Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


У Магілёўскай вобласьці разгортваецца скандал. Камітэт дзяржкантролю выявіў у розных структурах Беларускага патрыятычнага саюзу моладзі вялікія скажэньні справаздачнасьці — па колькасьці сяброў і ў налічэньні заробкаў. Распаўсюд гэтай інфармацыі выклікаў адмоўную рэакцыю чыноўнікаў, адказных за ідэалёгію ў вобласьці. Яны паабяцалі разабрацца ня толькі з журналістамі, але і з супрацоўнікамі дзяржкантролю.

Камітэт дзяржаўнага кантролю выявіў, што Магілёўская абласная арганізацыя БПСМ істотна сказіла ў бок павелічэньня колькасьць сваіх першасных арганізацыяў і сяброў.

У Мсьціслаўскім раёне кантралёры не далічыліся анкетаў амаль паўтысячы членаў БПСМ і 13 першасных арганізацыяў. У Бабруйску ў члены БПСМ прыпісалі 800 чалавек. У Крычаўскім раёне, акрамя некалькіх соцень сяброў, так і не знайшлі 9 першасных арганізацыяў.

Але з самым вялікім размахам дзейнічалі лідэры патрыятычнага саюзу моладзі ў Магілёве. У трох раёнах прыпіска склала больш за 3 тысячы сяброў.

Супрацоўнікі Камітэту дзяржкантролю зрабілі выснову: калі фактычна ў абласной арганізацыі БПСМ значна менш сяброў, чым гэта дакляравалася, то і апарат абкаму залішне вялікі, і зашмат выдаткоўваецца грошай на яго ўтрыманьне.

Наяўнасьць вакантных пасадаў у абкаме дазволіла яго супрацоўнікам атрымліваць неблагія прэміі. Праўда, дзеля гэтага некаторым лідэрам БПСМ даводзілася мяняць пасады ў абкаме два–тры разы на год і пераходзіць "па коле" на вакантныя. Сёньня чалавек быў, напрыклад, начальнікам аддзелу патрыятычнага выхаваньня, а праз тры месяцы — галоўным спэцыялістам арганізацыйна-кадравай работы. Такая ўнівэрсальнасьць тлумачыцца тым, што дзяліць грошы можна было толькі ад тых пасадаў, якія вакантныя менш за тры месяцы.

Асобны эпізод праверкі — гэта заробак першага сакратара абкаму. Прэміі яму выплачваліся да 219% ад акладу. З матэрыяльнай дапамогай таксама не разьменьваліся на дробязі. Таму часам галоўны бэпээсэмавец Магілёўшчыны атрымліваў заробкі, якія перавышалі ягоны аклад у 5–8 разоў. Напрыклад, у сьнежні заробак першага сакратара склала 580 тысяч рублёў.

Вынікі праверкі, сьцісла выкладзеныя і распаўсюджаныя "Інтэрфаксам", раззлавалі абласное кіраўніцтва. Аднак чыноўнікі сталі ганьбаваць ня лідэраў БПСМ, а Камітэт дзяржкантролю і журналістаў, якія абнародавалі інфармацыю пра падман.

Намесьнік старшыні Магілёўскага аблвыканкаму Анатоль Глаз, які курыруе пытаньні ідэалёгіі, паабяцаў разабрацца і з "Інтэрфаксам", і з кантралёрамі. У адказ супрацоўнікі Камітэту дзяржкантролю паабяцалі перадаць у СМІ канчатковыя вынікі праверкі БПСМ, якая ўсё яшчэ працягваецца. Абяцаюць, што там будуць такія факты, якія зробяць яшчэ большае ўражаньне на падаткаплатнікаў.

Марыя Ўсьціновіч, Магілёў