Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Артыкул мае падзагаловак "Спрэчка адносна фармату Саюзу Расеі й Беларусі працягваецца".

Чым шчыльней супрацоўніцтва паміж Вашынгтонам і Масквой, тым у больш складаным становішчы аказваецца Лукашэнка, тым менш шанцаў у яго супраціўляцца стварэньню Саюзу па ўзоры, як хоча Масква. Мяркуючы з усяго, ідэя аб незалежнай, дэмакратычнай Беларусі, у духу якой адбывалася нараджэньне дзяржавы ў 1991 годзе, сышла ў нябыт.

Уладзімір Пуцін, з гледзішча Захаду, робіць амаль усё правільна. Нядаўна расейскі лідэр публічна сур'ёзна пакрытыкаваў беларускага прэзыдэнта, які ўжо не адзін год адыгрывае ў суседняй краіне ролю дыктатара, прыдзірліва чапляецца да апазыцыі, цісьне на свабодную прэсу й дэпартуе дыпляматаў зь місіі АБСЭ ў Менску.

Кіраўнік Крамлю, аднак, крытыкаваў Лукашэнку не за нястачу павагі да дэмакратыі й правоў чалавека. У большай ступені гаворка вядзецца пра заплянаванае стварэньне Саюзу паміж Расеяй і ейным малодшым братам. Гэтую ідэю Пуцін атрымаў у спадчыну ад свайго папярэдніка Барыса Ельцына: Лукашэнка й Ельцын асьвяцілі праект у 1996 годзе, і з тае пары рэалізацыя яго прасоўваецца зь вялікімі высілкамі й цяжкасьцямі.

Лукашэнка хацеў скарыстаць ідэю стварэньня папулярнага ў народзе саюзу дзеля таго, каб прадэманстраваць свой уяўны палітычны геній ня толькі дзесяці мільёнам беларусаў, але й больш чым 140 мільёнам расейцаў. Падчас выступаў у занядбаных расейскіх правінцыях самаўладцы зь Менску, які ў лепшых камуністычных традыцыях насылаў грамы й маланкі на Захад, сустракалі яго так, быццам збылося прышэсьце магутнага правідцы. Ельцын жа, які, наадварот, разваліў Савецкі Саюз і пачуваў за гэта віну, ведаючы, што ідэя саюзу зь Беларусьсю ў народзе вельмі папулярная, спрабаваў скарыстаць яе ва ўласных мэтах.

На мінулым тыдні Пуцін у часе штогадовай сустрэчы з журналістамі канкрэтна даў зразумець, што шкадуе з нагоды палітычных манэўраў "бацькі" зь Менску. Расейскі прэзыдэнт азначыў: ён па сутнасьці "за" стварэньне Саюзнай дзяржавы, паколькі беларусы ў сапраўдным сэнсе "братэрскі народ". Але Расея - удакладніў Пуцін - не гатовая ахвяраваць сваімі нацыянальнымі эканамічнымі інтарэсамі на карысьць суседа, эканоміка якога складае толькі 3 адсоткі ад расейскай эканомікі.

Хутчэй за ўсё, Пуціна вывела зь цярплівасьці прапанова Лукашэнкі, каб ягоная краіна мела ў сумесным Вярхоўным Савеце права вэта, дзякуючы якому Менск здабыў бы магчымасьць блякаваць усе рашэньні Масквы. Пуцін жа на гэта зацята запярэчыў: калі Беларусь хоча заставацца незалежнай, захаваць тэрытарыяльную цэласьць і мець права накладаць вэта, то мусяць заставацца й нацыянальныя парлямэнты.

Саюзны парлямэнт зь неакрэсьленымі паўнамоцтвамі толькі дыскрэдытуе ідэю аб'яднаньня - заявіў расейскі прэзыдэнт. І той факт, што ён падаў у якасьці магчымага ўзору стасункаў зь Менскам Эўрапейскі Зьвяз, яснасьці пазыцыі Пуціна не дадало. Было зразумела, што кіраўнік Расеі адносна Лукашэнкі страціў усялякую цярплівасьць. "Давайце спынімся жаваць жуйку й урэшце рэшт скажам адзін аднаму: хочам мы гэтага, альбо ня хочам" - зьвярнуўся эмацыйна настроены расейскі прэзыдэнт у бок Менску.

Пакрыўджаны Лукашэнка адказаў, што ягоная краіна не задаволіцца роляй 90-га суб'екту Расейскай Фэдэрацыі. Ад самага пачатку праекту стварэньня Саюзу Масква, са словаў Лукашэнкі, мэтанакіравана замаруджвала час. Ён аспрэчыў сьцьверджаньне, быццам Беларусь зьяўляецца цяжарам для эканомікі Расеі.

Сапраўды, Менск у значнай ступені залежыць ад паставак расейскіх энэрганосьбітаў і тавараў, якія ён атрымоўвае на ільготных умовах. У прыватнасьці, многія расейскія кампаніі набылі ў Расеі ўласнасьць, але тут жа зразумелі, што Лукашэнка не гатовы адмаўляцца ад жорсткага кантролю са свайго боку. Гэта тычыцца правядзеньня меркаванай адзінай грашовай палітыкі: дыктатар, паміж іншага, хоча мець рубель у якасьці адзінай валюты, але ён выступае супраць таго, каб эмісійны цэнтар знаходзіўся ў Маскве, што магло б пазбавіць яго друкарскага станка. І з гэтае прычыны лёс валютнага саюзу, які мусіць быць створаны да 2005 году, застаецца невядомым

Зрэшты, старая ельцынская "сям'я" дэманструе ў пытаньні палітычнага саюзу таксама нязгоду з Пуціным і ягоным атачэньнем. Сам Ельцын нядаўна наведаў Беларусь і, кажуць, апавесьціў Лукашэнку: "Мы павінны працягваць тое, што пачалі". Найбольш рашучымі прыхільнікамі Саюзу ў Маскве ёсьць усе без выключэньня прадстаўнікі эпохі Ельцына. Сярод іх - і былы скарбнік Крамлю Павал Барадзін, што быў прызнаны, дарэчы, Жэнэўскім судом вінаватым за адмываньне незаконна атрыманых грошай і прыгавораны да выплаты грашовага штрафу (Пуцін перасунуў яго на пасаду сакратара Саюзу).

Прыканцы месяца Пуцін і Лукашэнка зьбіраюцца сустрэцца чарговы раз. Дыктатар у Менску павінен зразумець, што яму нельга перабіраць меру. Справа ж у тым, што, акрамя Расеі, яго падтрымліваюць толькі дзяржавы-ізгоі: Лібія, Сырыя, Ірак, Куба й Іран. Амэрыканцы, пры тым, мяркуюць, што Беларусь паставіла гэтым дзяржавам і ісламскім тэрарыстам ракетныя комплексы.

Чым шчыльней супрацоўніцтва Вашынгтону й Масквы, тым у больш складаным становішчы аказваецца Лукашэнка, тым меней у яго шанцаў супраціўляцца стварэньню Саюзу па ўзоры, прапанаваным Масквою. Мяркуючы з усяго, ідэя аб незалежнай, дэмакратычнай Беларусі, у духу якой адбывалася нараджэньне дзяржавы ў 1991 годзе, сышла ў нябыт.

Радыё Рацыя