Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


"Радыё Рацыя": - Зьміцер Падбярэзскі - журналіст, непасрэдна зьвязаны з асяродкам беларускае папулярнае музыкі й прад'юсэр некаторых музычных праектаў. Нашае першае пытаньне выкліканае зьвесткамі, атрыманымі ад музычнага выдавецкага агенцтва "Бульба-Рэкардз". Паводле "Бульбы-Рэкардз", на нашым рынку аўдыёпрадукцыі толькі тры працэнты кампактаў і касэтаў складаюць уласна беларускія найменьні. Большасьць належыць расейскім выканаўцам. Чаму?

Зьміцер Падбярэзскі: - Мяркую, што тыя фірмы, якія працуюць зь беларускімі выканаўцамі, кіруюцца найперш патрыятычнымі матывамі, чым асэнсаванымі бізнэс-плянамі. Апошнія дзесяць гадоў гэтыя фірмы ня могуць выйсьці па-за межы элітнага кола спажыўцоў. Напрыклад, старэйшая беларуская выдавецкая фірма "Каўчэг" сёньня мае ў сваім каталёзе больш за дзьвесьці найменьняў. І толькі лічаныя зь іх здабылі камэрцыйны посьпех. Чаму? Таму што "Каўчэг", калі рабіў стаўку на пэўныя праекты, зазвычай не знаходзіў патрэбнага фінансаваньня, каб давесьці справу да ладу. Тобок, раскруціць выканаўцаў. Цяпер адзінай крыніцай, дзе можна пачуць запісы беларускіх выканаўцаў, застаюцца FM-станцыі...

"РР": - ...І Вы мяркуеце, што праблема ў адсутнасьці асобы, якая заплаціла б нашым FM-станцыям грошы?

З.П.: - З аднога боку, - так. А з другога, - гэта сьвядомая палітыка станцыяў. Хіба што, на "Радыё Рокс" беларускае гучаньне складае ня тры працэнты, але пяць - сем. У іх беларуская музыка ня лічыцца чужой, але й ня ставяць беларускую музыку, бо ня маюць такое "спэцыялізацыі". Але ж, у свой час "Радыё 101,2" давяло грамадзкасьці, што беларускае можа быць прыбытковым, што справа ў якасьці музыкі й прафэсіяналізьме ды-джэяў. Я добра памятаю, як на "Радыё 101,2" гучалі ўкраінскія гурты, якія толькі праз пэўны час адкрыла для сябе Масква. Адбіўшыся рэхам ад Масквы, гурты зрабілі сабе папулярнасьць на радзіме. Тое ж самае пачынае адбывацца і зь беларускімі выканаўцамі. Сьвежы прыклад - альбом "Лепшае" гурта "Палац". Я перакананы, што, як толькі альбом будзе выдадзены ў Маскве, яго з радасьцю пачнуць круціць нашыя FM-станцыі. Нашыя станцыі - каньюнктурныя: яны вельмі залежаць ад таго, адкуль дзьме вецер.

"РР": - Адкуль бярэцца гэтая залежнасьць, па сутнасьці, дзіцячая: пакуль дарослыя не дазволяць, - нічога рабіць ня будзем? Бо ж, на пачатку 90-х гадоў у грамадзтве яшчэ працаваў савецкі стэрэатып: беларускае значыць "дзеравенскае", лепшае робіцца ў Маскве. Адпаведна, лепшае можа быць толькі па-расейску. Але ж за апошнія дзесяць гадоў стэрэатып быў зламаны. Беларуская мова асацыюецца нават з пэўнаю выбранасьцю...

З.П.: - ...Справа ў тым, што людзі, які ў этэры клічуць сябе ды-джэямі, яны не прафэсіяналы. Збольшага, ня творчыя людзі, яны ня могуць узяць на сябе адказнасьць. Гэта па-просту галовы, якія гавораць. На Захадзе ды-жэі - ініцыятыўныя людзі, якія штурхаюць, раскручваюць новыя праекты. Нашыя й гэтага ня могуць зрабіць, бо ня маюць творчасьці. Гэта людзі, што запаўняюць этэр балбатнёю, якую слухаць сумна. Таму мая любімая беларуская FM-станцыя - "Аўтарадыё", дзе няма ніводнага ды-джэя.

"РР": - У апошнія два-тры гады вялікая колькасьць выбітных беларускіх музыкантаў значную частку свайго часу праводзяць у Польшчы, а таксама іншых эўрапейскіх краінах. У той жа час, на радзіме назіраецца выразны застой у музычным жыцьці. Ці не зьвязаная сытуацыя з боязьзю нашых прад'юсараў дачыняцца з альтэрнатыўнымі праектамі?

З.П.: - А я не назваў бы гэта страхам, а назваў бы гэта адсутнасьцю прафэсіяналізму. І ня трэба тут шукаць нейкую палітыку. Проста людзі развучыліся любіць сваё. А згодна законаў інфармацыі, найперш цікавыя навіны мясцовыя. Нездарма ў шмат якіх краінах мясцовыя газэты маюць большыя тыражы, чым такзваныя "цантральныя". А ў нас людзі жывуць старою звычкай кіравацца ўказаньнямі з цэнтру. Як "зьверху" будзе спушчаная ўказюка, то будзем дзейнічаць. Патэлефануюць з Адміністрацыі прэзыдэнта: "Прапагандуйце беларускамоўныя рок-гурты!" Што тут пачнецца!.. - усе пачнуць працаваць на беларускамоўныя гурты. А пакуль каманды няма, - ніхто не займаецца.

"РР": - Дык што рабіць у такой сытуацыі?

З.П.: - Зьмяняць сьвядомасьць.

"РР": - Якім чынам?

З.П.: - Шукаць творчых людзей. Будзе ініцыятыва - будзе вынік. Напрыклад, група музыкантаў, якія сабраліся спачатку вакол "Народнага Альбому", затым стварылі "Сьвяты Вечар'2000" і вось цяпер прэзэнтуюць "Я нарадзіўся тут". Гэтая праца не была дзяржаўнаю замоваю. Чым больш у нас будзе такіх ініцыятыўных людзей, тым болей у нас будзе зьяўляцца і калектываў, і сумесных праектаў. Я мяркую, што 2001-ы год нам новыя музычныя праекты абавязкова падорыць.

"РР": - Каму б Вы аддалі музычную карону дзьвюхтысячнага году?

З.П.: - Лепшым беларускім гуртом дзьвюхтысячнага году я назваў бы "Яблычную Гарбату". Іхны апошні альбом прадэманстраваў, як сучасная беларуская інструмэнтальная музыка цалкам удала ўпісалася ў сусьветны кантэкст, захаваўшы ўласную адметнасьць. Бо слухаеш, і разумееш - гэта беларуская музыка.

"РР": - Якія тэндэнцыі Вы прагназуеце ў наступным годзе?

З.П.: - Па мойму, тэндэнцыя акрэсьлілася вельмі выразная. Усё болей калектываў пачынаюць працаваць, зыходзячы з нацыянальных музычных традыцыяў. Менш граюць клясычны рок на ангельскае мове. Больш зьвяртаюцца да беларускае мовы. Мяркую, гэтая тэндэнцыя будзе працягвацца і ў наступным годзе.

Радыё Рацыя
,