Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Палата прадстаўнікоў прыняла законапраект аб амністыі, згодна зь якім на волю адразу выйдуць каля 2 тысяч асуджаных. Яшчэ 5 тысяч вязьняў выйдуць з турмаў цягам году, а 20 тысячам будзе скарочаны тэрмін зьняволеньня. Паводле прагнозаў парлямэнтароў, амністыя дазволіць дзяржаве зэканоміць прыкладна 1,6 мільярда рублёў.

Закон аб амністыі пачне дзейнічаць пасьля таго, як яго зацьвердзіць верхняя палата і падпіша Аляксандар Лукашэнка. Прагназуюць, што гэта адбудзецца прыкладна празь месяц.

Паводле афіцыйных зьвестак, у 35 турмах і калёніях Беларусі знаходзяцца 54 тысячы вязьняў. Апошняя амністыя, абвешчаная пры канцы мінулага году, дазволіла выйсьці на волю прыкладна 5 тысячам зьняволеных. Між тым, паводле міністра ўнутраных справаў Уладзімера Навумава, турмы ўсё роўна перапоўненыя на 13%. Спэцыялісты лічаць, што бяз штогадовых амністыяў пэнітэнцыярная сыстэма Беларусі не ўтрымала б такую вялікую колькасьць людзей, якіх закон лічыць злачынцамі.

Алег Грузьдзіловіч, Менск
0058648