Кастусь ЛАШКЕВІЧ,

Астравецкая пляцоўка пад АЭС. Схема energosoft.info
Астравецкая пляцоўка пад АЭС. Схема energosoft.info
Размяшчэнне пляцоўкі пад будаўніцтва першай беларускай АЭС будзе афіцыйна зацверджана на пачатку 2010 года. Аднак на месцы мяркуемага “праекту стагоддзя” ўжо напоўніцу ідуць дарожна-будаўнічыя работы. Карэспандэнт TUT.BY наведаў хутар каля будучага плота АЭС і пагутарыў з яго насельнікамі, якія дажываюць там апошнія гады.

Адна з 74-х

Нагадаем, 30 верасня дырэктар дэпартамента па ядзернай энэргетыцы Мінэнэрга Мікалай Груша заявіў, што рашэнне прэзідэнта аб зацверджанні Астравецкай пляцоўкі для будаўніцтва АЭС будзе прынята на пачатку наступнага года.
 
Як паведамляецца ў афіцыйнай справаздачы “Ацэнка ўздзеяння на навакольнае асяроддзе АЭС”, першапачаткова для размяшчэння АЭС разглядаліся 74 пункты па ўсёй Беларусі. Урэшце у 2006-2008 гадах былі вызначаныя тры патэнцыйныя пляцоўкі: Краснапалянская (Быхаўскі пункт), Кукшынаўская (Шклоўска-Горацкі пункт), Астравецкая (Астравецкі пункт).
 
“Па сукупнасці фактараў, якія маюць істотнае значэнне, Астравецкая пляцоўка мае перавагу перад Краснапалянскай і Кукшынаўскай, - гаворыцца ў справаздачы. - З улікам выкладзенага, а таксама рэкамендацый МАГАТЭ, і ўлічваючы значнасць пытанняў забеспячэння бяспекі, у якасці прыярытэтнай (асноўнай) вызначана Астравецкая пляцоўка”.
 
Праціўнікі звяртаюць увагу на тое, што Астравеччына ёсць самай сейсманебяспечнай зонай краiны (у 1908 годзе тут адбыўся землятрус у 7 балаў), дзе пануюць вятры пераважна ўсходняга напрамку (якiя могуць разнесцi радыяцыю па ўсёй краiне). Кажуць яны і пра блiзказць Нарачанска-Вiлейскай рэкрэацыйнай зоны, якая з будаўніцтвам станцыі можа страціць сваю унікальнасць і дагэтуль нявыкарыстаны турыстычны патэнцыял. Аднак, як паказалі грамадскія слуханні ў Астраўцы, меркаванне меншасці нічога не значыць.
 

Апошні хутаранін

Мінуўшы вёску з блізкаўсходнім назовам Газа, з’язджаем на прасёлкавую дарогу, на якой вядзецца маштабная будоўля новай асфальтавай трасы да будучай АЭС.



Менавіта так кажуць самі будаўнікі, якія і паказалі нам шлях да месца, дзе размесціцца сама АЭС. Каб дабрацца да яе, трэба праехаць вёску Шульнікі. Кажуць, з разбудовай АЭС Шульнікі, а таксама бліжэйшыя Рудзішкі і Валэйкуны пойдуць пад знос. Менавіта ў хутар Рудзішкі Кемелішкаўскага сельсавету, які знаходзіцца ў якой сотні метраў ад месца, дзе ўжо пачалася разметка пад будучую пляцоўку станцыі, мы і завіталі.


Гаспадар хутара - 84-гадовы Уладзімір Ігнатавіч Бразэвіч. Ён распавядае, што дагэтуль тут жыў ягоны бацька, дзед, прадзед… Насельніцтва засценка Рудзішкі, які складаўся з сямі частак, калісьці сягала больш за 100 чалавек. “Потым адны пазміралі, другія раз’ехаліся...”. 
 
Гаспадар сустракае нас ля велічэзнага дуба-волата, які менш за трох не ахапіць. На ягоным панадворку такіх два. 


 
- А колькі год вашаму дубу - больш за сто? - наіўна пытаюся ў дзядулі.
 
