Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Ініцыятыву стварэньня апазыцыйнага часовага ўраду, прапанаваную старшынём Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня Сямёнам Шарэцкім, падтрымаў лідэр Кансэрватыўна-Хрыстыянскае Партыі Зянон Пазьняк.

Сямён Шарэцкі упэўнены, што такі часовы ўрад мог бы "кардынальна зьмяніць сцэнар будучых прэзыдэнцкіх выбараў". Зянон Пазьняк сьцьвярджае, што "ніякіх рэальных прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі ня будзе". Абодва палітыкі, якія знаходзяцца зараз у эміграцыі, лічаць, што стварэньне народнага ўраду стане першым крокам на шляху незалежнае дзяржавы. Аднак у самой Беларусі гэтая ідэя не знайшла шырокае падтрымкі.

Ідэя стварэньня часовага ўраду далёка ня новая. Яна існуе ўжо з 1999 г. Але яе ўвасабленьню замінала тое, што мала хто з палітыкаў яе падтрымаў, прынамсі дэпутататы Вярхоўнага Савету 13-га сліканьня ня бачаць у часовым урадзе неабходнасьці. Пра гэта нам паведаміў былы старшыня Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня Мечыслаў Грыб.

Апроч таго Мечыслаў Грыб лічыць, што "ёсьць пытаньне, як яго стварыць - гэты ўрад народнага даверу. Згодна з Канстытуцыяй 1994 году, урад ствараецца па прапанове прэзыдэнта й зацьвярджаецца Вярхоўным Саветам. Цяперашні галава нашае дзяржавы гэтае прапановы не ўнясе. А спадар Сямён Шарэцкі на сябе абавязкаў прэзыдэнта не прыняў. І зараз і адзін, і другі нешта ад гэтага Вярхоўнага Савету патрабуюць - давай ім урад народнага даверу! А як яго стварыць - ніхто ня ведае".

Г.Ж.: Нейкага мэханізму стварэньня не прапаноўваецца?

М.Г.: Можна стварыць нешта. Але, калі ствараць нейкі ўрад, трэба каб яго людзі прызналі. Каб яго прызналі замежныя дзяржавы. А так можна стварыць! Гэтых людзей выганяць за мяжу. У нас ужо ёсьць некалькі ўрадаў за мяжою. Ну і што? Патрабаваць патрабуюць, а як зрабіць - ніхто ня ведае. Вярхоўны Савет 13-га скліканьня не падтрымлівае гэтае ідэі. Але я за ўвесь ВС ня маю паўнамоцтваў гаварыць. Нехта можа й падтрымлівае гэтую ідэю. Я, напрыклад, ня бачу ў гэтым вялікае патрэбы.

Пра неабходнасьць стварэньня часовага ўраду народнага даверу заявілі Сямён Шарэцкі й Зянон Пазьняк.

Нашае пытаньне да старшыні Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня Сямёна Шарэцкага: якія рэальныя шляхі ўвасабленьня гэтае ідэі ён бачыць?

С.Ш.: Я бачу рэальныя шляхі. Але ўся справа ў тым, што гэта залежыць ня толькі ад мяне. Рэальныя шляхі таму, што гэта канстытуцыйныя шляхі. Таму яны рэальныя. А ўжо будзе ён створаны, ці не, гэта залежыць ад суб'ектыўнага фактару, узаемапаразуменьня кіраўнікоў апазыцыі, кіраўнікоў партый. Урад сёньня можа быць толькі ўрадам часовым і толькі нацыянальнага даверу, у які ўвойдуць прадстаўнікі ўсіх галоўных сілаў апазыцыі.

Г.Ж.: Ці не спасьцігне гэты часовы ўрад лёс ураду на выгнаньні? У нас ужо ёсьць урад у Амэрыцы…

С.Ш.: Я ня думаю. Вы пераблыталі гісторыю. Урад эміграваў у Амэрыку тады, калі зьнікла Рэспубліка. А сёньня Рэспубліка Беларусь ёсьць. Пры існаваньні дзяржавы, ніякага ўраду на выгнаньні быць ня можа.

Так мяркуе С.Шарэцкі, які жыве зараз за межамі краіны. Ён упэўнены, што часовы ўрад нацыянальнага даверу мог бы кардынальна зьмяніць сцэнар будучых прэзыдэнцкіх выбараў. Калі ня будзе свабодных выбараў, ніякі адзіны кандыдат ад апазыцыі не пераможа. Апроч таго былы сьпікер апошняга беларускага парлямэнту зьвяртае ўвагу на тэндэнцыю ўзмацненьня ў кіраўніцтве краіны "расейскіх шавіністычных структураў", што, на ягоную думку, таксама пацьвярджае неабходнасьць стварэньня часовага ўраду ў Беларусі.

Галіна Жарко

Радыё Рацыя
,