Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Пытаньне аб няроўных эканамічных умовах дзейнасьці дзяржаўных і недзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі паўстала ўжо даўно. У дэмакратычных краінах самое йснаваньне дзяржаўных СМІ зьяўляецца нонсэнсам, але не ў Беларусі. Тут дзяржаўная прэса ня толькі йснуе, ня толькі атрымлівае фінансаваньне й датацыі зь бюджэту, але й мае іншыя, вельмі адчувальныя, перавагі. Якія, зразумела, яна павінна адпрацоўваць.

Каб усё стала зразумелым, дастаткова параўнаць тарыфы Рэспубліканскага дзяржаўнага аб'яднаньня "Белпошта" на паслугі па распаўсюдзе, экспэдытаваньні, перасылцы й дастаўцы падпісных накладаў для, напрыклад, "Советской Белоруссии" й "Народнай волі", "Рэспублікі" й "БДГ" - параўноўваюцца аднафарматныя газэты. Дык вось: тарыфы на паслугі "Белпошты" для "Народнай волі", у пераліку на адну умоўную паласу, у 3,6 разоў вышэйшыя, чым для "Советской Белоруссии", а для "БДГ" - у 3,3 разоў, чым для "Рэспублікі". Пра якую канкурэнцыю дзяржаўнай і недзяржаўнай прэсы можна казаць у гэткіх умовах?

Дарэчы, паслугі Белпошты, якая зьяўляецца манапалістам у сваёй галіне, па дастаўцы газэтаў спажыўцам сёньня каштуюць нават болей, чым уласна газэты.

Як толькі ні спрабавалі недзяржаўныя выданьні вырашыць гэтую праблему! Яе абмяркоўвалі нават падчас так званага "грамадзка-палітычнага дыялёгу". Але ўсё безвынікова. Цяпер справа дайшла да суду.

13 сьнежня "Белорусская деловая газета" зьвярнулася ў Вышэйшы гаспадарчы суд Рэспублікі Беларусь з зыскам да "Белпошты" аб прызнаньні дзейнасьці гэтага аб'яднаньня неправамоцнай. У якасьці суадказніка да справы прыцягваецца Міністэрства сувязі Рэспублікі Беларусь. Гэтае міністэрства павінна кантраляваць цэнаўтварэньне ў галіне сувязі, але зарэгістравала ўсталяваныя РА "Белпошта" тарыфы. Гэтак яно спрычынілася да стварэньня няроўных умоваў канкурэнцыі й да абмежаваньня канкурэнтаздольнасьці газэты. На думку зыскоўца, "Белпошта" й Міністэрства сувязі парушылі закон "Аб супрацьдзеяньні манапалістычнай дзейнасьці й развіцьці канкурэнцыі", а таксама арт. 13 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Паводле гэтага артыкула, дзяржава абавязаная ствараць усім роўныя ўмовы для ажыцьцяўленьня сваёй дзейнасьці.

Магчыма, да зыску далучацца й некаторыя іншыя рэдакцыі незалежных сродкаў масавай інфармацыі.Ужо зараз у якасьці трэціх асоб, якія зацікаўленыя ў разглядзе зыску, але не заяўляюць самастойных патрабаваньняў да адказьнікаў, выступаюць рэдакцыі недзяржаўных газэтаў "Народная воля", "Белорусский рынок" ды "Свободные новости".

Пакуль у Вышэйшага гаспадарчага суду ёсьць час, каб вырашыць, ці адкрываць справу па зыску "БДГ". Аб тым жа, ці прыняў Вышэйшы гаспадарчы суд зыск да разгляду, - мы даведаемся на наступным тыдні.

Андрэй Бастунец

Радыё Рацыя
0058648