Подпишитесь на нашу ежедневную рассылку с новыми материалами

Общество


Дзяржава прымушае беларускіх настаўнікаў пералічыць свой дзённы заробак на карысьць пасяўной ці адпрацаваць у калгасе 1 працоўны дзень. Адмаўляцца ад прапановы раённых адміністрацый можна, але гэта пагражае пазбаўленьнем прэміяў, заробкаў, працоўных месцаў. Тым часам, намесьнік міністра сельскай гаспадаркі сьцьвярджае, што аніякай дапамогі ад настаўнікаў Мінсельгас не прасіў.

"Для рамонту даху патрабуецца 10 добраахвотнікаў, сьпіс якіх мы зараз зачытаем", -- гэтая папулярная яшчэ з савецкай мінуўшчыны хохма вельмі гарманічна дапасуецца да сытуацыі, у якую патрапілі беларускія настаўнікі. Вачыма настаўніцы сярэдняй школкі Дзяржынскага раёну яна выглядае гэтак:

- Нам на прафсаюзным сходзе прапанаваў скінуцца дырэктар. Праўда, ён сказаў, што патрабуюць аднадзённы заробак, але хто колькі захоча - той столькі й дасьць. І сам першы распісаўся ў ведамасьці - 2 тысячы. Мы - хто пяцьсот, хто тысячу, я, прыкладам, тысячу. Ня ведаю, ці гэтым скончыцца, ці будуць з нас патрабаваць усё ж аднадзённы заробак. Ці, яшчэ была альтэрнатыва: можна ў калгасе працаваць 1 дзень, - бульбу саджаць, ці што... Ці грошы аддай - ці ў калгасе адпрацуй.

RR: - А як паставіліся да ўсіх гэтых патрабаваньняў настаўнікі?

-Адказалі маўчаньнем. Усе распісаліся, нехта, як і я, сабе пад нос пабурчаў незадаволена, -- ну дык і ўсё.

Мая суразмоўца не хацела б, каб ейнае імя прагучала ў эфіры. Дырэктар школы папрасіў пра тое самае, але падрабязна патлумачыў абставіны справы: добраахвотная ініцыятыва аказалася насамрэч дырэктывай Дзяржынскага райвыканкаму. У пастанове ад 22 сакавіка "О финансовой поддержке организаций агропромышленного комплекса района для выполнения весенне-полевых работ" даводзіцца: "В целях безусловного выполнения разработанных районом программ по дальнейшему развитию агропромышленного комплекса района исполком решил... провести необходимую организационную и разъяснительную работу по организации проведения субботников 30 марта и 27 апреля с перечислением заработанных средств в размере однодневного заработка в поддержку агропромышленного комплекса".

Калі лягічна разважаць, то ад добраахвотнай дабрачыннасьці можна было б адмовіцца, але насамрэч, патлумачыў мне дырэктар, альтэрнатывы няма:

- Ну, если люди не согласятся, меня конечно поставят по стойке смирно - скажут, что я не умею работать с людьми - и все. Потому я просил людей - согласились, кто тысячу, кто две… Бухгалтер сегодня звонит: "Срочно передавай ведомости, иначе я или премии лишусь, или полечу вообще с работы"… Передал - кто сколько мог, дали…

Тым часам, пакуль настаўнікаў прымушаюць дапамагаць райвыканкаму ў пошуку сродкаў на пасяўную, самі настаўнікі забыліся, калі атрымлівалі грошы - скрушна дадаў мой суразмоўца.

-- Зарплату за март еще не выдали. Дадут не раньше конца апреля. То же самое в прошлом месяце было. Я лично в прошлом месяце заплатил пеню полторы тысячи, потому что зарплату задержали, а крайний срок коммунальных платежей - 15 числа. Так я считаю: разве не мой вклад в агропромышленный комплекс -- пеня в полторы тысячи?

Намесьнік міністра сельскай гаспадаркі Анатоль Дазораў тым часам сьцьвярджае, што пра дапамогу настаўнікаў роднай гаспадарцы анічога ня ведае. Ён выказаў сумніў, што да гэтай справы дачынны Мінсельгас.

А.Д.: - Может быть, я просто своими проблемами занимаюсь и попросту не слышал такого, но в самом деле, не слышал я, чтобы учителя должны были отдать однодневный заработок на алтарь посевной. Совершенно однозначно и очевидно, что, во всяком случае, со стороны сельского хозяйства таких предложений не поступало. Может быть, где-то в каком-то районе есть такое, не могу точно сказать.

Паўстае пытаньне: калі пералічаныя грошы прыйдуць у Мінсельгас, які пра іх нічога ня ведае, што зь імі будуць рабіць: мо, адправяць адкуль прыйшлі?

Юлія Дранчук

Радыё Рацыя
0058648