, як і дзве ягоныя сястры, спачатку навучаўся ў Віленскай беларускай гімназіі, але палічыў вучнёўскі асяродак надта пракамуністычным. Даследнік ягонага жыцця Валянцін Грыцкевіч прыйшоў да высновы, што “забойства савецкага дыпламата да беларускіх справаў дачынення не мае”.

“Частка перыёдыкаў называе мяне манархістам. Я не манархіст… Я дэмакрат, - казаў сам Каверда. - Забіваючы Войкава, я хацеў помсціць за мільёны, аказаць паслугу бацькаўшчыне… Я ж жадаю, каб у Расіі быў калі-небудзь урад, толькі не бальшавіцкі, не камуністычны, не банда разбойнікаў, якая знішчыла мільёны рускага народу”.

Польскі суд асудзіў яго на пажыццёвую катаргу, аднак праз дзесяць гадоў была абвешчана амністыя. Пасля вайны Каверда з сям’ёй пераехаў ў ЗША, дзе ў расійскай эмігранцкай прэсе надрукаваў падрабязныя ўспаміны пра замах і памёр у 1987-м годзе.


Кірыл Арлоўскі

Адзін з кіраўнікоў партызанскага руху ў Заходняй Беларусі і падчас Вялікай Айчыннай вайны, гаспадарчы дзеяч. Герой Савецкага Саюза і Сацыялістычнай Працы, узнагароджаны пяццю ардэнамі Леніна, двума ардэнамі Працоўнага Чырвонага сцяга. Гэта вытрымкі з доблеснай біяграфіі ўраджэнца вёскі Мышкавічы, што на Магілёўшчыне, Кірыла Арлоўскага, які быў адным з герояў БССРаўскай прапаганды. Праўда, з распадам СССР і адкрыццём архіваў яго вобраз значна пацьмянеў.

“Акрамя фінансавай падтрымкі рэвалюцыйнага руху Заходняй Беларусі бальшавікі вялі тэрарыстычную вайну супраць суверэннай Польшчы, з якой у СССР была мірная дамова (Паводле Рыжскай мірнай дамовы 1921 г. Беларусь была падзелена напалам паміж савецкай Расіяй і Польшчай. - TUT.BY), - распавядае даследнік акупацыйных рэжымаў у Заходняй Беларусі, аўтар сенсацыйнай кнігі "Недозволенная память: Западная Беларусь в документах и фактах, 1921-1954" Аляксандр Татаранка. - У Лошыцы пад Мінскам, дзе ў 1920-30 гг. базаваўся дыверсійна-тэрарыстычны цэнтр ГПУ-НКВД СССР, савецкія эмісары рыхтавалі спецатрады, якія затым пераходзілі мяжу і дзейнічалі на тэрыторыі Заходняй Беларусі. Вядома, што з красавіка 1924 па лістапад 1925 "рэвалюцыйныя элементы" ажыццявілі 280 тэрарыстычных актаў, у якіх пацярпелі невінаватыя людзі. У цынічнай справаздачы сталінскага баявіка Кірыла Арлоўскага (Аршынава), які 72 разы пераходзіў савецка-польскую мяжу, гаварылася: "З 1920 па 1925 гг. па ўказанні Разведупра працаваў на тэрыторыі ЗБ. За адзін толькі 1924 год па маёй ініцыятыве і асабіста мною забіта больш за 100 чалавек".

Менавіта ў 1920-х бальшавікі апрабавалі метады правакавання польскіх улад на карныя аперацыі супраць беларускага насельніцтва, якія сталі адной з асноўных партызанскіх стратэгій падчас нацысцкай акупацыі.


Алена Мазанік


У часе Другой сусветнай вайны і нямецкай акупацыі тэрарыстычныя акты былі адным з метадаў барацьбы савецкіх падпольшчыкаў ды партызан супраць нацыстаў і калабарантаў. Верагодна, самая гучная акцыя адбылася а 1-й гадзіне ночы 22 верасня 1943 года, калі ва ўласным ложку быў падарваны генеральны камісар Генеральнай акругі "Беларусь" Вільгельм Кубэ. Выбухоўку для галоўнага нацыста акупаванай Беларусі падклала ўраджэнка Пухавіччыны Алена Мазанік, якая працавала ў яго прыбіральшчыцай. Падпольная аперацыя па ліквідацыі Кубэ, за выкананне якой Мазанік, а таксама яе памочніцы Осіпава і Траян атрымалі зоркі Героя, набыла ў СССР легендарную афарбоўку. Аднак ужо ў суверэнныя часы, грунтуючыся на рассакрэчаных дакументах, гісторыкі прыйшлі да высновы, што ажыццяўленню тэракта, верагодна, спрыяла СС, у якой з Кубэ быў канфлікт.