- Дзе ж яго ў сто ўбярэш?! Можа 300. Раз у гэты дуб пярун даў і раскалоў, і ў той два разы. А далей трохі стаіць дом. Ягоны гаспадар раз быў п’яны, дык перуном і забіла яго.


 
Унікальна: дзядуля размаўляе на цудоўнай, амаль не зрусіфікаванай беларускай мове, што ў сённяшняй Беларусі вялікая рэдкасць.
 
Уладзімір Ігнатавіч прыгадвае, што да 1939 года тут была Польшча. Як прыйшлі Саветы і Сталін, дык многіх “высылалі ў Расею. У Міхалішках (вёска ў Астравецкім раёне. - К.Л.) з бацькавай фаміліі таксама колькі чалавек забралі, - кажа ён. - У вайну немцы тут тры гады прабылі. Казалі, тамака за Міхалішкамі нейкага старшага немца забілі, так яны многа нашых мужчын пабілі. Праўда, бабаў і малых не рухалі. Было гэта ў 1942 годзе. А ўжо ў 1943-м рускі заступіў. І партызаны бадзяліся недзе, але да нас не заходзілі”.
 
А вось калгас прыйшоў сюды толькі па вайне.
 
- Дзед памёр, дык калхозу яшчэ не было. У Расеі ж, у Мінску даўно калхозы арганізавалі, а ў нас толькі ў 1953-м. Бацька ўжо ўступаў.
 
- А дзе жылося лепш: у Польшчы ці за Саветамі?

- У Польшчы. Гаспадарку сваю трымалі. Сеялі дабро, малацілі цапамі. Адно трэба было падаткі заплаціць, як той казаў. А ў калхозе забралі наша гумно, каня… Адразу зусім цяжка было.
 
Усё жыццё Уладзімір Бразэвіч рабіў у калгасе, потым - на ферме. Калісьці ў яго была вялікая гаспадарка. Цяпер засталося крыху курэй і 6 авечак. “Раней воўну ў нас добра бралі, а цяпер нікому яна не патрэбна”, - з прыкрасцю кажа дзед. 

- А на выбарах прэзідэнцкіх за каго галасавалі?

- За Лукашэнку. Дык нядрэнны ж ён. Паглядзіш: малых дзяцей возьме на рукі, падкіне. Як быў Сталін, недзе бадзяўся, ніхто не ведаў дзе. Нелюдзь…
 
- А пенсію вам Лукашэнка добрую плаціць?
- Якая тут ужо пенсія. 300 рублёў даюць…
 
- А што будзеце рабіць, калі высяляць будуць. Станцыю ж зусім каля вас пабудуюць? 

- А чорт яго знае, дзе будуць ставіць. Некалькі гадоў пройдзе, пакуль зробяць. Можа, недзе нешта дадуць. 


 
“Да зімы будзем тут дакладна, - дадае ягоная бабуля. - Дроў загатавалі”. 

Дачка Уладзіміра Бразэвіча з канца 1970-х жыве пад Вільняй, адкуль цяперака разам з мужам штотыдзень прыязджае да старых. “Пра гэта будаўніцтва пішуць у СМІ і інтэрнэце - мы з Вільні чуем, але канкрэтна ніхто нічога не кажа, - распавядае жанчына, якая не захацела называць свайго імя. - Не ведаем мы, каго і калі будуць адсяляць. Адны кажуць, што старшыня сельсавету падпісаў паперы на знос нейкага нежылога хутара, але якога - ніхто не ведае. Іншыя раяць тэхнічны пашпарт рабіць. Але ці варта такую халупку рэгістраваць? Каштуе ж гэта нямала, а ці будзе толк?”.

На будучыню хутара дачка гаспадара глядзіць без аптымізму. “А што мы зробім? Мы ж з мужам і не грамадзяне Беларусі. У нас ніхто не пытаецца. Старшыня сельсавету кажа, што будоўля будзе да 2016 года. Але хто возьмецца загадваць. Бацьку ж ўжо 84 гады, і ён апошні жыхар у ваколіцы...”.


 
Першы блок беларускай АЭС плануецца ўвесці ў эксплуатацыю ў 2016 годзе.


Фота аўтара.
-50%
-5%
-10%
-42%
-10%
-30%
-40%
-20%
0072330