Главное
Минск
Эксклюзив
Деньги и власть
В мире
Кругозор
Происшествия
Финансы
Недвижимость
Спорт
Авто
Леди
42
Ваш дом
Афиша
Ребёнок.BY
Про бизнес.
TAM.BY
Новости компаний

Программы и проекты TUT.BY
  • Архив новостей
  • Архив новостей
    ПНВТСРЧТПТСБВС
    303112345
    6789101112
    13141516171819
    20212223242526
    272812345
  • Популярное

Общество


Паводле распаўсюджанага сёньня ў Нью-Ёрку дакладу Камітэту абароны журналістаў, мінулы год стаўся адным з найгоршых у гісторыі сродкаў масавае інфармацыі.

"Жахлівы год" – такую характарыстыку атрымаў 2001 год у сёньняшнім дакладзе Камітэту абароны журналістаў. Паводле гэтага камітэту, рэпрэсіўныя дзяржавы скарысталіся з вайны супраць тэрарызму, каб яшчэ больш прыціснуць незалежныя мас-мэдыі. Нью-ёрскі Камітэт абароны журналістаў зафіксаваў больш як 500 выпадкаў, калі супрацоўнікаў сродкаў масавае інфармацыі перасьледавалі, цэнзуравалі, зьбівалі, катавалі або забівалі. Сярод найгоршых летась былі ўлады Кітаю, Расеі, Украіны, Беларусі, Узбэкістану ды Ірану.

Вайна ў Афганістане забрала жыцьці васьмёх рэпартэраў. Усяго летась былі забітыя ў часе выкананьня прафэсійных абавязкаў 37 журналістаў (у 2000 годзе такіх ахвяраў было менш – 24).

Справаздача Камітэту абароны журналістаў зазначае, што большасьць забойстваў адбыліся ня ў выніку асьвятленьня канфліктаў, а былі помстай за тое, што журналісты напісалі.

Павялічылася й колькасьць рэпартэраў, якіх утрымліваюць у турмах, – адразу амаль напалову, хаця цягам апошніх чатырох гадоў гэтая колькасьць скарачалася. Летась за кратамі знаходзіліся 118 журналістаў, прычым большасьць арыштаў адбыліся ў Кітаі – ажно 35. Далей у гэтым сьпісе йдуць Эрытрыя й Нэпал.

Упершыню ў гісторыі нью-ёрскі Камітэт абароны журналістаў уключыў у сьпіс увязьненых грамадзяніна ЗША. Тэхаская свабодная журналістка Ванэса Легіт была арыштаваная за непавагу да суду, а менавіта за адмову перадаць свае запісы прысяжным у справе пра забойства ў 1997 годзе. Камітэт заяўляе, што арышт спадарыні Легіт стаўся дрэнным сыгналам для аўтарытарных уладаў, якія "могуць цяпер быць яшчэ менш стрыманымі ў выкарстыаньні дзяржаўнае ўлады дзеля абмежаваньня свабоды прэсы".

Ванэсу Легіт выпусьцілі на свабоду толькі 4 студзеня, пасьля больш як пяці месяцаў за кратамі. Лічыцца, што яна правяла ў турме больш за любога іншага амэрыканскага журналіста ва ўсёй гісторыі ЗША.

Што да Беларусі, дык справаздача Камітэту абароны журналістаў выказвае заклапочанасьць атакай на свабоду прэсы ў гэтай краіне ды заяўляе, што ёсьць вартыя даверу сьведчаньні пра ўцягнутасьць высокіх чыноўнікаў у зьнікненьне ў 2000 годзе тэлеапэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага.

Юры Сьвірко, Прага