Дадамо, што толькі трэці замах на Кубэ дасягнуў мэты. Першы ж адбыўся 22 чэрвеня 1943 у Мінскім гарадскім тэатры, дзе мусіла адбыцца ўрачыстае абвяшчэнне новай калабаранцкай арганізацыі - Саюза беларускай моладзі. Генкамісар з’ехаў значна раней, чым планавалася, а закладзеная пад сцэну бомба выбухнула падчас спектаклю па п’есе Францішка Аляхновіча “Пан міністар”. 13 загінулых былі маладымі дзяўчатамі і хлопцамі.


Валеры Фабрыкант

21 жніўня 1992 года Канаду скаланула злачынства, якое лічыцца адным з самых крывавых у гісторыі краіны. Дацэнт універсітэта Канкордыя (Манрэаль) Валеры Фабрыкант у калідоры навучальнай установы расстраляў чатырох калегаў-прафесараў з паляўнічай стрэльбы. Як стала вядома потым, Фабрыкант нарадзіўся ў 1940 годзе ў Мінску, дзе вывучыўся на фізіка (матэматыка) і займаўся навукай. У 1979-м ён іміграваў адразу ў ЗША, а адтуль - у Канаду, дзе ўладкаваўся на машынабудаўнічы факультэт універсітэта Канкордыя.

Каб дамагчыся прызнання, мінчук стаў пісаць навуковыя працы для сваіх канадскіх калегаў, якія потым публікавалі іх пад сваімі імёнамі. Выкарыстоўваючы шантаж, Фабрыкант стаў дацэнтам, але прагнуў прафесарскай пасады з кафедрай, у чым кіраўніцтва яму адмаўляла. Пасля чарговага "не" навуковец паабяцаў: "Я вас усіх перастраляю!"

Па словах Фабрыканта, забітыя прафесары перашкаджалі яго падвышэнню па службе. Насамрэч яны папросту першымі трапіліся на шляху забойцы. На судзе мінчук, якога лекары прызналі хворым на параною, заявіў, што з'яўляецца ахвярай змовы і антысемітызму. У выніку ён быў асуджаны на пажыццёвае зняволенне без права на памілаванне да 24 жніўня 2017. За кратамі Фабрыкант працягнуў "барацьбу з урадам Канады", патрабуючы кампенсацыі за гвалт над яго невінаватасцю.


Аляксандр Зюлькоў

11 чэрвеня 1996 года 43-гадовы псіхапат Аляксандар Зюлькоў захапіў ў закладнікі 15 дзяцей і дзвюх выхавацелек сталічнага дзіцячага садка № 511. Пагражаючы самаробным выбуховым прыстасаваннем, ён запатрабаваў сустрэчы з генпракурорам Беларусі, маскоўскім адвакатам і здымачнай групай расійскага тэлеканала. У выніку перамоваў з тэрарыстам супрацоўнікі “Алмаза” дабіліся вызвалення дзяцей, пасля чаго Зюлькова ліквідавалі. Толькі потым стала вядома, што выбухоўка ў дыпламаце, які мужчына трымаў у руцэ, мусіла спрацаваць пры поўным згінанні і разгінанні пальца. Воляй лёсу прыстасаванне не спрацавала, захаваўшы жыцці “алмазаўцам”.


Забойца дзяржкантралёра

1 кастрычніка 1997 года ў пад’ездзе ўласнага дома ў Магілёве быў забіты старшыня дзяржкантролю па Магілёўскай вобласці Яўген Мікалуцкі. Закладзеная ў смеццеправод бомба была прыведзена ў дзеянне з дапамогай радыёсігнала. У афіцыйным некралогу канстатавалася, што Мікалуцкі “загінуў у выніку тэракта”. Трох магілёўцаў, абвінавачаных у арганізацыі забойства, асудзілі. Чацвёрты, маёр КДБ у адстаўцы, згодна з афіцыйнай версіяй, наклаў на сябе рукі ў следчым ізалятары Магілёўскага УУС.

Пасля суду, які адбываўся пры зачыненых дзвярах, Ала Мікалуцкая, якая падчас выбуху знаходзілася побач з мужам, заявіла: “Я ведаю, што заказчык ходзіць на волі… Забойства майго мужа - гэтае палітычнае заказное забойства".

Потым у прэсе з’явілася неафіцыйная інфармацыя, нібыта ў сейфе чыноўніка былі знойдзены вялікія грошы, а забойства насіла “камерцыйны характар”.

