Коронавирус
Выборы-2020
Отдых в Беларуси


10 сакавіка ў Вярхоўным судзе Беларусі пачаўся судовы працэс над ваўкавыскімі прадпрымальнікамі.

Нагадаем, што ваўкавыскія прадпрымальнікі Мікалай Аўтуховіч, Юрый Лявонаў і Уладзімір Асіпенка былі затрыманы 8 лютага 2009 года.

Праз 10 дзён ім прад’явілі абвінавачанне па арт. 218 Крымінальнага кодэкса (наўмыснае знішчэнне альбо пашкоджанне маёмасці).

20 лістапада Асіпенку і Аўтуховічу было прад’яўлена абвінавачанне ў падрыхтоўцы тэрарыстычнага акта.

Лявонава ў пачатку жніўня вызвалілі з-пад варты, а 24 верасня з яго былі зняты ўсе абвінавачванні.

Да пачатку суда было абвешчана, што суд будзе адкрытым, таму жадаючыя патрапіць на працэс пачалі збірацца ля будынка суда яшчэ за гадзіну да пачатку разгляду справы, якая была прызначана на 10.00.

На вуліцы назіраліся ДАІшнікі і сілавікі. Тыя, што былі ў форме, знаходзіліся непасрэдна ля суда, у цывільным размеркаваліся па ўсёй тэрыторыі на вуліцы - на перакрыжаванні вуліц Кірава і Леніна, у раёне МЗС, за вуглом суда.

Зрэшты, аніякіх маніфестацый і “жывых ланцугоў” з партрэтамі ваўскавыскіх прадпрымальнікаў не было. Як не было і многіх лідэраў апазіцыйных партый - відаць, усе яны ў гэты час дружна накіраваліся ў Варшаву па запрашэнні Міністэрства замежных спраў Польшчы.

Тым часам у залу суда не прапусцілі нават многіх журналістаў, спасылаючыся на тое, што тыя не атрымалі ў свой час акрэдытацыю. Але, наколькі вядома, ужо 9 сакавіка некаторым паведамілі, што ліміт на журналістаў вычарпаны. Калі ж прадстаўнікі СМІ вырашылі прайсці проста па пашпарце, як грамадзяне Беларусі (працэс жа адкрыты), то і гэта ўдалося не ўсім.

- Зала не гумавая, усяго на 70 чалавек, - апраўдвалася работніца суда. - Гэта наша самая вялікая зала. Ці ёсць яшчэ пацярпелыя?

- Мы пацярпелыя, - адказвалі журналісты.

У выніку сабраўшыяся пачалі пісаць заяву ў кнігу скаргаў і прапаноў. Стала вядома, што ў залу патрапілі некаторыя грамадскія дзеячы, прадстаўнікі АБСЕ, было шмат тэлекамер дзяржаўных СМІ.

Па меркаванні шматлікіх праваабаронцаў, працэс зацягнецца не на адзін дзень…

На судзе Мікалай Аўтуховіч заявіў хадайніцтва, каб яму былі выдадзеныя копіі матэрыялаў справы для дадатковага азнаямлення, а таксама, каб працэс быў разгледжаны ў Мінскім гарадскім судзе ці Гродзенскім абласным, каб была магчымасць абскардзіць рашэнне.

Хадайніцтва Аўтуховіча аб дадатковым азнаямленні з матэрыяламі справы было задаволена, таксама будзе накіраваны запыт у пракуратуру наконт правамоцнасці дзеянняў супрацоўнікаў упраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю.

Суддзя абвясціў перапынак да 16 сакавіка, калі і адновіцца працэс.
-20%
-30%
-40%
-20%
-20%
-90%
-25%
-10%
-10%
-10%