Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Першым вынікам рэфармаваньня літаратурных выданьняў, які адчуюць чытачы, стане зьяўленьне на старонках часопіса " Нёман" артыкулаў Аляксандра Зімоўскага й Яўгена Росьцікава. Пра гэта Рацыі паведаміла новы галоўны рэдактар "Нёмну" Ніна Чайка, якая называе Зімоўскага "наймагутнейшым аналітыкам сучаснасьці". Творы Васіля Быкава, Ніла Гілевіча, Рыгора Барадуліна ды інш. Ніна Чайка будзе друкаваць толькі ў тым выпадку, "калі яны напішуць што-небудзь літаратурна вартае". Тым часам былы галоўны рэдактар часопіса "Полымя" Сяргей Законьнікаў паведаміў, што з 11 чалавек у рэдакцыі засталіся толькі 3. "Цяпер рэдакцыя ўяўляе сабой вартае жалю відовішча. Усё разгромлена", - паведаміў Законьнікаў, які зьбірае грошы на новае выданьне. Ганаровы віцэ-прэзыдэнт ПЭН-цэнтру, паэт Рыгор Барадулін параўноўвае сытуацыю з 1937 годам з той толькі розьніцай, што "пісьменьнікаў пакуль не страляюць. Абстаноўка не дазваляе".

Рэфармаваньне сыстэмы літаратурных выданьняў улады Беларусі пачалі са звальненьня шэрагу галоўных рэдактараў, а таксама са стварэньня мэдыя-голдынгу "Літаратура і мастацтва", "які павінен аб'яднаць і упарадкаваць літаратурны працэс у Беларусі". Менавіта так свае мэты акрэсьлівае прызначаны кіраўніком голдынгу сёлета ў красавіку Сяргей Касьцян - намесьнік старшыні Камісіі ў міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў. Ён не хавае сваёй нелюбові да "NATO й імпэрыялістаў і дагэтуль ёсьць сябрам партыі камуністаў".

"Шэсьць літаратурных часопісаў, якія атрымлівалі датацыі зь дзяржаўнага бюджэту, даўно перасталі задавальняць улады Беларусі", - заявіў Сяргей Законьнікаў - звольнены галоўны рэдактар самага буйнога ў Беларусі літаратурнага часопіса "Полымя" з накладам 3.000 асобнікаў. Зараз рэдакцыя ўяўляе сабой вартае жалю відовішча - з 11 супрацоўнікаў у рэдакцыі засталіся толькі 3. Асатнія пакінулі часопіс на знак пратэсту. Законьнікаў кіраваў выданьнем апошнія 15 гадоў, але гаворыць, што "такога беззаконьня й ціску ўладаў не адчуваў ніколі".

На старонках часопісаў "Полымя", "Маладосць", "Нёман", "Крыніца", "Всемирая литература", а таксама газэты "ЛІМ" бесьперашкодна друкаваліся клясыкі беларускай літаратуры, якія рэзка крытыкуюць цяперашняе кіраўніцтва: Васіль Быкаў, Рыгор Барадулін, Ніл Гілевіч ды інш. "Улады вырашылі ўвесьці цэнзуру, прыкрыўшыся стварэньнем літаратурнага голдынгу. Замест самастойных у творчым пляне рэдакцыяў цяпер будзе група людзей на чале зь беспраўным рэдактарам, які павінен узгадняць зьмест нумара з уладамі", - прагназуе Законьнікаў.

Вядомыя ў Беларусі літаратары вышлі са складу большасьці рэдкалегіяў і забралі свае рукапісы. На зьмену ім, гаворыць Законьнікаў, прыйдуць альбо ўжо прыйшлі адыёзныя аўтары. "Зараз там будзе друкавацца славянафільская, чарнасоценная нізкаякасная прадукцыя. Яны будуць змагацца з імпэрыялізмам і сіянізмам так жа, як змагаецца таварыш Касьцян", - выказаў меркаваньне Сяргей Законьнікаў, які ўжо пачаў збор сродкаў на новае недзяржаўнае літаратурнае выданьне.

У што ператворацца дзяржаўныя літаратурныя выданьні пасьля сканчэньня рэарганізацыі, можна меркаваць па часопісе "Нёман". "Ніна Чайка - новы галоўны рэдактар выданьня - да апошняга часу вяла на рэспубліканскім радыё гадзінную праграму, частымі гасьцямі якой былі змагары з імпэрыялізмам і беларускай апазыцыяй. Яна абвяргае зробленыя 20 чэрвеня заявы прадстаўніка АБСЭ па СМІ Фраймута Дувэ (Freimut Duve) і заяўляе, што "ніякай пісьмовай забароны на публікацыю Быкава, Барадуліна й Гілевіча няма"."Я адчуваю, што й бедная Эўропа жыве ў мінулым", - лічыць Ніна Чайка.

Спн. Чайка таксама паведаміла, што цяпер дзяржава будзе праводзіць у літаратурных выданьняў новую рэдакцыйную палітыку, "бо раней не было ніякай палітыкі". "Гэтыя часопісы - не ў свабодным палёце: яны цалкам жывуць за кошт бюджэту. І таму дзяржава мае права папрасіць ад гэтых выданьняў новага мастацкага ўзроўню".

На пытаньне, ці магчыма пры "новым узроўні" друкаваньне аўтараў, якія крытыкуюць уладу, спн. Чайка адказала: "Мы будзем падказваць нашаму прэзыдэнту. А Быкава трэба падзяліць на пісьменьніка й палітыка. Пісьменьнік атрымаўся. Палітык - не". У той жа час Ніна Чайка паведаміла, што рэдакцыі "Нёмну" плянуе надрукаваць матэрыял Яўгена Росьцікава - карэспандэнта ў Беларусі вядомай расейскай газэты "Завтра", які прысьвяціў не адзін твор праслаўленьню Аляксандра Лукашэнкі. Акрамя таго, Ніна Чайка плянуе надрукаваць шэраг артыкулаў "наймагутнейшага аналітыка" Аляксандра Зімоўскага" - да апошняга часу сп. Зімоўскі быў галоўным прапагандыстам на БТ.

Ганаровы віцэ-прэзыдэнт Беларускага ПЭН-цэнтру, паэт Рыгор Барадулін не зьдзіўляецца стаўленьню цяперашніх уладаў Беларусі да літаратурных часопісаў і да сябе асабіста. "Дзіўна, што гэтыя нэакамуністы калхознага разьліву пачалі зьнішчэньне літаратурных часопісаў толькі зараз". Ён ня ведае, ці існуе забарона ўладаў на публікацыю ягоных твораў у літаратурных часопісаў, але саркастычна заўважае, што "гэтым касьцянам і чайкам не патрэбныя ніякія пісьмовыя цыркуляры. Яны й самі зробяць усё ў найлепшым выглядзе". Рыгор Барадулін канстатуе, што на зьмену дзеячам, якія адраджалі нацыянальную культуры ў Беларусі, прыйшлі "малаадукаваныя людзі, у якім за плячыма няма ані гісторыі, ані культуры; ім не патрэбная нацыянальная культура". З жалем ён адначыў, што "беларускія ўлады ўзялі на ўзбраеньне досьвед 1937 году. Толькі пісьменьнікаў пакуль не расстрэльваюць. Агульная абстаноўка не дазваляе".

Радыё Рацыя
,