Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Яны просяць прэзыдэнта Расеі стварыць сумесную сьледчую групу. На восень заплянаваныя слуханьні ў Дзярждуме па справах беларускіх зьніклых.

Зварот кіраўникоў найбуйнейшых расейскіх фракцыяў Дзярждумы да прэзыдэнта Расеі стаў вынікам перамоваў, якія на мінулым тыдні расейскія палітыкі правялі са сваякамі беларускіх зьніклых. Cьвятлана й Вольга Завадзкія, Зінаіда Ганчар, Юлія Чыгір і Ірына Красоўская скіраваліся ў Маскву, дзе вочна выказалі свае просьбы расейскім палітыкам. Яны былі прынятыя прадстаўнікамі чатырох найбуйнейшых фракцыяў Дзярждумы - кіраўніком фракцыі СПС Барысам Нямцовым, кіраўніком фракцыі "Единство" Ўладзімірам Пехціным, 1-м намесьнікам кіраўніка фрацыі "Яблоко" Сяргеем Іваненкам, кіраўніком фракцыі "Отечество - Вся Россия" Славамірам Валодзіным.

Там і была дасягнутая дамоўленасьць пра тое, што на сустрэчы з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным кіраўнікі гэтых фракцыяў перададуць яму афіцыйны пісьмовы зварот з заклікам паўплываць на тэмпы пошукаў беларускіх зьніклых і далучыць да расьсьледаваньня расейскія спэцслужбы. "Каб расейскія спэцлужбы дапамаглі Беларусі, якая дэманструе няздольнасьць вырашыць гэтыя пытаньні, правесьці такое расьсьледаваньне", - паведаміў Анатоль Лябедзька, які зарганізаваў паездку сваякоў беларускіх зьніклых

Акрамя таго, кіраўнік фракцыі "Единство" сп. Пехцін па выніках перамоваў заявіў, што будзе зьвяртацца да міністра ўнутраных справаў Расеі Барыса Грызлова з просьбай, каб МУС Расеі дапамог беларускім спэцслужбам раскрыць злачынствы, зьвязаныя з гучнымі палітычнымі зьнікненьнямі. Былы кіраўнік ФСБ, дэпутат Кавалёў у часе сустрэчы са сваякамі зьніклых прапанаваў канкрэтныя мэханізмы, з дапамогаю якіх можна было б вырашыць гэтую праблему.

Акрамя звароту да Пуціна, расейскія палітыкі пагадзіліся на правядзеньне парлямэнцкіх слуханьняў у гэтым пытаньні. Мяркуецца, што слуханьні ў справе беларускіх зьніклых адбудуцца ў Дзярждуме ўжо ўвосень. Аналягічныя слуханьні ўжо адбыліся ў Літве й у Францыі.

У часе сустрэч жанчыны казалі, што вычарпалі ўсе магчымасьці вырашыць пытаньне зьніклых у Беларусі, дзе яны натыкаюцца "на сьцяну абыякавасьці". Улады ня робяць нічога для пошуку палітыкаў і журналіста. За ўвесь час з моманту зьнікненьняў ніводзін прадстаўнік уладаў не зьвярнуўся да сваякоў з прапановай хаця паразмаўляць.

Камэнтуючы сытуацыю, лідэр АГП Анатоль Лябедзька заявіў, што сумесны зварот кіраўнікоў найбуйнейшых фракцыяў да Пуціна - беспрэцэдэнтны для расейскай палітыкі факт. Гэта, на ягоную думку, "сьведчыць пра тое, што пытаньне беларускіх зьніклых становіцца й праблемай расейскай палітычнай эліты".