Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


З новага году ў Беларусі пачне працаваць новая тэлефонная лінія, па якой кожная беларуская жанчына, што зьбіраецца выехаць за мяжу, зможа, у залежнасьці ад мэты паездкі, атрымаць усю неабходную інфармацыю: пра тое, якія дакумэнты трэба мець, каб выехаць з краіны й вярнуцца, пра рэальныя пэрспэктывы працаўладкаваньня за межамі Беларусі й г.д. Але галоўнае - пэўная катэгорыя жанчын будзе загадзя папярэджаная пра небясьпеку прымусовае сэксуальнае эксплюатацыі за мяжою. Дзеля перадухіленьня такіх выпадкаў, што здараюцца ўсё часьцей, і быў распачаты новы беларуска-польскі праект "Арыядна", які стартаваў 1 сьнежня.

Усё больш маладых беларускіх жанчын робяцца жывым таварам дзеля задавальненьня сэксуальных патрэбаў замежнай кліентуры. Прычым, далёка ня ўсе зь іх ведаюць, зь якою мэтаю выяжджаюць за мяжу, і далёка ня ўсе павіталі б такую пэрспэктыву. Магчымасьцяў трапіць у пастку да злачынцаў - маса: ад "ліпавых" прапановаў шчасьлівага замужжа да такога ж "ліпавага" працаўладкаваньня. А між тым грамадзтва няўмольна навешвае шыльду амаральнасьці ня толькі на сьвядомых прастытутак, але й на тых жанчын, якія больш падпадаюць пад вызначэньне "пацярпелыя".

Польшча, як нашая найбліжэйшая заходняя суседка, выступае тут і ў якасьці транзытнае краіны, і ў якасьці краіны прызначэньня. Таму ня дзіўна, што менавіта палякі першымі прапанавалі распачаць у Беларусі кампанію барацьбы з прымусоваю сэксуальнай эксплюатацыяй жанчын. Ініцыятыву праявіў польскі фонд "La strada", а яго партнэрам у нашай краіне стала Беларуская Асацыяцыя Маладых Хрысьціянскіх Жанчын.

Гутару з куратаркаю праекту "Арыядна", сябрай асацыяцыі Ірынай Альхоўкай.

І.А.: - Такая прастытуцыя ў Польшчы не забароненая, і ёсьць фірмы, якія пад легальным прыкрыцьцём, напрыклад, масажных салёнаў, займаюцца аказаньнем інтымных паслугаў і прымушаюць жанчын працаваць у сэкс-бізнэсе. І вось мы пачалі атрымліваць запыты ад нашых польскіх калегаў, што ў іх ёсьць пацярпелыя беларускія дзяўчаты практычна з усіх рэгіёнаў Беларусі: зь Віцебскае вобласьці, з Гомельскае, зь Менскае. І яны прасілі нас дапамагчы дзяўчатам пасьля таго, як тыя ўжо вернуцца ў Беларусь.

Што да польскага фонду "La strada", то ўсе клопаты ў справе вяртаньня падманутых жанчын на радзіму ён бярэ на сябе: гэта падрыхтоўка дакумэнтаў, сувязь з амбасадай, прысутнасьць у судзе (калі жанчына пагаджаецца даць сьведчаньні), а часам нават матэрыяльная дапамога. Як ні парадаксальна, значна складаней забясьпечыць падтрымку жанчын на радзіме, дзе няма пакуль ні спэцыяльных фондаў, ні адмысловых рэабілітацыйных праграмаў.

В.Б.: Пакуль няма ні спэцыяльных фондаў, ні адмысловых рэабілітацыйных праграмаў. Але ці яны зь цягам часу ня зьявяцца, напрыклад, са стартам гэтага праекту?

І.А.: Пакуль праект у прынцыпе заяўлены як прафіляктычны. І нашая мэта - перадухіліць такія выпадкі. І мы ў асноўным будзем працаваць, каб даць нашым жанчынам інфармацыю пра тое, што іх чакае за мяжой. Якія дакумэнты яны павінны мець з сабою, якая віза ў іх павінна быць, якія ўмовы перабываньня, ці можна знайсьці працу? А ці можна зараз у Польшчы знайсьці працу на 1000 даляраў у месяц, калі самі палякі церпяць ад беспрацоўя? Вось на гэтыя пытаньні мы будзем старацца адказваць па тэлефоне.

Тэлефона пакуль няма, хаця адмысловая лінія зарэзэрваная. Але мая суразмоўца спадзяецца, што з 1 студзеня нумар стане вядомы, і яго можна будзе абвяшчаць праз сродкі масавай інфармацыі, праз рэклямовыя ўлёткі, якія асацыяцыя плянуе распаўсюджваць у беларускіх ВНУ, школах, лякарнях, цырульнях ды іншых публічных месцах.

Гэта што да праекту "Арыядна" ў самых агульных рысах. Аднак, на нашую думку, тэма вартая больш падрабязнага асьвятленьня, таму мы зьвязаліся з польскім фондам "La strada" й дамовіліся ў хуткім часе пагутарыць зь яго супрацоўнікамі пра тое, як сытуацыя выглядае з польскага боку. А таксама пра тое: колькі гадоў існуе польскі фонд? Якім чынам фонд выйшаў на Беларускую Асацыяцыю Хрысьціянскіх Жанчын? Адказы на ўсе гэтыя пытаньні вы прачытаеце на наступным тыдні.

Вольга Бабак

Радыё Рацыя