Характэрна, што ў тым жа 1997-м па Беларусі пракацілася цэлая хваля выбухаў: на газакампрэсарнай станцыі Крупкі Мінскай вобласці, газаправодзе Таржок-Мінск-Івацэвічы, у судах Савецкага раёна Мінска і Мінскага раёна Заслаўля, а таксама ў пад’ездзе жылога дома на сталічнай вуліцы Авакяна. Ніхто не пацярпеў, а адказнасць за выбухі на сябе бралі дзве неідэнтыфікаваныя арганізацыі - “Беларуская вызвольная армія” і “Новы парадак”. 21 кастрычніка прэзідэнт Беларусі падпісаў дэкрэт № 21 "О неотложных мерах по борьбе с терроризмом и иными особо опасными насильственными преступлениями".


Андрэй Місюра

У снежні 2005 падчас контртэрарыстычнай аперацыі ў Іспаніі было затрымана 16 ісламістаў, блізкіх да Аль-Каіды. Іх абвінавацілі ў вярбоўцы і навучанні баявікоў і тэрарыстаў-смяротнікаў. Сярод затрыманых нечакана апынуўся 30-гадовы беларус Андрэй Місюра, які хаваўся пад імёнамі Сяргей Малышаў і Амін аль-Ансары.

У Мінску земляка прызналі. Выявілася, што ён скончыў геафак БДУ, дзе на ваеннай кафедры навучаўся па спецыяльнасці "хімічныя войскі", прыняў іслам і ў 1999 годзе з’ехаў за мяжу.

Як паведамлялі СМІ са спасылкай на іспанскія спецслужбы, яшчэ напрыканцы 1990-х Місюра стаў даверанай асобай кіраўніка затрыманай групы іракца Абу Суфіана, які ў сваю чаргу ўваходзіў ў найбліжэйшае атачэнне “тэрарыста №2” Абу Мусаба аль-Заркаўі. Сцвярджалася, што беларус, які адказваў ў баявікоў за хімічную зброю, атрымаў ваенную адукацыю ў Чачні, а духоўную - у Пакістане. Нібыта, ён ваяваў за Аль-Каіду ў Пакістане і Азербайджане ды раз’яджаў па Еўропе, навучаючы баявікоў вайсковай справе.

За два тыдні да затрымання ён пісаў маці ў Мінск, як “цяжка прабіцца ў гэтым жыцці звычайным людзям”.

Следства па справе затрыманых ісламістаў мусіла скончыцца ў 2008 годзе. Вядома, што ўвесь гэты час Андрэй Місюра знаходзіўся за іспанскімі кратамі. Яго далейшы лёс невядомы.


Мінскі падрыўнік

 

Найбуйнейшы тэракт у гісторыі суверэннай Беларусі адбыўся 4 ліпеня 2008 года. Самаробнае выбуховае прыстасаванне, начыненае металічнымі дэталямі і ўладкаванае ва ўпакоўку соку, спрацавала а палове на 1-ю ночы на скрыжаванні праспектаў Машэрава і Пераможцаў, дзе праходзіў святочны канцэрт ў гонар Дня Незалежнасці. На прылеглай да сцэны тэрыторыі знаходзілася каля паўмільёна чалавек. На шчасце, ніхто не загінуў, аднак за дапамогай да медыкаў звярнуліся 54 чалавекі, 47 з якіх былі шпіталізаваныя. Падчас следства супрацоўнікі праваахоўных органаў узялі адбіткі пальцаў у больш, як 1,3 млн жыхароў Беларусі. Больш за 100 чалавек прайшлі па справе ў якасці падазраваных. З пяці першапачатковых версій злачынства засталося дзве. Міліцэйскія чыноўнікі заяўлялі аб наяўнасці псіхалагічнага партрэта злачынцы, аднак ён дагэтуль не знойдзены.


4.07.2008. На месцы здарэння неўзабаве пасля выбуху. Фота: AFP,Getty Images

Нагадаем, што мінскаму выбуху папярэднічалі два падобныя ў Віцебску - 14 і 22 верасня 2005 года. Ад металічнага начыння самаробных бомб у выніку першага пацярпелі два чалавекі, пасля другога — больш за 40. Некаторыя газеты атрымалі паведамленні, у якіх адказнасць за выбухі брала на сябе невядомая "Беларуская народна-вызваленчая армія". Некалькі актывістаў апазіцыі называліся ў якасці падазраваных ў злачынствах, аднак вінаватыя дагэтуль не асуджаны.
{banner_819}{banner_825}
-15%
-10%
-20%
-10%
-50%
-10%